Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print
Набліжаюцца Каляды і Новы год — час, калі жыцьцёвая прастора ва ўсім сьвеце поўніцца надзеямі, пажаданьнямі, марамі і падарункамі. У гэты час людзі як ніколі часта жадаюць адзін аднаму лепшай долі, каханьня ці папросту таго ж самага, чаго зычаць самім сабе. Чаго зычылі адзін аднаму нашыя продкі? Ці можна спадзявацца на ажыцьцяўленьне зычаньняў, якія гучаць за калядным сталом?

Калісьці Новы год беларусы адзначалі ўвесну. Менавіта з тых часоў нам у спадчыну засталіся самыя старажытныя аўтэнтычныя зычаньні, — ад слова “зычыць”. Слова “тост” увайшло ва ўжытак параўнальна нядаўна, распавядае фальклярыст, кіраўнік Таварыства беларускай школы Алесь Лозка:

“Тосты — гэта не спрадвечна беларускае слова. У народзе так не казалі, больш ва ўжытку было “зычаньні”. Гэткія перадкалядныя, пераднавагоднія зычаньні ўтрымліваюцца ў валачобных песьнях. Валачобныя песьні сьпяваліся вясной, перад Новым годам вясеньнім. Быў такі час, калі беларусы адзначалі пачатак году ўвесну. І вось у тых валачобных песьнях — яны вельмі лірычныя, паэтычныя, — там можна знайсьці вельмі шмат цікавых зычаньняў-тостаў. “Каб жылося, былося, елася й пілося, пілося і елася ды яшчэ хацелася”, “Каб жылі, багацелі ды сьпераду гарбацелі”, “Каб столькі было дочак, колькі ў хаце дошчак, а было сынкоў, колькі ў доме сучкоў”… “Каб былі грошы і сані харошы, золата гаршком мералі”…

Як бы гэта ні называлі, — тосты ці зычаньні, — але словы, сказаныя ў часе сьвяткаваньня Калядаў, Новага году, могуць уплываць на фізычнае, матэрыяльнае жыцьцё. Гэткай думкі трымаецца этнакультуроляг Антаніна Хатэнка:

“Новы год і наагул зьмена году — гэта глябальная маштабная зьява нашых плянаваньняў, якія мы закладаем як праекты. Прынамсі, можам закласьці як праекты і зьдзяйсьняць цягам году”.

Але каб нажаданае ў навагоднюю ці калядную ноч зьдзяйсьнялася,
Трэба жадаць асэнсавана, і пасьля Новага году памятаць пра тое, чаго зычыў сабе ды іншым.
трэба і жадаць асэнсавана, і пасьля Новага году памятаць пра тое, чаго зычыў сабе ды іншым:

“На што грашыць чалавек? Ён зычыць, жадае іншаму альбо сабе, а пасьля забываецца на гэта. Мы больш успрымаем зычаньні вэрбальна, гукава, чым сэнсава. Мы забыліся, што слова ёсьць матэрыялізаваная думка, а думка ёсьць магутная сіла, практычна адзіная сіла, якая можа пераўтвараць сьвет, нас і нашыя жыцьці”.

А слова, сказанае ў атмасфэры калектыўнага чаканьня сьвята і веры ў цуд, можа мець сілу значна большую, кажа спн. Хатэнка:

“Навагоднія зычаньні-пажаданьні падмацаваныя ўсёй каляднай магіяй. Магутны імпульс, штуршок да новага вітка, да новага жыцьця. Калі б мы ні патраплялі ў сытуацыю жаданьня, плянаваньня, праектаваньня нечага мройнага, жаданага, чаканага, важна сканцэнтравацца на думцы, што гэта можа быць рэальным. Што я прамаўляю — і слова ўжо зафіксавалася ў прасторы. Яно ўжо дзейнічае. І калі я яго забудуся, яно заблудзіць…”

Віктар Шалкевіч — бард, вядоўца сьвяточных імпрэзаў і тамада. Паводле ягонага досьведу, сучасныя беларусы мала думаюць пра сілу слова, калі прамаўляюць зычаньні. І часта ня могуць пахваліцца дасьціпнымі тостамі проста з-за таго, што не рыхтуюцца:

“Людзі рэагуюць на нешта незвычайнае заўсёды. На нейкую сьмешную гісторыю, нечаканы паварот, на нешта дасьціпнае. Пры ўсім пры тым маса людзей ня ўмее гаварыць тосты, таму што яны проста не рыхтуюцца, яны думаюць, што ім нешта добрае ў галаву прыйдзе само ў апошні момант, і ўсе справы. Аднойчы вёў сьвяточнае мерапрыемства. Чалавеку 50, шмат людзей сабралося. Я кажу — ну, давайце створым сьвяточны настрой, тое-сёе, пятае-дзясятае… дайшло да віншаваньняў. І пачалося: „Дорогой Сергей Степановіч! Вот і стукнуло тебе 50 лет…“ Як на могілках, карацей”…

Але ня ўсе такія, сьведчыць сьпявак і фальклярыст Аляксей Галіч зь Менску.

Ён ведае старадаўнія зычаньні нават у форме сьпеваў. Адно зь іх — “Будзь Ваша здароў” :

Будзь ваша здароў,
Як рыжак бароў.
Гэй, каляда, калядзіца!
Май торбу грошай,
Жыві ў раскошы.
Гэй, каляда, калядзіца!
Май усяго даволі,
А бяды ніколі.
Гэй, каляда, калядзіца!
Стары год канчаем,
Новы пачынаем.
Гэй, каляда, калядзіца!
З раньняю вясною,
З буйнаю травою.
Гэй, каляда, калядзіца!
Ды з прыемным летам,
Ды з громам пры гэтым.
Гэй, каляда, калядзіца!
Ды з восеньню яснай,
Ды з долечкай шчаснай.
Гэй, каляда, калядзіца!
Бывай жа здароў
Ды з усёй сям’ёй.
Гэй, каляда, калядзіца!

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG