Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Макаеў: Няправільна, што наш лёс вырашаецца бяз нас


Марш прадпрымальнікаў, 18 сьнежня 2008

Марш прадпрымальнікаў, 18 сьнежня 2008

Сёньня Аляксандар Лукашэнка правёў нараду ў пытаньнях рэгуляваньня прадпрымальніцкай дзейнасьці. Ён скрытыкаваў і ўрадавых чыноўнікаў, і саміх прадпрымальнікаў за тое, што за столькі гадоў супярэчнасьці ня толькі ня вырашаныя цывілізаваным шляхам, а наадварот, усьцяж нагрувашчваюцца адна на адну. Лукашэнка так і ня даў адназначнага адказу: ці зазнае дзейнасьць індывідуальных прадпрымальнікаў істотныя зьмены ў бліжэйшай пэрспэктыве? Аднак задаўся пытаньнем: дзе гарантыя, што дзякуючы мытнай палёгцы ў Беларусь не паплывуць тавары на мільярды даляраў, тым самым паставіўшы пад сумнеў цяперашнюю стабільнасьць?

Лідэр аб’яднаньня прадпрымальнікаў “Пэрспэктыва” Анатоль Шумчанка перакананы: сёньняшняя нарада стала вынікам “Маршу прадпрымальнікаў” 15 сьнежня. Удзельнікі акцыі прынялі рэзалюцыю, у якой вылучылі шэраг прапановаў дзяржаўным структурам:

Анатоль Шумчанка
“Сёньня фактычна быў пачуты і быў успрыняты Лукашэнкам адзін з пунктаў рэзалюцыі. Мы гаварылі пра тое, што рэкамэндуем прэзыдэнту разглядзець пытаньні, зьвязаныя з кампэтэнтнасьцю ўрадавых чыноўнікаў, адказных за працу з прадпрымальнікамі. Бо менавіта чыноўнікі дапусьцілі ўзьнікненьне ўмоваў для таго, каб сытуацыя пагоршылася. Таксама адным з пунктаў рэзалюцыі было захаваньне папярэдніх умоваў працы. Гэта таксама мы сёньня ўбачылі, але так, што гэта „прапанова ўраду“, які ні дзіўна. Насамрэч тое, што на сёньняшні дзень ня вырашаныя пытаньні з прадпрымальнікамі, — адназначна недапрацоўка органаў улады, якія маюць справу з прадпрымальнікамі. „Пэрспэктыва“ і іншыя прадпрымальніцкія структуры цягам году выходзілі з папярэджаньнямі: у нас вялікія праблемы наперадзе, і іх трэба вырашаць”.

Ад 1 студзеня 2009 году пачынае дзейнічаць палажэньне, паводле якога касуецца фіксаваны падатак на ўвезены тавар. Трэба будзе афармляць падатак на кожнае найменьне тавару. Паколькі большасьць гандляроў атаварваюцца на расейскіх рынках, дзе афармляць патрэбныя дакумэнты практычна немагчыма, то ад указу пацярпяць сама меней 120 тысяч гандляроў, якія будуць вымушаныя спыніць дзейнасьць. Такая пэрспэктыва прымусіла распачаць кампанію супраціву: 10 сьнежня па ўсёй Беларусі прайшоў папераджальны страйк, 15-га адбыўся “Марш прадпрымальнікаў”.

Сёньня Аляксандар Лукашэнка запатрабаваў ад падначаленых “без сацыяльных ускладненьняў і палітычнага ажыятажу” праводзіць адносна індывідуальных прадпрымальнікаў узважаную эканамічную палітыку. Ён паведаміў, што, спасылаючыся на сусьветны фінансавы крызіс, урад прапанаваў адтэрмінаваць зьмены ў дзейнасьці прадпрымальнікаў. Кіраўнік краіны ўдакладніў: наступствы крызісу ўлічваць трэба. Аднак быў засмучаны тым, што чарговым разам выявілася “поўная негатовасьць як прадпрымальнікаў, так і ўраду цывілізаваным шляхам вырашыць даўно насьпелую праблему”.

Ці шчыры Аляксандар Лукашэнка ў словах пра прадпрымальнікаў, да якіх ён ніколі ня меў цёплых пачуцьцяў? Чаму ў такім выпадку не былі запрошаныя на нараду лідэры прадпрымальніцкага руху? Вось што наконт гэтага кажа лідэр Каардынацыйнай рады прадпрымальнікаў Аляксандар Макаеў:

Добры знак, што Лукашэнка ўрэшце зьвярнуў увагу на праблемы індывідуальных прадпрымальнікаў.
Аляксандар Макаеў
“Канечне, сытуацыя ненармальная, што без малога бізнэсу, без удзелу прадпрымальнікаў гэта ўсё вырашаецца. Але, зь іншага боку, добры знак, што Лукашэнка ўрэшце зьвярнуў увагу на праблемы індывідуальных прадпрымальнікаў, на якіх ён дэманстратыўна не зьвяртаў увагі амаль што год. Бо ўсе навокал думалі, што ў нас усё добра. Нібыта нам і лібэралізацыю абвясьцілі, і цацанкі розныя паабяцалі, маўляў, прадпрымальнікі здолеюць працаваць і ніякіх праблемаў ня будзе. Можа, кіраўніку краіны і ня варта займацца такімі справамі, але тут вырашаецца лёс соцень тысяч людзей, і таму зроблена правільна, што сёньня адбылася нарада, цалкам прысьвечаная дзейнасьці прадпрымальнікаў. Іншая справа, які ад гэтай нарады пазытыў будзе ці, наадварот, нэгатыў. Гэтага мы пакуль ня ведаем”.

Адзін зь лідэраў прадпрымальнікаў, віцяблянін Сяргей Парсюкевіч сёньня ў Менску атрымаў прэмію грамадзянскай ініцыятывы “Хартыя-97”. Скарыстаўшы нагоду, ён сустрэўся зь менскімі паплечнікамі. Цікаўлюся, як ён ацэньвае вынікі прэзыдэнцкай нарады?

Сяргей Парсюкевіч
“У мяне даўным-даўно ўзьнікала адчуваньне:
Лукашэнка кажа адно — тое, што хочуць пачуць людзі, а робіць проста супрацьлеглае.
Лукашэнка кажа адно — тое, што хочуць пачуць людзі, а робіць проста супрацьлеглае. Прынамсі, гэтаму вельмі шмат прыкладаў. А тое, што ён цяпер гэтую тэму закрануў, то далей ужо няма куды зацягваць. Літаральна нейкі тыдзень застаўся да таго моманту, калі вельмі шмат людзей могуць рэальна страціць працу. А ў сытуацыі, калі чалавек ня мае сродкаў да існаваньня, ён шмат на што здатны. Да таго ж і мы, адназначна, гэтае пытаньне не прапусьцім, будзем змагацца за свае правы. І што ўрэшце з гэтага можа атрымацца, мяркую, ён ужо сам разумее”.

Ад прыняцьця ўказу аб рэгуляваньні прадпрымальніцкай дзейнасьці мінула больш за тры гады. Аднак, як падкрэсьліў Лукашэнка, за гэты час практычна нічога ня зроблена, каб спрасьціць мытнае афармленьне, стварыць гуртовыя склады ў кожнай вобласьці пад цэнтралізаваны ўвоз тавараў. Як кажа Анатоль Шумчанка, “Пэрспэктыва” неаднаразова прапаноўвала ўраду ўмовы легалізацыі паставак тавараў, а ў 2005 годзе была прапанова стварыць склады часовага захоўваньня на базе віцебскага аэрапорту. Аднак усе заклікі былі праігнараваныя.
XS
SM
MD
LG