Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Выпускаюць тое, што ня могуць прадаць


Многія беларускія прадпрыемствы, якія працуюць у цеснай каапэрацыі з Расеяй, апошнім часам вымушаныя прыпыняць дзейнасьць. Адрасы крытычных сытуацыяў называюць карэспандэнты “Свабоды”.

Жодзіна. Двары БелАЗу застаўленыя непрададзенымі самазваламі

На тэрыторыі вытворчага аб’яднаньня БелАЗ у Жодзіне назапашваецца гатовая прадукцыя. Гіганцкія самазвалы відаць нават з-за высокай агароджы. Зьявіліся інфармацыя, што ў лістападзе і сьнежні БелАЗ прадаў толькі палову з таго, што выраблена. Вось што паведаміў сёньня “Свабодзе” грамадзкі актывіст з Жодзіна Аляксандар Камароўскі:

“Не прадаецца тэхніка! Навошта хлусіць? Але ж у гэтым асаблівасьць беларускай дзяржавы. Заяўляюць, што крызісу няма, а насамрэч двор застаўлены гатовымі самазваламі. Месячны заробак рабочаму клясу зрэзалі на 200 тысяч рублёў. І гэта лякальныя дадзеныя. А вось што робіцца ў маштабе — трымаецца за вялікі сакрэт”.

Са словаў суразмоўцы, пытаньні аб скарачэньні працоўнага тыдня і адпачынках за свой кошт вырашаюцца на ўзроўні адміністрацыі прэзыдэнта. Для гэтага на прадпрыемстве працуе цяпер спэцыяльная камісія.

Ліда. “Зьмены ў нас толькі ў горшы бок”

У Лідзе на складах досьледнага заводу “Нёман” сабралася нямала прадукцыі, якую ня могуць рэалізаваць.

Досьледны завод “Нёман”, што ў Лідзе, займаецца зборкай аўтобусаў і пастаўляе іх на ўнутраны рынак, у Расею й Армэнію. Начальнік вытворчасьці Іван Янюк кажа, што праблемы на прадпрыемстве былі й да крызісу, а цяпер яшчэ павялічыліся.

“Зьмены ў нас толькі ў горшы бок. Няма абаротных сродкаў, а банкі крэдытаў не даюць, бо ў нас ня выплачаныя тыя крэдыты, якія мы бралі раней. А ня выплачаныя таму, што ня можам рэалізаваць прадукцыю, якая ляжыць на складах”.

Начальнік вытворчасьці лідзкага прадпрыемства кажа, што цяпер нестае дэталяў і камплектуючых, і набываць іх няма за што.

Што тычыцца графіку працы прадпрыемства, то яго пакуль не зьмянялі.

“Пакуль працуем паводле графіку. Ня ведаю, як там у студзені будзе, пакуль вырашаем. Магчыма, адміністрацыя пагуляе, а вытворчасьць спыняць не плянуем”.

Магілёў. Прадпрыемства “Стужка” скарачае працоўны тыдзень

Найбуйнейшы ў Беларусі вытворца тэкстыльнай галянтарэі, магілёўскае прадпрыемства “Стужка”, сутыкнулася зь фінансавымі праблемамі. Яго кліенты, шэсьцьдзесят працэнтаў якіх — расейцы, ня могуць разьлічыцца за пастаўленую прадукцыю.

Паводле генэральнай дырэктаркі прадпрыемства Ніны Пятровай, экспарт у Расею зьнізіўся на 20 працэнтаў.

“За тры апошнія месяцы мы недалічыліся двух з паловай мільярдаў рублёў”, — зазначае яна.

“Мы ніколі не працавалі па перадаплаце. У нас звычайна трыццаць дзён адтэрміноўка плацяжоў. Мы ўжо гэтыя адтэрміноўкі адпрацавалі, то бок у нашых кліентаў ляжаць гэтыя грошы. А яны ня могуць нам праплаціць. А мы ня можам купіць сыравіну й ня можам у час разьлічвацца па заробках”, — тлумачыць сытуацыю спадарыня Пятрова.

На выплату заробкаў і набыцьцё сыравіны патрэбныя крэдыты, а іх банкі не даюць.

“Самі справіцца ня можам, бо нестае абаротных сродкаў. Будзем скарачаць працоўны тыдзень, бо ня можам прадаць тое, што вырабілі. У выніку атрымліваецца, што кладзем прадукцыю на склад, а гэта непажадана, вядома”, — зазначае Ніна Пятрова.

Пры канцы лістапада група кіраўнікоў магілёўскіх прадпрыемстваў, сярод якіх была й Ніна Пятрова, зьвярнулася да ўраду з просьбай стварыць пры ім фонд падтрымкі прадпрыемстваў-экспартэраў, каб кампэнсаваць страты ад сусьветнага фінансавага крызісу. Рашэньне па гэтай просьбе яшчэ не прымалася.
XS
SM
MD
LG