Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Полаччына: умовы для бізнэсу — хоць уцякай


Уладзімер Захараў, уладальнік шэрагу гандлёвых цэнтраў у Полацку і Наваполацку, аддаў загад зачыніць крамы на знак пратэсту супраць неспрыяльных умоваў для разьвіцьця прадпрымальніцтва і гандлю. Полацкі гарвыканкам раіць найманым работнікам прыцягнуць бізнэсоўца да суду.

Полацкім і наваполацкім прадпрымальнікам перадалі распараджэньне ўладальніка найбуйнейшых гандлёвых цэнтраў сёньня ўраньні. Паводле Сяргея Сьпірыдовіча, які мае краму ў полацкім гандлёвым цэнтры “Стралецкі кірмаш”, зьвязацца з самім Уладзімерам Захаравым было немагчыма ўжо з учорашняга дня. На тэлефонныя званкі не адказваюць нават ягоныя намесьнікі:

“Ён ні з кім ня йдзе на кантакт, яго ніхто ня можа знайсьці! Захараў адно перадаў,
Ён кажа, што яму абрыдлі праверкі.
што ён больш працаваць ня будзе, зачыніў усе свае крамы — і тут, і ў Віцебску, і ў Менску, і ў Магілёве, і ў Берасьці — паўсюль! Ён кажа, што яму абрыдлі праверкі. І мы ведаем, што яго ўсё ціснуць, ціснуць і ціснуць. А калі на чалавека ціснуць, ціснуць ды ціснуць, дык можна й даціснуць! Я яго цалкам разумею!”

Прадпрымальнік распавёў, што ён і ягоныя калегі сёньня зранку хадзілі ў Полацкі ды Наваполацкі гарвыканкамы, каб даведацца пра свае пэрспэктывы. Ім адказалі, што гандлёвыя цэнтры Захарава — гэта ягоная прыватная ўласнасьць, і чыноўнікі ня могуць уплываць на ягонае рашэньне — аднак будуць шукаць нейкіх мэханізмаў, каб змусіць бізнэсоўца ўсё ж адчыніць крамы. Прадпрымальнікам параілі зьвярнуцца ў суд, каб прыцягнуць Уладзімера Захарава да адказнасьці за парушэньне заключаных працоўных дамоваў.

Сяргей Сьпірыдовіч кажа, што думкі прадпрымальнікаў пра ўчынак уладальніка самай буйной у рэгіёне сеткі гандлёвых цэнтраў падзяліліся:

“Хто за яго: маўляў, Захараў зачыніў крамы,
У кожнага тавар, кожны разьлічваў на добры гандаль у гэтыя апошнія дні.
бо прадпрымальнікі ў такіх умовах працаваць далей ня змогуць, гэта немагчыма. А хто кажа, што няхай бы да Новага году яшчэ працавалі. Бо ў кожнага тавар, кожны разьлічваў на добры гандаль у гэтыя апошнія дні. Мы ж зараз плацім фіксаваны падатак, аднак пасьля Новага году мусім сплаціць рэшту — а гэта ўяўляеце, якія вялікія грошы! Таму — няхай бы адчынілі да Новага году гэтыя кірмашы, далі людзям дагандляваць. Але, падобна, не дадуць”.

Пэўныя нязручнасьці спыненьне гандлю прынесла і пакупнікам, якія стала набываюць прадукты і прамысловыя тавары ў гандлёвых цэнтрах Уладзімера Захарава. Але шмат хто з пакупнікоў і прадпрымальнікаў пэўны, што свой пратэст супраць дрэнных умоваў прадпрымальніцкай дзейнасьці бізнэсовец адмыслова прымеркаваў да гэтых пераднавагодніх дзён — каб наступствы ягонага асабістага страйку былі найбольш відавочныя для ўладаў.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG