Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У расейцаў няма грошай для магілёўцаў


Найбуйнейшы ў Беларусі вытворца тэкстыльнай галянтарэі, магілёўскае прадпрыемства “Стужка”, сутыкнулася зь фінансавымі праблемамі.

Яго кліенты, шэсьцьдзесят працэнтаў якіх — расейцы, ня могуць разьлічыцца за пастаўленую прадукцыю. Гэта ўжо прывяло да сур’ёзнай нястачы абаротных фінансавых сродкаў. Прадпрыемства ня можа набыць сыравіну й выплаціць сваім працаўнікам заробкі.

Паводле генэральнай дырэктаркі прадпрыемства Ніны Пятровай, экспарт у Расею зьнізіўся на 20 працэнтаў.

“За тры апошнія месяцы мы недалічыліся двух з паловай мільярдаў рублёў”, — зазначае яна.

“Мы ніколі не працавалі па перадаплаце. У нас звычайна трыццаць дзён адтэрміноўка плацяжоў. Мы ўжо гэтыя адтэрміноўкі адпрацавалі, то бок у нашых кліентаў ляжаць гэтыя грошы. А яны ня могуць нам праплаціць. А мы ня можам купіць сыравіну й ня можам у час разьлічвацца па заробках”, — тлумачыць сытуацыю спадарыня Пятрова.

На выплату заробкаў і набыцьцё сыравіны патрэбныя крэдыты, а іх банкі не даюць.

“Самі справіцца ня можам, бо нестае абаротных сродкаў. Будзем скарачаць працоўны тыдзень, бо ня можам прадаць тое, што вырабілі. У выніку атрымліваецца, што кладзём прадукцыю на склад, а гэта непажадана, вядома”, — зазначае Ніна Пятрова.

Пры канцы лістапада група кіраўнікоў магілёўскіх прадпрыемстваў, сярод якіх была й Ніна Пятрова, зьвярнулася да ўраду з просьбай стварыць пры ім фонд падтрымкі прадпрыемстваў-экспартэраў для кампэнсацыі стратаў ад сусьветнага фінансавага крызысу. Рашэньне па гэтай просьбе яшчэ не прымалася.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG