Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Маскве прайшлі перамовы паміж кіраўнікамі Расеі і Беларусі. Напярэдадні іх меркавалася, што ў цэнтры сустрэчы лідэраў будзе кошт газу для Беларусі на 2009 год. Але нечакана высьветлілася, што Беларусь папрасіла новы крэдыт у Расеі памерам 100 мільярдаў расейскіх рублёў – гэта каля трох з паловай мільярдаў амэрыканскіх даляраў.

Магчымы крэдыт наўпрост зьвязаны з пераходам у гандлі Расеі і Беларусі з амэрыканскіх даляраў, як гэта робіцца дагэтуль, на расейскія рублі. Менавіта гэтым беларускі бок тлумачыць жаданьне атрымаць чарговы крэдыт не ў далярах, а ў расейскіх рублях. Вось што кажа на гэты конт загадчык аддзелу Беларусі Інстытуту краін СНД у Маскве Аляксандар Фадзееў:

“Яшчэ раней беларускі бок запрошваў грошы, менавіта ў расейскіх рублях, для таго, каб перайсьці ў разьліках за энэргарэсурсы (ня толькі за газ, але і за нафту) на расейскі рубель. То бок, Беларусь вырашыла, што тэхнічна гэта будзе выглядаць так: Расея выдае (мабыць, пад нулявы працэнт) крэдыт у рублёвай масе. І з гэтых грошай Беларусь разьлічваецца за энэрганосьбіты. Але я думаю, што такі варыянт не задаволіць расейскі бок”.

Вядома, што беларускі бок просіць крэдыты ня толькі ў Маскве. Працягваюцца перамовы зь Міжнародным валютным фондам пра два мільярды даляраў. А днямі Аляксандар Лукашэнка сказаў, што Беларусь зьвярталася за крэдытам у 5 мільярдаў даляраў да Злучаных Штатаў Амэрыкі. А што тычыцца маскоўскага крэдыту, то кіраўнік дасьледчага цэнтру Мізэса Яраслаў Раманчук не перабольшвае ягонае значэньне, нават калі Расея на гэта і пойдзе:

“Ну, гэта ўратуе сытуацыю на квартал-два. Можна будзе да чэрвеня перавесьці дыханьне, зрабіць дэвальвацыю, перагрупоўку сіл. Але справа ў тым, што прычыны, якія ўцягваюць нас у гэты вір, застаюцца. І калі мы нічога ня будзем рабіць з прычынамі, якія павялічваюць нашу запазычанасьць і робяць гандлёвы дэфіцыт з Расеяй такім вялізным, то патрэбна будзе ўзяць яшчэ пяць мільярдаў даляраў”.

Літаральна пяць дзён таму Лукашэнка назваў пытаньне пра цану газу для Беларусі найважнейшым на крамлёўскіх перамовах. Але дакладных лічбаў дагэтуль нідзе ня бачна. Ёсьць спасылка на прэсавага сакратара Дзьмітрыя Мядзьведзева Натальлю Цімакову. Яна, як перадае “Прайм-ТАСС”, сказала, што прэзыдэнты дамовіліся пра прынцыпы паставак і аплаты расейскага газу ў Беларусь у 2009 годзе. Але ж ніякіх лічбаў і яна не называе.

БелТА са спасылкай на крыніцу ў беларускай дэлегацыі перадае, што нібыта цана на расейскі прыродны газ на 2009 год узгодненая на даволі прымальных для Беларусі ўмовах.

А вось маскоўскі палітоляг Андрэй Суздальцаў кажа, што наконт цэнаў бакі пакуль не дамовіліся:

“Цаны няма – значыць, не дамовіліся. Найхутчэй пацьвердзілі старую формулу. І, мабыць, у сувязі з падзеньнем коштаў на нафту, кошты будуць невысокія. Але калі б была лічба, яе б назвалі. Не атрымліваецца”.

У першым квартале 2008 году для Менску цана газу складала 119,53 даляра за тысячу кубамэтраў, а далей — 127,9 даляра. Расейскае выданьне «Коммерсант» адзначае, што цана на газ для Беларусі можа залежаць ад двух палітычных чыньнікаў: прызнаньня Паўднёвай Асэтыі й Абхазіі, а таксама павелічэньня долі «Газпрому» ў «Белтрансгазе».

У лістападзе 2008 году Расея і Беларусь падпісалі пагадненьне, што Беларусь атрымае 2 мільярды даляраў ЗША стабілізацыйнага крэдыту ў 2008-2009 гадах. Першую частку крэдыту – 1 мільярд даляраў – Беларусь ужо атрымала. Другую Расея павінна прадаставіць да 28 лютага. Крэдыт выдаецца на 15 гадоў з 5-гадовай адтэрміноўкай па асноўнаму доўгу паводле стаўкі LIBOR+3%. У сьнежні 2007 году Расея выдзеліла Беларусі 1,5 мільярдаў стабілізацыйнага крэдыту на 15 гадоў пад LIBOR+0,75% з адтэрміноўкай выплаты на 5 гадоў.
XS
SM
MD
LG