Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сьлед ад чаравіка, кінутага ў Джорджа Буша


Газ, крызіс і лібэралізацыя Прэзыдэнт Лукашэнка як ахвяра цэнзуры і “Советская Белоруссия” як трыбуна апазыцыі Які сьлед ва ўсясьветнай палітыцы пакіне чаравік, кінуты ў Джорджа Буша? Гэтыя ды іншыя тэмы – у чарговым “Тыдні з Радыё Свабода”. Вядучы – дырэктар беларускай службы радыё Свабода Аляксандар Лукашук, удзельнікі перадачы – аналітыкі Юры Дракахруст і Ян Максімюк супрацоўніцы службы Ганна Соўсь і Алена Ціхановіч.

Лукашук:
Газ, крызіс і лібэралізацыя, здаецца, на вачах мяняюць палітычны ляндшафт Беларусі. Зарэгістраваны апазыцыйны рух Аляксандра Мілінкевіча “За Свабоду”, газэта адміністрацыі прэзыдэнта “Советская Белоруссия” друкуе на беларускай мове артыкул філёзафа Оргіша – вядомага жорсткага крытыка ўлады, які заклікае адмовіцца ад культуры барыкадаў. Мітынг прадпрымальнікаў прайшоў мірна, без затрыманьняў, праўда, і без палітычных патрабаваньняў.
Чаму гэта адбываецца і што гэта значыць? Юры.

Дракахруст: Ну, зьмены яшчэ больш глыбокія. Спадар Оргіш у “Народнай волі” звычайна друкуецца па-расейску, а ў “Советской Белоруссии” чамусьці вырашыў друкавацца па-беларуску. Што тычыцца Вашага пытаньня, то я б сказаў так – па-другое, гэтыя зьявы, якія мы бачым, маюць прычынай выпрабаваўчы тэрмін, дадзены на паўгодп Эўропай. Беларускай уладзе дадзенае “заданьне”, і яна яго выконвае, як умее і як можа, каб нармалізаваць адносіны з Эўропай.

Лукашук: Я нагадаю слухачам, што гаворка ідзе пра прыпыненьне візавых санкцый супраць беларускага кіраўніцтва.

Дракахруст: Але калі Беларусь будзе ацэненая станоўча, то ня проста будуць скасаваныя гэтыя санкцыі. Беларусь зможа тады шмат што атрымаць ад Эўропы. Але гэта – па-другое. А, па-першае, прычына такіх крокаў – крызіс. І беларуская ўлада паводзіць сябе, як любая аўтарытарная ўлада ў крызісе – грамадзтва ня трэба злаваць, трэба пэўным чынам “выпускаць пару”, трэба задавальняць пажаданьні больш памяркоўнай часткі апазыцыі і незадаволенай часткі грамадзтва ў цэлым. Бо менавіта зараз барыкады і могуць стаць рэчаіснасьцю.

Свабода на Белсаце 20.12.2008, Частка 1


Лукашук: Ян, а на ваш погляд, чаму зараз мяняецца палітычны ляндшафт? Калі Вы згодны з высновай, што ён мяняецца.

Аўтар заклікае апазыцыю зыходзіць з барыкадаў, але пытаньне – куды?
Максімюк:
Я ня ведаю, ці мяняецца ляндшафт. Мне здаецца, што ў Беларусі наступае павольнае пацяпленьне палітычнага клімату, якое не мяняе палітычнага надвор’я. Улада ідзе на такія саступкі, якія, фактычна, не мяняюць палітычны status quo. Рух Мілінкевіча зарэгістравалі з чацьвёртага заходу, гэтая эпапэя цягнецца ўжо другі год, ён не ўяўляе для ўлады ніякай небясьпекі. Я ня ведаю, чаму артыкул доктара Оргіша зьявіўся ў “СБ” па-беларуску. Але шкада, што гэты артыкул не зьявіўся перад выбарамі. Аўтар заклікае апазыцыю зыходзіць з барыкадаў, але пытаньне – куды? Калі сысьці з барыкадаў і пайсьці вырошчваць гуркі на дачу, дык апазыцыя такую параду не паслухае. У кожнай іншай краіне вакол Беларусі, акрамя Расеі, у апазыцыі ёсьць месца ў сыстэмнай палітыцы.

Лукашук: Я б хацеў вярнуцца да рэгістрацыі руху “За свабоду”. Усё ж адбываецца легітымізацыя апазыцыі, у беларускіх умовах яна вельмі часта ня мае ні памяшканьня дзе сабрацца, ні магчымасьці выступіць афіцыйна. Ці ня ёсьць гэтая рэгістрацыя вяртаньнем у сыстэмнасьць?

Максімюк:
Напэўна, ёсьць. Але пабачым, калі падыдзе нейкая сур’ёзная палітычная кампанія, калі гэты рух праверыць свае магчымасьці ў дзеяньні. Але пагаджуся з вашай думкай, што лепш позна, чым ніколі, што легітымізацыя руху Мілінкевіча, “Народнай волі” і “Нашай нівы” – гэта станоўчыя крокі.

Лукашук: Тут варта ўзгадаць, колькі людзей было перасьледавана, аштрафавана, выключана з ВНУ, звольнена з працы за ўдзел у незарэгістраваных арганізацыях.

На гэтым тыдні “International Herald Tribune” на першай паласе надрукавала артыкул пра Беларусь. На фотаздымку да артыкулу тры байцы спэцназу выходзяць з кабінак для галасаваньня ў Жодзіне. Загаловак – “Беларусь і ілюзія дэмакратыі”. Адна з тэзаў артыкулу – лідэры тыпу Лукашэнкі усё ж хочуць мець дэмакратычную легітымнасьць і таму гуляюць у дэмакратычныя формы. Што здольнае ператварыць ілюзію у рэальнасьць? Юры, як вы мяркуеце?

Дракахруст: Я б тут прыгадаў формулу Леніна – калі вярхі ня могуць, а нізы ня хочуць жыць па-старому. І мы ведаем гэта па савецкім досьведзе. Ужо наколькі нікчэмнай, пустой формай былі саветы, гэта быў бясьсільны прыдатак партыйнага апарату. Але ў гады перабудовы гэтая пустая форма напаўнілася сілай і стала моцным маторам пераменаў.

Максімюк: Тое, што сказаў Юры, прагучала для мяне крыху фаталістычна. Паводле яго, у пэўныя моманты гісторыі муляжы робяцца жывымі палітычнымі істотамі. Мяне б пераканала справядлівая і празрыстая кампанія выбараў у мясцовыя саветы, больш-менш паводле дэмакратычных нормаў.

Дракахруст: У беларускіх умовах перамогу будзе азначаць не перамога апазыцыі на выбарах, перамогай будуць ужо самі па сабе свабодныя выбары. Самі свабодныя выбары будуць вынікам таго, што рэжым абрынуўся.

Прэзыдэнт Лукашэнка як ахвяра цэнзуры і “Советская Белоруссия” як трыбуна апазыцыі

Лукашук: Рэдкі, анэкдатычны выпадак адбыўся на гэтым тыдні. Аляксандар Лукашэнка стаў ахвярай цэнзуры. У гэты панядзелак “Белта” апублікавала на сваім сайце заявы, зробленыя ім у Беразіне. Але літаральна праз гадзіну некаторыя з гэтых заяваў загадкава зьніклі з сайту афіцыйнага інфармацыйнага агенцтва. Тое самае адбылося з тымі ж самымі словамі кіраўніка дзяржавы і на сайце паўафіцыйнага “Інтэрфаксу”. А гавораць, што толькі незалежны друк пакутуе ад цэнзуры. Якія менавіта прызнаньні кіраўніка дзяржавы “Белта” прыбрала са свайго сайту?

Дракахруст: Паводле “Белта” кіраўнік Беларусі паскардзіўся, што “перамовы з Расеяй па газу штогод ідуць цяжка”, і заўважыў, што і сёлета сытуацыя будзе аналягічнай. Акрамя таго, ён паабяцаў, што ў бліжэйшы час сустрэнецца з кіраўніцтвам Расеі для абмеркаваньня менавіта газавага пытаньня. Пры гэтым ён дадаў, што пэрспэктывы, зыходзячы з усясьветных цэнаў, неблагія. Вось менавіта гэтыя словы і пратрымаліся на сайце “Белта” літаральна гадзіну.

Максімюк: Можна дапусьціць, што на той час, калі паведамленьне пайшло ў сьвет, візыт Аляксандра Лукашэнкі ў Масквы ня быў запэўнены на 100%, а ўсё яшчэ ўдакладняўся парадак дня або ставіліся не зусім прыемныя для Менску ўмовы, ад якіх залежала, што такая сустрэча ўвогуле адбудзецца. У аўторак патрэбныя ўдакладненьні адбыліся, і ўжо “ІТАР-ТАСС” паведаміў, што сустрэча Лукашэнка-Мядзьведзеў адбудзецца 22 сьнежня.

Лукашук: Юры, а на ваш погляд, чаму гэтыя заявы былі цэнзураваныя?

Дракахруст:
У працяг тлумачэньня Яна. Магчыма, Масква хацела, каб яна першай абвясьціла пра сустрэчу. Тут варта прыгадаць скандальны зрыў пасяджэньня Вышэйшага савету саюзу Беларусі і Расеі, які меркавалася правесьці 1 сьнежня. А наагул гэтая цэнзура адлюстроўвае вельмі нэрвовую сытуацыю ў двухбаковых дачыненьнях. Магчыма, палічылі недарэчнай фразу пра неблагія перамоўныя пэрспэктывы. Лепш пра пэрспэктывы распавядаць за сталом закрытых перамоваў, а не публічна. Ня выключана, што вырашылі не злаваць без патрэбы дарагога саюзьніка.

Лукашук: Вось наконт пэрспэктываў – і ня толькі газавых. Экспэрты ва ўсім сьвеце лічаць, што ўсясьветны крызіс яшчэ далёка не дасягнуў “дна”. Гэта тычыцца і Беларусі. Чаго, паводле ацэнак эканамістаў, ёй яшчэ варта чакаць, у чым менавіта “няпростымі” будуць наступны і, магчыма, той, што пасьля яго, пра што гаварыў у Беразіне Лукашэнка? Юры, на ваш погляд, што ў пэрспэктывах крызісу хвалюе яго больш за ўсё?

Дракахруст: Хвалюе тое, што крызіс, пра які заяўлялася, што ён абміне Беларусь, насоўваецца ўсё больш выразна. Паколькі крызіс пачаўся, як фінансавы, то здавалася, што якраз з прычыны неразьвітасьці беларускага фінансавага рынку ён Беларусь ня надта і закране. Але ён закранае ўскосна. Крызіс паўсюль, падае попыт, у тым ліку і попыт на беларускую прадукцыю. А беларуская эканоміка – адкрытая, значная частка яе прадукцыі ідзе на экспарт.

Максімюк: Крызіс заўсёды прыходзіць у Беларусь з Расеі, у форме, якую мы ўжо ведалі і раней. У расейскіх пакупнікоў няма грошай, каб плаціць за беларускую прадукцыю, а таму беларускія склады затаварваюцца, кіраўніцтва заводаў ня мае чым плаціць работнікам і пасылае іх у вымушаныя адпачынкі, дзе-нідзе людзей проста звальняюць. У папярэднія разы неяк абыходзілася і нейкіх моцна крайніх выпадкаў — банкруцтва прадпрыемстваў і ўсплёску беспрацоўя — не назіралася. Гэтым разам можа быць іначай, таму што расейская эканоміка толькі што пачала ўваходзіць у крызіс. Магчыма, гэтым былі і выкліканыя словы Лукашэнкі пра два цяжкія гады для Беларусі.

Лукашук: Юры, у мяне да вас пытаньне пра сацыяльны складнік крызісу. Тая магія, якая раней была ў Аляксандра Лукашэнкі – угаворваць рабочых, пераконваць іх, бо зараз гэта самая небясьпечная для рэжыму група – наколькі яна зараз можа працягваць спрацоўваць?

Чалавек можа падумаць: “Чаго тут валіць на Лукашэнку, калі і ў Амэрыцы – абвал, і ў Расеі – абвал?”
Дракахруст:
Можа, і спрацуе. У 1998 годзе тагачасны крызіс, выкліканы расейскім дэфолтам, прывёў нават да істотнага росту рэйтынгу Аляксандра Лукашэнкі. У дадзеным выпадку я не выключаю, што псыхалягічнае ўзьдзеяньне будзе рабіць той чыньнік, што паўсюль крызіс. Чалавек можа падумаць: “Чаго тут валіць на Лукашэнку, калі і ў Амэрыцы – абвал, і ў Расеі – абвал?”

Лукашук: А як жа цудоўная “беларуская мадэль”?

Дракахруст: Да таго ж шмат было зроблена да таго, каб, кажучы навуковай мовай, ня даць магчымаму пратэсту інстытуцыяналізавацца. Незалежныя прафсаюзы пабітыя, партыі – на маргінэсе, парлямэнт – стэрыльны. Пратэст, калі і выплюхнецца, то прыме неарганізаваныя формы. Выйдзе народ, скажа: “Ды што ж гэта такое?” Ну прыедзе да іх, напрыклад, сам Лукашэнка і скажа: “Мужыкі, ды вы ж бачыце, паўсюль жа хранова, я ж усё дзеля вас раблю”. “А-а, ну добра, ну пацерпім тады”.

Лукашук: Вось далей – пра “пацерпім”. Марозаў у Беларусі пакуль няма, магчыма, і Новы год, і Каляды будуць бязь сьнегу. У панядзелак 22 сьнежня адбудзецца сустрэча прэзыдэнтаў Лукашэнкі і Мядзьведзева. Ці азначае гэтая сустрэча, што не паўторыцца газавы крызіс канца 2006 году?

А ў Менску ёсьць чым гандляваць з Масквою — я маю перш за ўсё на ўвазе палітычную саступку Маскве наконт прызнаньня незалежнасьці Абхазіі і Паўднёвай Асэтыі
Максімюк:
Гэтага выключыць нельга, але мне здаецца, што бакі дамовяцца больш-менш безь міжнароднага скандалу. Цана газу напэўна будзе вышэйшай, чым 140 даляраў за 1000 кубамэтраў. Я калісьці ў гэтай перадачы пайшоў у заклад, што ў наступным годзе яна будзе каля 200 даляраў за 1000 кубамэтраў. Я ўжо ня помню, што я ставіў у заклад — бутэльку віна ці, можа, піва? Магчыма, яна будзе крыху ніжэйшай за гэтую адзнаку, калі Менск будзе ўмела гандляваць. А ў Менску ёсьць чым гандляваць з Масквою — я маю перш за ўсё на ўвазе палітычную саступку Маскве наконт прызнаньня незалежнасьці Абхазіі і Паўднёвай Асэтыі. Гэта каштуе ўсяго палітычнага іміджу краіны і пераходу ў ніжэйшую палітычную лігу ў Эўропе, у тую, дзе гуляе менавіта Прыднястоўе ці Абхазія з Асэтыяй — палітычная кліентура Масквы. Я не выключаю, што Аляксандар Лукашэнка пойдзе на такі крок, каб адцягнуць яшчэ на нейкі час пазыкавую кабалу або фінансавы дэфолт краіны, якія Беларусі пагражаюць, калі яе эканоміка ня будзе паддадзеная ў бліжэйшым часе структурным пераўтварэньням.

Дракахруст: Я думаю, што сёлета газавай “вайны” ўсё ж ня будзе. Усе вучаныя. Вынікам гэтага навучаньня стала заява расейскага пасла Аляксандра Сурыкава, якая прагучала на гэтым тыдні, што газ у Беларусь і праз Беларусь пойдзе і ў тым выпадку, калі да 31 сьнежня бакі ня здолеюць дамовіцца наконт цаны. Так што перакрываць трубу, здаецца, гэтым разам ня будуць, проста магчыма, што лаянка наконт цаны будзе працягвацца яшчэ і напачатку наступнага году.
Тут яшчэ дзейнічае і той момант, што цана на газ сапраўды зьніжаецца ўсьлед за падзеньнем цаны на нафту. Але паколькі цана на газ для Беларусі значна ніжэй за рынкавую, то тут могуць быць любыя палітычныя штуршкі як у бок павялічэньня, гэтак і памяншэньня. На думку экспэртаў “сэрца супакоіцца” дзесьці на ўзроўні 170-180 даляраў за тысячу кубамэтраў. І, магчыма, гэтага атрымаецца дамагчыся і без неабарачальных крокаў кшталту прызнаньня незалежнасьці грузінскіх аўтаномій.

Які сьлед ва ўсясьветнай палітыцы пакіне чаравік, кінуты ў Джорджа Буша?

Свабода на Белсаце 20.12.2008, Частка 2


Лукашук:
Усясьветнай сэнсацыяй гэтага тыдня стаў інцыдэнт, які адбыўся падчас візыту прэзыдэнта ЗША Джорджа Буша ў Ірак. На ягонай сумеснай прэсавай канфэрэнцыі з прэм’ер-міністрам Іраку Нуры Аль Малікі малады ірацкі журналіст абазваў амэрыканскага госьця сабакам і кінуў у яго чаравікам. Такія гісторыі у сьвеце час ад часу здараюцца: нядаўна расейскага прэзыдэнта Дзьмітрыя Мядзьведзева аблаяў на прэсавай канфэрэнцыі журналіст, падчас выбарчай кампаніі ва Ўкраіне ў 2004 годзе ў кандыдата Віктара Януковіча на выбарчым сходзе кінулі яйкам, пару гадоў таму ў Беларусі падчас забегу ў Менску на лыжаролерах у Аляксандра Лукашэнку кінулі памідорам. Увесь сьвет у сувязі з багдадзкім інцыдэнтам прыгадаў чаравік, якім савецкі лідэр Мікіта Хрушчоў стукаў па трыбуне ААН. Дарэчы, тады ж брытанскі прэм’ер Гаральд Макмілан адрэагаваў на выхадку Хрушчова з алімпійскім спакоем, сказаўшы: “Перакладзіце гэта мне, калі ласка”. Разам з намі ў студыі – дырэктар ірацкай службы нашага радыё Сяргей Данілачкін. Сяргей, у мяне да вас просьба, як калісьці ў брытанскага прэм’ера – перакладзіце гэта нам, калі ласка. Што азначае інцыдэнт з кіданьнем чаравіка, што азначае ў культурным і у палітычным сэнсе?

Данілачкін:
Гэта азначае, што чалавек, які зрабіў такое, лічыць чалавека, у якога ён кінуў чаравікам, ніжэй бруду. Гэта культурнае значэньне. Палітычна гэта азначае, што ня ўсе ў Іраку згодныя з тым, што там зараз адбываецца, многія лічаць несправядлівай і няправільнай міжнародную, і ў прыватнасьці, амэрыканскую акупацыю Іраку. Чалавек, які гэта зрабіў, паспрабаваў гэтым жэстам прадэманстраваць сваю палітычную пазыцыю.

Лукашук: Скажыце, Сяргей – акупацыю Іраку ці скіданьне рэжыму Садама Хусэйна?

Данілачкін: Гэта зьвязана адно зь іншым. Але хутчэй яны пратэстуюць супраць акупацыі. Напрыклад, у аднаго зь лідэраў узброенага супраціву Муктады Ас-Садра Хусэйн забіў бацьку. Аднак Ас-Садр не выказвае падзякі ЗША за скіданьне Хусэйна. Ён і ягоныя прыхільнікі змагаюцца супраць акупацыі.

Лукашук: А што было б, калі б нехта кінуў чаравік падчас прэсавай канфэрэнцыі Садама Хусэйна, калі ён кіраваў Іракам?

Данілачкін: Калі б у Садама Хусэйна ці лідэра замежнай дзяржавы, які сядзеў побач зь ім, кінулі чаравікам у тыя часы, калі Садам быў ва ўладзе, празь некалькі хвілінаў таго, хто кідаў гэты чаравік, ужо не было б у жывых. А потым і ягонай сям’і. Зараз сытуацыя зьмянілася, прынамсі, гэтага чалавека пакінулі ў жывых.

Лукашук: Як успрынятая гэтая сытуацыя ў ірацкім грамадзтве?

Гэта азначае, што чалавек, які зрабіў такое, лічыць чалавека, у якога ён кінуў чаравікам, ніжэй бруду.
Данілачкін:
У ірацкім грамадзтве меркаваньні падзяліліся. Гаваркая большасьць пратэстуе супраць таго, што гэтага чалавека затрымалі, частка людзей нават выйшла на вуліцы і выказвае сваю салідарнасьць зь ім. Меншасьць ці баіцца выказваць сваё меркаваньне ці яно не чутно з-за крыкаў гэтых натоўпаў, не такіх ужо і вялікіх, дарэчы. Аднак гэтая меншасьць прыгадвае, што паводле ірацкай культуры забаронена так паводзіць сябе ў дачыненьні да госьця, як бы ты да яго ня ставіўся. З другога боку, многія задаюць пытаньне з прафэсійнага пункту гледжаньня – а ці меў рацыю гэты чалавек, які замест таго, каб выконваць свой прафэсійны доўг, які ён меў перад тысячамі сваіх гледачоў, дазволіў сабе гэты выбух асабістых пачуцьцяў. Многія ірацкія журналісты асуджаюць ягоны ўчынак менавіта з прафэсійнага пункту гледжаньня.

Лукашук: Праз кароткі час новым прэзыдэнтам ЗША стане Барак Абама. Ён атрымае ў спадчыну Ірак. Галоўнае пагадненьне ўжо дасягнутае, вывад асноўнай часткі амэрыканскіх войскаў адбудзецца ў 2011 годзе. Якім пасланьнем Бараку Абаму стаў гэты інцыдэнт і рэакцыя на яго ў арабскім сьвеце?

Данілачкін: Першая выснова палягае ў тым, што ў арабскім сьвеце і ў Іраку ў прыватнасьці значная частка насельніцтва настроеная па-антыамэрыканску. Амэрыканскія палітыкі пра гэта ведаюць, але гэта яшчэ адзін напамін ім. І яны павінны дзейнічаць з улікам гэтага.

Лукашук: Чаго ў выніку дасягнуў Мунтадзір Аль-Заідзі?

Данілачкін: Ён здолеў паспрабаваць зьняважыць Злучаныя Штаты. Але з другога боку, ён здолеў прадэманстраваць, нават насуперак свайму жаданьню, што ў Іраку парасткі дэмакратычнага працэсу пасьля падзеньня рэжыму Хусэйна зьявіліся. Пры Садаме яго б проста пакаралі сьмерцю без суда і сьледзтва. А зараз яго спачатку адвязуць у суд, які будзе вырашаць гэтую праблему юрыдычным шляхам. Акрамя таго, многія людзі задумаліся над яго ўчынкам – ці меў ён права так паступаць ці не. Раней ніхто б пра гэта ня думаў.

Падзеі тыдня вачыма вядучых Радыё Свабода

Свабода на Белсаце 20.12.2008, Частка 3


Лукашук:
Якія яшчэ падзеі, навіны гэтага тыдня прыцягнулі ўвагу журналістаў і слухачоў Свабоды? Пра гэта мы будзем гаварыць з Ганнай Соўсь і Аленай Ціхановіч. Алена, што, апроч тэмаў, якія мы ўжо абмеркавалі, прыцягнула вашу ўвагу?

Ціхановіч:
Па-першае – гучная справа, арышт былога пракурора Менскай вобласьці Міхаіла Сьнегіра. А другая, амаль фэльетонная справа – суд над лідэрам прадпрымальнікаў Анатолем Шумчанкам і знакамітая бутэлька воцату, якую нібыта ён у рукаве вынес з аднаго з менскіх унівэрсамаў.

Лукашук: Першы раз чую, што воцат сталі красьці. Але чаго не бывае – крызіс. Ганна, якія вашы галоўныя падзеі тыдня?

Соўсь: Сярод падзеяў тыдня, на якія я зьвярнула ўвагу, я б назвала акцыю прадпрымальнікаў 15 сьнежня, якая прайшла падкрэсьлена пад эканамічнымі лёзунгамі, і пачатак падпіскі на незалежныя выданьні “Наша ніва” і “Народная воля”.

Лукашук: Алена, чаму Вам падаўся важным арышт былога пракурора Менскай вобласьці?

Ціхановіч: Гэта працяг той славутай лістападаўскай нарады, на якой Аляксандар Лукашэнка назваў імёны карупцыянэраў, абвінаваціў іх у незаконнай пакупцы жыльля, абвінаваціў таго ж Сьнегіра ў тым, што ён купіў дарагую элітную кватэру за мінімальную цану, што будуе загарадны катэдж на падстаўную асобу. І арыштам Сьнегіра ён як бы паказаў, што, як той казаў, ня лупіць пугай па вадзе.

Лукашук: Я б тут, Алена, ня цалкам з вамі пагадзіўся, бо ў нас у Беларусі атрымліваецца сытуацыя: цябе арыштавалі, і ты ўжо вінаваты. Насамрэч суду ж яшчэ не было.

Ціхановіч: Так, суду яшчэ не было. І я і не сказала, што арышт Сьнегіра – доказ таго, што ў Беларусі вядзецца эфэктыўная барацьба з карупцыяй. Я спашлюся на думку незалежных юрыстаў, таго ж Гары Паганяйлы, які кажа, што ў Беларусі на кожнага чыноўніка ёсьць кампрамат.

Лукашук: І ня толькі на кожнага чыноўніка, але, відаць, і на кожнага прадпрымальніка. Ганна, вы назвалі першай падзеяй мітынг прадпрымальнікаў. Чаму?

Соўсь:
Як я ўжо сказала, акцыя пратэсту прадпрымальнікаў прайшла выключна пад эканамічнымі лёзунгамі. Яны пратэставалі супраць адмены палёгкаў пры ўвозе тавараў з Расеі. Паводле прадпрымальнікаў, пасьля ўступленьня новых умоваў у дзеяньне 1 студзеня 2009 году больш за сто тысячаў чалавек могуць стаць беспрацоўнымі. Заяўнік акцыі старшыня аб’яднаньня “Пэрспэктыва” Анатоль Шумчанка зьвярнуўся да палітычных партый ня браць удзелу у акцыі, бо, паводле яго, патрабаваньні мелі выключна эканамічны характар. На сайце “Свабоды” у панядзелак адбываўся онлайн-рэпартаж з гэтай акцыі, у якой узялі ўдзел каля тысячы чалавек. Госьцем “Начной Свабоды” 15 сьнежня быў прадпрымальнік з Рэчыцы Алег Шабетнік, які сказаў, што многія людзі не прыехалі, не прыйшлі на акцыю, паколькі іх увялі ў зман словы намесьніка міністра эканомікі Андрэя Тура, што новыя правілы будуць адтэрмінованыя на год. Аднак ужо ў сам дзень акцыі спадар Тур сказаў, што яго ня так зразумелі. Я б хацела працытаваць рэчыцкага прадпрымальніка, які сказаў: “Каб у нас было адзінства, жылі б у іншай краіне”. Гэта прынцыповы момант – бо, напрыклад, гандляры будаўнічымі матэрыяламі ці электронікай не падтрымалі тых, хто гандлюе вопраткай і каго закрануць новыя правілы.

Лукашук: Алена, другой падзеяй вы назвалі фэльетонны выпадак з лідэрам прадпрымальнікаў Шумчанкам, якога абвінавацілі ў крадзяжы бутэлькі воцату. У чым там справа?

Ціхановіч: Ведаеце, калі мы вядзем праграму, мы робім прагнозы, чым жа скончыцца тая ці іншая справа. У адзін дзень аб'явілі, што ён скраў, на наступны дзень яго вядуць у суд, у мяне было ўражаньне, што гэта спроба таннай, але вельмі выразнай дыскрэдытацыі, я думала, што пакажуць фота ці відэа, што скраў, і асудзяць. Але адбыўся нечаканы паварот падзеяў – сьведкі і ахова крамы сказалі, што гэта быў ня той чалавек. Высьветлілася, што гэтую бутэльку воцату вынес нейкі наркаман, бо ў ягонай скрынцы для рэчаў знайшлі мак, растваральнікі. Але цікава, што ён назваўся прозьвішчам Шумчанкі, назваў дату нараджэньня і ягоны дакладны адрас. Сам Шумчанка кажа, што гэта вельмі трывожны сыгнал і сьведчаньне новых мэтадаў дзеяньня ўладаў.

Лукашук: Сапраўды, цікавая гісторыя, значэньне якой выходзіць за межы гэтага канкрэтнага выпадку.

пэўныя структуры імправізуюць у спосабах дыскрэдытацыі актыўных асобаў
Соусь:
Я б хацела дадаць да расповяду Алены, што пэўныя структуры імправізуюць у спосабах дыскрэдытацыі актыўных асобаў, у дадзеным выпадку лідэраў прадпрымальнікаў. У гэтай гісторыі з бутэлькай воцату назіраўся разьлік менавіта на прадпрымальніцкую аўдыторыю.

Лукашук: Ганна, другой тэмай вы назвалі падпіску на незалежныя газэты. Чаму?

Соўсь: Ну, таму, што тры гады гэтага не было, тры гады газэты ня мелі ні дзяржаўнага распаўсюду, ні дзяржаўнай сыстэмы падпіскі. Ад 15 сьнежня пачалася падпіска на незалежныя газэты “Наша ніва” і “Народная воля”. “Наша ніва” выходзіць у колеры і са школьным правапісам, а “Народная воля” плянуе аднавіць штодзённасьць выданьня, гэтаксама плянуе каляровы выхад і павелічэньне колькасьці старонак, як 17 сьнежня сказала у эфіры “Начной Свабоды” намесьніца галоўнага рэдактара “Народнай волі” Марыя Эйсмант. Дарэчы, Марыя Эйсмант зьвярнула ўвагу на такі факт, што “Белсаюздрук” прыняў на распаўсюд абмежаваны наклад газэты. Напрыклад, Мінск атрымлівае ўсяго 2,5 тысячы экзэмпляраў “Народнай волі”, Берасьце ўвогуле замовіла толькі 140 экзэмпляраў! Агульная колькасьць газэт, якая распаўсюджваецца па краіне – 5 тысяч 715 экзэмпляраў кожнага нумару. Грамадзкі актывіст з Астраўца Іван Крук і распавёў, як газэта купляецца ў ягоным пасёлку. У Астравец паступае 5 экзэмпляраў кожнага нумару “Народнай волі”. Адзін застаецца на пошце, другі купляе супрацоўнік райвыканкаму, трэці – мясцовыя спэцслужбы, чацьвёрты – прадпрымальнік , пяты – аматар.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG