Лінкі ўнівэрсальнага доступу

300 супрацоўнікам “Гарызонту” на Каляды падаравалі звальненьне


Слухачы абмяркоўваюць выступ Аляксандра Лукашэнкі перад рэдактарамі дзяржаўных мэдыяў, міжнародны фінансавы крызіс і ягоны ўплыў на эканамічнае становішча ў Беларусі, а таксама іншыя тэмы.


Падчас інтэрвію кіраўнікам беларускіх дзяржаўных мэдыяў Аляксандар Лукашэнка заявіў пра лібэралізацыю беларускай эканомікі і ўсіх сфэраў жыцьця краіны. Слухачы “Свабоды” працягваюць выказвацца на гэтую тэму.

Спадар: “Вось зараз Лукашэнка кажа пра дэнамінацыю цэн. Хто пацерпіць? Лукашэнка і яго эліта не пацерпіць. А народ пацерпіць. Людзі і так атрымліваюць мізэрныя заробкі і пэнсіі. Што гэта за кіраўнік? Што гэта за “бацька”?..”

Наступныя тэлефанаваньні — пра міжнародны фінансавы крызіс і ягоны ўплыў на эканамічнае становішча ў Беларусі:

Спадар: “Сусьветны эканамічны крызіс — гэта паўбяды. Сапраўдная бяда — мы самі. Як у любой таталітарнай сыстэме, у нас попыт на чыноўнікаў, якія ведаюць толькі два прынцыпы паводзінаў: “Хачу, каб месяц стаў сонцам” ці “Чаго жадаеце?” У адваротным выпадку яны б знайшлі ў сабе сілы ўцямна патлумачыць кіраўніку, што нас чакаюць цяжкасьці і ня трэба ўпэўніваць электарат, што мы пабудавалі нейкую супэрэканоміку, непадуладную стыхіям. А цяпер няхай міністры ўпрагаюцца ў эшалёны са складзкімі ліквідамі, езьдзяць па сьвеце і ўпрошваюць хоць каго-небудзь купіць беларускае, пажадана ўтрая даражэй”.

Ларыса, Менск: “Нашы прамысловыя тавары, якія не знаходзяць попыту ў тых краінах, у якія яны звычайна накіроўваліся, зараз затаварылі склады нашых прадпрыемстваў. Дык можа, ужо пара разьлічыцца з пэнсіянэрамі гэтымі таварамі, як абяцаў некалі прэзыдэнт? Бо мы чакаем ужо амаль 12 гадоў, некаторыя ўжо не дачакаліся.”

Прадпрымальнікі Беларусі правялі ў Менску шэсьце і мітынг на знак пратэсту супраць зьмены ўмоваў працы ад 1 студзеня 2009 году. Дробныя бізнэсоўцы таксама рыхтуюцца да маршу пустых рондаляў. Тэлефанаваньне на гэтую тэму:

Спадар: “З аднаго боку, наш правадыр мэтанакіравана зьніштажаў і амаль ужо зьніштожыў усіх прадпрымальнікаў. Сваімі недарэчнымі ўказамі ён стварыў зусім непрымальныя ўмовы для далейшай працы. А зь іншага боку, гэты ж правадыр заявіў нядаўна пра лібэралізацыю ўсяго грамадзка-палітычнага і эканамічнага жыцьця ў краіне. Як гэта разумець? І як гэта суаднесьці? Так і хочацца сказаць — ня верце лукаваму: ён у чарговы раз усё адно падмане”.

Працягваем праграму наступнымі выказваньнямі:

Спадарыня: “Ужо два тыдні наваградзкае прадпрыемства “Таварыства сьляпых” знаходзіцца на чатырохдзёнцы. Вялікія сьвяты Новы год і Божае Нараджэньне людзі будуць сустракаць вельмі сумна”.

Спадарыня: “Каля трохсот супрацоўнікаў заводу “Гарызонт” атрымалі падарунак на Каляды ад кіраўніцтва заводу ў выглядзе паведамленьня пра тое, што зь імі ня будзе працягнуты кантракт. Наш прэзыдэнт кажа, што ніводзін чалавек не апынецца на вуліцы. А вось 300 супрацоўнікаў заводу “Гарызонт” проста выкінутыя напярэдадні Калядаў на вуліцу”.

Спадар: “Ужо зусім хутка надыдзе той час, калі ў Лукашэнку паляцяць айчынныя галёшы”.

Шаноўныя слухачы! Нагадаем: тэлефон “Свабоды” ў Менску — 266-39-52, працуе 24 гадзіны на суткі. Нумар мабільнай сувязі для СМС-паведамленьняў: + 375.293.912.224. Тэлефануйце і пішыце! Дзяліцеся навінамі, выказвайце сваё стаўленьне да падзеяў у Беларусі і ў сьвеце. Мы таксама чакаем водгукаў на працу Радыё Свабода.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG