Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

“Астравецкая АЭС - бесьпячнейшая за сьвінакомплекс”


Праектна-вышукальныя працы на вызначанай для будаўніцтва АЭС Астравецкай пляцоўцы пачнуцца ў найбліжэйшы час.


Тым ня менш “зялёныя” адзначаюць, што рашэньне будаваць АЭС прынятае з парушэньнем Орхускай канвэнцыі — грамадзкасьць ня ўдзельнічала ў прыняцьці гэтага экалягічна значнага для Беларусі рашэньня.

Яшчэ да вызначэньня пляцоўкі пад будаўніцтва АЭС у Астравецкім раёне быў утвораны аргкамітэт супраць будаўніцтва станцыі “Астравецкая атамная — гэта злачынства”. Ягоны лідэр Мікола Ўласевіч так вызначае пазыцыю аднадумцаў:

Мікола Ўласевіч
“Тут і ружа вятроў не дазваляе будаваць, і сэйсманяўстойлівы раён, потым гэта частка Вілейскага запаведнага краю. Гэты патэнцыял неабходна выкарыстоўваць для санаторна-курортнага аздараўленьня, будаўніцтва санаторыяў, прафілякторыяў, дамоў адпачынку. З будаўніцтвам АЭС усё гэта будзе зьнішчана”.

Днямі ў гэтым рэгіёне быў утвораны Паўночна-заходні рэгіянальны камітэт супраць будаўніцтва АЭС. У яго склад увайшлі актывісты з чатырох прылеглых раёнаў: Астравецкага, Смаргонскага, Вілейскага, Маладэчанскага.

Вось што сказаў нашаму радыё адзін з прадстаўнікоў новаўтворанага камітэту Алесь Дзергачоў са Смаргоні:

Алесь Дзергачоў
“Гэта ў прынцыпе рэальная небясьпека для нашага грамадзтва пасьля наступстваў Чарнобыльскай АЭС, надае яшчэ большага страху кожнаму жыхару нашага рэгіёну”.

Аднак ня ўсе жыхары рэгіёну палахліва ставяцца да будаўніцтва АЭС. Вось што мне кажа жыхар Варнянаў Леанід Пукшта, які сам супраць будаўніцтва, але многія зь яго суседзяў не падзялюць такой думкі:

“Ну вось кажуць, што зьявіцца інфраструктура, дарогі будуць лепшыя, дамоў набудуюць, праца зьявіцца. Вось гэтаму людзі й радуюцца. Кажуць, тэхніка новая будзе, машыны хлопцам даюць, у калгасе зарабляюць мала. А тут, маўляў, і заробкі будуць, і ня трэба езьдзіць ні ў Расею, ні ў Літву, ні ў Польшчу”.

Падобнай думкі трымаецца супрацоўніца Варнянскага сельсавету, спадарыня Наталя:

“Зьявяцца працоўныя месцы. Магчыма, вёскі ўпарадкуюць блізу станцыі. Магчыма, будзе нейкае паляпшэньне з жыльлём”.

Старшыня Міхалішкаўскага сельсавету Гэнрых Часнойць кажа, што нічога надзвычайнага ў сувязі з будаўніцтвам АЭС сярод насельніцтва не адбываецца:

“Людзі спакойна да гэтага ставяцца. Мы ж прызвычаеныя, у нас Ігналінская станцыя за 60 кілямэтраў. Таму вялікай праблемы няма, горш ня будзе. Так людзі думаюць”.

Спадар Часнойць кажа, што ўлады вядуць сярод насельніцтва адпаведную працу, каб патлумачыць, што станцыя будзе бясьпечнай:

“Яны ж чытаюць газэты, дзе пішуць, што станцыя будзе зроблена па новай тэхналёгіі, што нават буйны сьвінакомплекс дае больш шкоды для здароўя. Калі ачышчальныя збудаваньні дрэнныя й выдзяляецца шмат аміяку, ад гэтага больш труцімся, чым будзе наша станцыя”.

XS
SM
MD
LG