Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Маскве праходзіць сустрэча прэзыдэнтаў Расеі і Беларусі Дзьмітрыя Мядзьведзева і Аляксандра Лукашэнкі. Яна адбываецца зь ініцыятывы кіраўніка беларускай дзяржавы.


Беларусь просіць у Расеі 100 мільярдаў расейскіх рублёў крэдыту, калі разьлік ва ўзаемным гандлі будзе ісьці ў расейскіх рубляў. Пра гэта Інтэрфаксу паведамілі ў Міністэрстве фінансаў Расеі.

“Мы атрымалі ліст с просьбай выдзеліць 100 мільярдаў расейскіх рублёў”, - паведаміў намесьнік міністра фінансаў РФ Дзьмітры Панкін.

Намесьнік міністра ня змог адказаць на пытаньні па якой стаўцы хоча Беларусь атрымаць гэты крэдыт і ці будуць разглядаць гэтае пытаньне Мядзьведзеў і Лукашэнка, паведамляе ІТАР-ТАСС.

У лістападзе 2008 Расея і Беларусь падпісалі пагадненьне, што Беларусь атрымае 2 мільярды даляраў ЗША стабілізацыйнага крэдыту ў 2008-2009 гадах. Першую частку крэдыту – 1 мільярд даляраў – Беларусь ужо атрымала. Другую Расея павінная прадаставіць да 28 лютага. Крэдыт выдаецца на 15 гадоў з 5-гадовай адтэрміноўкай па асноўнаму доўгу паводле стаўкі LIBOR+3%.

У сьнежні 2007 году Расея выдзеліла Беларусі 1,5 мільярдаў стабілізацыйнага крэдыту на 15 гадоў пад LIBOR+0,75% з адтэрміноўкай выплаты на 5 гадоў.


***

“Бягучы год у расейска-беларускіх дачыненьнях быў няпросты, але па яго выніках мы здолелі выйсьці на заплянаваныя паказьнікі”, — такую думку выказаў сёньня прэзыдэнт Расеі падчас сустрэчы ў Крамлі са сваім беларускім калегам.

Сярод пазытыўных вынікаў 2008 году Мядзьведзеў адзначыў “устойлівы рост таваразвароту”, перадае ІТАР-ТАСС.


***

Расея - не праблема для Лукашэнкі

“Мы ня маем ніякіх праблемаў, каб вырашыць усе пытаньні Расеі, якія тычацца Беларусі, так, як патрэбна”, — заявіў сёньня Аляксандар Лукашэнка на сустрэчы ў Маскве з прэзыдэнтам Расеі Дзьмітрыем Мядзьведзевым. Пра гэта перадае з Масквы БелТА.
“І я думаю, што няма абсалютна ніякіх праблемаў, каб Расейская Фэдэрацыя вырашыла ўсе пытаньні Беларусі, якія нас тут цікавяць”, — дадаў кіраўнік Беларусі.

Аляксандар Лукашэнка просіць у Масквы новы крэдыт — гэтым разам у памеры амаль 100 мільярдаў расейскіх рублёў.

Пра гэта піша сёньня расейская газэта “Коммерсант”. Яна спасылаецца на свае крыніцы ў Міністэрстве замежных спраў Расеі. Выданьне лічыць, што Лукашэнку вымушаюць зьвяртацца па новы крэдыт няўдалыя перамовы зь Міжнародным валютным фондам. У МВФ Беларусь просіць два мільярды даляраў.

Сёлета расейскі ўрад вырашыў даць Беларусі крэдыт у два мільярды даляраў. Палову гэтай сумы ў лістападзе ўжо перавялі ў Менск, другую палову паабяцалі перавесьці да канца лютага 2009 году.

Акрамя таго, днямі Аляксандар Лукашэнка папрасіў фінансавай дапамогі і ў ЗША — 5 мільярдаў даляраў. Пра гэта ён паведаміў 18 сьнежня ў інтэрвію кіраўнікам беларускіх мэдыяў.

XS
SM
MD
LG