Лінкі ўнівэрсальнага доступу

На Магілёўшчыне лібэралізацыя культурнай палітыкі?


Бялыніцкае краязнаўчае таварыства склала праграму мэмарыялізыцыі вядомых асобаў, якія нарадзіліся на Бялыніччыне альбо зрабілі важкі ўнёсак у разьвіцьцё культуры і эканомікі краю.

Сярод іх Леў Сапега і ягоны сын Казімір. У іх гонар краязнаўцы прапануюць усталяваць у райцэнтры мэмарыльныя шыльды. Акрамя таго рупліўцы мясцовай гісторыі прапануюць адзначыць інфармацыйнымі шыльдамі мясьціны, якія некалі былі культурнымі й эканамічнымі асяродкамі Бялыніччыны.

Паводле бялыніцкага краязнаўцы Міхася Карпечанкі, праграма складаецца зь пяцідзесяці пазыцыяў. У ёй прапануецца ўсталяваць шыльды, бюсты герояў першай і другой сусьветных войнаў, мастакоў, літаратараў. Іхнымі імёнамі прапануецца назваць, а таксама пераназваць вуліцы ў райцэнтры і вялікіх вёсках краю:

“Мэмарыяльнымі шыльдамі будуць увекавечаныя Леў Сапега, пры якім быў закладзены Кармэліцкі кляштар, што дало значны штуршок ня толькі ў духоўным, але і эканамічным разьвіцьці Бялынічаў. Будзе адзначаны знакам і ягоны сын, пры якім Бялынічы ў 1634 годзе атрымалі магдэбурскае права, што таксама паклала аснову вялікую ў разьвіцьцё Бялынічаў у эканамічным і гандлёвым пляне”, – зазначае Міхась Карпечанка.

Краязнаўцы прапануюць адзначаць інфармацыйнымі шыльдамі памерлыя вёскі, якія ў свой час былі важнымі культурнымі ды эканамічнымі асяродкамі Бялыніччыны. А таксама месцы, дзе былі панішчаныя Бялыніцкія архітэктурныя славутасьці.

У райвыканкаме ініцыятыву краязнаўцаў падтрымалі й стварылі адмысловую камісію. Яна павінна падрыхтаваць канчатковы варыянт, які зацьвердзіць раённая выканаўчая ўлада. Ачоліла камісію намесьніца старшыні райвыканкаму Надзея Серыкава. Паводле яе, зьдзяйсьненьне задумаў краязнаўцаў можа расьцягнуцца да 2015 году:

“Канечне, усё будзе залежаць ад фінансавых сродкаў. Разьлічваць, што нашы грамадзяне актыўна ўключацца й будуць уносіць свае ахвяраваньні – у нас на тое няма вялікага спадзеву. Таму ўсё будзе залежаць ад таго, як бюджэт будзе фінансаваць нашыя мерапрыемствы”.

Бялынічы – адзіны горад на Магілёўшчыне, дзе на пачатку дзевяностых тром вуліцам далі імёны славутых беларускіх дзеячоў: Лява Сапегі, Канстанціна Астроскага ды Эўфрасіньні Полацкай.

Ініцыятыва бялыніцкіх краязнаўцаў ня першая на Магілёўшчыне.

Днямі ўжо магілёўскія моладзевыя актывісты зьвярнуліся ў гарвыканкам зь ініцыятывай усталяваць інфармацыйную шыльду пра падзею, якая адбылася 12 ліпеня 1918 году. Тады прадстаўнікі мясцовай грамадзкасьці прызналі ў Магілёве ўладу Беларускай Народнай Рэспублікі. У падтрымку дэмакраты сабралі шэсьцьсот подпісаў гараджанаў. 19 сьнежня прапанову маладзёнаў пачала разглядаць тапанімічная камісія гарвыканкаму. Рашэньне пакуль не прынятае.

Дэпутат гарсавету, сябра камісіі Аляксандар Агееў зазначае: бялыніцкая і магілёўская ініцыятывы сьведчаць пра тое, што людзі зацікаўленыя ў зьменах аблічча сваіх гарадоў:

“Грамадзкасьць паверыла ў свае сілы пасьля адбудовы ў Магілёве ратушы”, – лічыць гісторык. З высновамі, аднак, ён просіць не сьпяшацца, маўляў, пажывём – пабачым:

“Ратуша стала тым штуршком, які дазволіў грамадзкасьці сказаць: “Мы можам нешта”. Убачыць канкрэтны вынік. Міжволі шэраг выбудоўваецца. Ага, вунь пазытыў і там пазытыў. І ў Бабруйску пазытыў, і ў Бялынічах. А тут яшчэ праграма турызму абавязвае. І ўсё гэта так кладзецца на тыя заявы, якія ёсьць. І, здаецца, лібэралізацыя ў галіне культурнай палітыкі. А можа – гэта абставіны, якія вось так склаліся”.

Што да адбудовы ратушы, то за яе магілёўская грамадзкасьць змагалася больш за дзесяцігодзьдзе. У 2006 годзе актывістамі некалькіх арганізацыяў была сабрана адна тысяча подпісаў на падтрымку ідэі. У 2007 годзе гарвыканкам прыняў адпаведнае рашэньне, а праз год Ратушу адбудавалі.

XS
SM
MD
LG