Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Сёньня ў Маскве плянуецца сустрэча прэзыдэнтаў Расеі і Беларусі Дзьмітрыя Мядзьведзева і Аляксандра Лукашэнкі. Яна адбудзецца зь ініцыятывы кіраўніка беларускай дзяржавы. Менавіта ён 17 сьнежня патэлефанаваў у Маскву і папрасіў аб сустрэчы.

Менскі палітоляг Андрэй Фёдараў так тлумачыць ініцыятыву Аляксандра Лукашэнкі:

“Найперш яна выкліканая даволі дрэнным эканамічным становішчам у нашай краіне. Адбываецца вельмі вялікае падзеньне вытворчасьці. Насельніцтва ўжо пачынае адчуваць гэта – панізілі тарыфную стаўку першага разраду, і значнае павышэньне чакаецца камунальных плацяжоў.

Не сакрэт, што Беларусь вельмі моцна залежыць ад Расеі і эканамічна вельмі моцна зьвязаная зь ёю. Таму, я мяркую, беларускае кіраўніцтва будзе спрабаваць вырашаць эканамічнае пытаньне”.

Ускосным пацьверджаньнем гэтага погляду можна лічыць і тое, што на сустрэчу ў Маскву накіроўваецца і беларускі прэм’ер. А маскоўскі аналітык Андрэй Суздальцаў лічыць: прыезд спадара Сідорскага азначае, што ў перамовах будзе ўдзельнічаць і Ўладзімер Пуцін. І ў цэнтры размоваў будзе цана расейскага газу для Беларусі.

Пра надзвычайную важнасьць цаны газу Аляксандар Лукашэнка казаў у нядаўнім інтэрвію кіраўнікам вядучых беларускіх сродкаў масавай інфармацыі. Андрэй Суздальцаў лічыць, што спадзяваньні беларускага лідэра зьбіць газавыя кошты марныя:

“Тут могуць быць розныя камбінацыі. І кошты могуць моцна скакаць. Але трэба ўлічваць, што аргумэнтацыя для іх будзе выключна эканамічнай, то бок яна будзе вызначацца рынкам на газ у Эўропе і сытуацыяй з паўднёвым транзытам – праз Украіну. Ня больш за тое. Уся астатняя аргумэнтная база – супрацьпаветраная абарона, расейскі рубель, саюзная рыторыка – улічвацца ня будуць”.

Экспэрт у галіне энэрганосьбітаў Валянцін Мацкевіч адзначае: апошнім часам ідзе гаворка пра тое, што кошт адной тысячы кубамэтраў газу можа вагацца ад 160 да 240 даляраў:

“160 таксама складана, бо бюджэт на наступны год складзены з разьліку 140 даляраў. І пры гэтым няма ніякіх рэзэрваў. З рэзэрвамі справа цяпер надзвычай напружаная – гэта тычыцца і фінансавай сфэры, і прадпрыемствы знаходзяцца ў цяжкім становішчы”.

Пытаюся ў Андрэя Суздальцава, чаго чакаюць у Маскве ад гэтых перамоваў? Палітоляг лічыць:

“Чагосьці можна было б чакаць, калі б тут, у Маскве, бачылі нейкія зрухі, нейкія новыя ініцыятывы з боку Менску. Але пакуль мы бачым, што Менск толькі акуратна зьдзімае пыл са старой аргумэнтнай базы”.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG