Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Запрашаем на кірмаш!” каля помніка аўганцам


Гандлёвыя рады каля помніка: і пакупнікоў няма, і гандляваць няёмка
Гандлёвыя рады каля помніка: і пакупнікоў няма, і гандляваць няёмка

Згодна з распараджэньнем гарвыканкаму, у розных раёнах Віцебску арганізаваныя перадкалядныя кірмашы. Адзін зь іх разьмясьцілі побач з мэмарыяльным комплексам “Боль” на вуліцы Воінаў-інтэрнацыяналістаў.



Намесьнік старшыні віцебскай арганізацыі “Аўганскае брацтва” Мікалай Турчак даведаўся пра кірмаш каля мэмарыялу памяці загінулых воінаў-аўганцаў ад свайго сябра. Пад’ехаўшы на скрыжаваньне вуліцы Воінаў-інтэрнацыяналістаў і вуліцы Чкалава, яны пабачылі, што проста над помнікам вывешаная расьцяжка “Запрашаем на кірмаш!”, а з адмысловай машыны з дынамікамі гучыць вясёлая музыка.

Мікалай Турчак высьветліў, што кірмашы арганізаваныя згодна з распараджэньнем гарвыканкаму, і пачаў тэлефанаваць у гэтую ўстанову:

- Пачаў тэлефанаваць па ўсіх тэлефонах адміністрацыі гораду, якія ў мяне ёсьць, датэлефанаваўся да ідэалягічнага аддзелу. Кажу: “Вы ж ідэалёгіяй займаецеся, мусіце сачыць! Помнік, між іншым, “Боль” называецца, і гэта непрыгожа – ва ўсю музыка гучыць разудалая такая. Давайце яшчэ паміж плітамі з прозьвішчамі загінулых танцы наладзім.

Дамагчыся яму ўдалося хіба таго, што арганізатары кірмашу зьнялі сьвяточную расьцяжку, якая вісела над помнікам, і выключылі музыку. Аднак перанесьці кірмаш у іншае месца, як таго патрабавалі сябры “Аўганскага брацтва”, гарадзкія ўлады не пагадзіліся, сказаўшы, што ня бачаць ніякага маральнага аспэкту ў тым, што каля помніка разгорнуты вулічны гандаль.

На думку саміх гандляроў – а гэта ў асноўным тыя, хто прывёз у Віцебск розныя харчовыя і прамысловыя вырабы з бліжэйшых райцэнтраў – месца для кірмашу выбрана недарэчнае. І ня толькі таму, што побач з жалобным помнікам гандляваць няёмка. Гандляры скардзяцца на адсутнасьць пакупнікоў, якіх было б куды болей, каб разьмясьціць кірмаш бліжэй да аўтобуснага прыпынку. Дарэчы, якраз на 100 мэтраў далей па вуліцы Чкалава, ёсьць прыдатная пляцоўка і нават навесы для гандлю, якія засталіся там пасьля ліквідацыі былога міні-кірмашау

За 100 мэтраў ад помніка пустуе прыдатная гандлёвая пляцоўка

Кажуць, што многія гандляры спачатку туды й паехалі, але арганізатары перанакіравалі іх на месца, вызначанае ўладамі – да мэмарыялу загінулым воінам-інтэрнацыяналістам.

Ці будзе перанесены ў іншае месца кірмаш заўтра, пакуль невядома. Але віцебскія “аўганцы” дужа незадаволеныя абыякавасьцю ўладаў, і некаторыя кажуць, што гатовыя заўтра выйсьці ды сілай спыніць гандаль каля помніку – хай нават коштам затрыманьняў ды крымінальных справаў за хуліганства.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG