Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Сёньня ўначы ў Нямеччыне ад інфаркту на 74-м годзе жыцьця памёр Эбэргард Гайкен – былы кіраўнік місіі АБСЭ ў Беларусі.


Ён ачольваў місію з пачатку 2003 году да жніўня 2005 году.

Праца ў Беларусі была для прафэсыйнага дыплямата Эбергарда Гайкена апошняй. У жніўні 2005 году яму споўнілася 70 гадоў. І ён вырашыў выйсьці на пэнсію і вярнуцца на Радзіму ў Нямеччыну.

У маім гукавым архіве застаўся запіс развітальнага інтэрвію, якое ён даваў беларускім журналістам. Спадар Гайкен казаў тады, што ён надзвычай высока ацэньвае ролю АБСЭ:

"Што тычыцца мяне асабіста, дык я займаюся АБСЭ ўжо дастаткова шчыльна два гады. Я быў маладым нямецкім дыпляматам, які працаваў у Маскве ў 1973-1975 гадах і меў магчымасьць убачыць сам працэс стварэньня дадзенай арганізацыі. Я перакананы, што яна змагла многага дамагчыся. І яна можа і павінна выконваць сваю адказную ролю.

АБСЭ ахоплівае краіны ад Ванкувэру да Ўладзівастоку. І такая арганізацыя ня можа зьнікнуць. Тут існуе розьніца ў поглядах і пазыцыях розных дзяржаў. Але мы зьблжаемся, ідзем насустрач адна адной. І гэта вялікая перавага АБСЭ. І таму я веру ў будучыню АБСЭ".

Былы намесьнік старшыні Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада) Уладзімер Нісьцюк неаднаразова сустракаўся з Эбергардам Гайкеным:

"Яскравы, актыўны чалавек, які, можа, і спаліў сэрца сваё на гэтай працы. Дыпляматы заўсёды людзі асьцярожныя павольныя. А ён быў актыўны, баявы. І тое, што ён зрабіў шмат для Беларусі, ведаюць усе.

Усім, хто прадстаўляў АБСЭ ў Беларусі, было цяжка. Яны сустракаліся з непаразуменьнямі і ўлады, і апазыцыі, шукалі і знаходзілі нейкія кампрамісы. А спадар Гайкен – гэта чалавек, які заслугоўвае вялікай павагі і пашаны ад беларускага народа за тое, што ён зрабіў для яго».

Сакратар ЦК Партыі камуністаў Беларускай Алена Скрыган так згадвае пра спадара Гайкена:

"Нямала было сустрэч, на якіх ён з зацікаўленасьцю слухаў нашы прапановы. І вельмі шакада, што такіх сустрэч больш не адбудзецца. Заўсёды шкада, калі сыходзяць людзі, якія цікавіліся беларускім праблемамі, якія спрыялі беларускаму народу ў тым, каб яго жыцьцё стала лепшым".




Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG