Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Відэафільмы й улёткі да дня супрацоўніка дзяржбясьпекі


Сёньня ў Гомелі прадстаўнікі “Маладога фронту” й стваранай партыі “Беларуская хрысьціянская дэмакратыя” раздалі гараджанам каля 300 дыскаў зь відэафільмамі “Курапаты”, “Пакаяньне”, “Гомельскі лес сьмерці” ды іншымі.

Акцыя была прымеркаваная да Дня супрацоўніка органаў дзяржаўнай бясьпекі, які адзначаецца 20 сьнежня.

Як паведаміў адзін са сьведкаў, разам зь відэафільмамі гараджанам раздавалі і ўлёткі. У іх апавядалася гісторыя стварэньня структуры — ад Надзвычайнай камісіі, АГПУ, НКУС да КДБ.

Ва ўлётках прыводзяцца такія лічбы: толькі ў Беларусі супрацоўнікі гэтых органаў зьнішчылі больш як 650 тысяч чалавек і звыш 1 мільёна выслалі ў Сыбір і Казахстан. Гаворыцца, што сучасны КДБ парушае правы чалавека, займаецца палітычным перасьледам, запалохваньнем людзей, зьбівае мірных дэманстрантаў.

Ва ўлётках утрымліваецца заклік змагацца за свае канстытуцыйныя правы, каб гісторыя не паўтарылася.


XS
SM
MD
LG