Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сёньня ўраньні прыйшла жалобная вестка зь Белаазёрску — памерла Ніна Мацяш. Аўтарка каля двух дзясяткаў паэтычных кніг, перакладчыца “Маленькага прынца” Антуана дэ Сэнт-Экзюпэры і твораў шмат каго зь іншых францускіх, ангельскіх, бэльгійскіх, нямецкіх, польскіх і ўкраінскіх пісьменьнікаў, старшыня Берасьцейскай абласной філіі Саюзу беларускіх пісьменьнікаў пакінула гэты сьвет на 66-м годзе жыцьця.

Адным з апошніх, хто бачыў Ніну Мацяш, быў паэт і кнігаскладальнік Міхась Скобла. Яшчэ заўчора яны разам выступалі на літаратурнай вечарыне ў Белаазёрску, родным яе горадзе.

“Я проста агаломшаны і не магу паверыць, што гэта сталася. Літаральна пазаўчора мы з Васілём Жуковічам і Алесем Камоцкім былі на Берасьцейшчыне, выступалі ў Бярозе і Белаазёрску. І ў Белаазёрскім электрамэханічным каледжы да нас далучылася Ніна Мацяш. Была паўнюткая заля — землякі вельмі любяць, любілі ўжо, Ніну Мацяш. Яна натхнёна чытала пераклады з Рансара, зь Віславы Шымборскай, зь Ліны Кастэнкі, з гумарам, дасьціпна адказвала на шматлікія пытаньні навучэнцаў каледжу.

Потым мы дапамаглі ёй даехаць да хаты. Там кожнаму з нас яна нешта падарыла. Даведаўшыся, што ў мяне няма кнігі Сэнт-Экзюпэры ў яе перакладзе, яна надпісала мне гэты томік. Аўтограф заканчваецца гэткімі словамі: “Хай не расьсейваецца сьвятло нашага сумоўя!”

У маёй душы сьвятло Ніны Мацяш будзе жыць вечна, як будзе памятацца заўсёды яе геніяльны радок: “Але твая сьляза ў маю сьлязу глядзела”. Будуць жыць у душы яе вершы, яе пераклады. Ніна Мацяш увогуле — самы сьветлы чалавек, якога я ведаў у гэтым жыцьці“.

Душа Ніны Мацяш адляцела ў іншы сьвет у сьне, як і хацела паэтка. Пра тое яна казала сваім блізкім сябрам.

Гаворыць паэтка з Горадні Данута Бічэль:

“Я ў вялікай скрусе, таму што памерла мая лепшая сяброўка. Яна была маёй сяброўкай на працягу практычна ўсяго сьвядомага жыцьця. Яна была хворая, яна была ў інвалідным вазку, але яна была такая дужая, што калі мне было цяжка, калі ў мяне было гора, я заўсёды шукала ратунку ў яе і знаходзіла. Але гэта — прыватнае.

Яна проста была нашай сьвечачкай, нашай зоркай. Тая працаздольнасьць, тая геніяльнасьць, таленавітасьць яе, як яна працавала ў паэзіі, якія яна вершы пісала — чыстыя, прыгожыя… Яна натхняла ўсіх, хто яе ведаў. Я думаю, што ведалі яе ня толькі мы, літаратары, але і многія іншыя людзі, таму што да яе шмат хто прыяжджаў, каб пагрэцца, каб прытуліцца да яе моцы. Прытуліцца да яе вось гэтай моцы, якую ёй Бог даў, адняўшы ў яе ногі, хваробу гэтую страшную даўшы.

Хай ёй будзе там добра, куды яна пайшла. Божанька, прымі яе перад Калядамі ў сваю сямейку на небе!“

Слова разьвітаньня зь Нінай Мацяш пісьменьніка Ўладзімера Арлова.

“Пасьля дзяцінства я рэдка плакаў, але пачуўшы, што сьмерць забрала Ніну Мацяш, ня здолеў стрымаць сьлёз.

Мы былі знаёмыя і сябравалі вельмі даўно. Часам у нашых супольных замежных паездках даводзілася насіць Ніну на руках, бо не паўсюль можна было трапіць на яе інвалідным вазку. У гэтым вазку, кожны дзень змагаючыся са сваёй невылечнай хваробаю, Ніна была асуджаная правесьці большую частку жыцьця. Але яна ня толькі не зламалася, ня толькі зьдзейсьнілася як цудоўная паэтка і перакладчыца — Ніна Мацяш зрабілася адным зь бясспрэчных маральных аўтарытэтаў краіны.

Пры ўсёй розьніцы лёсаў я паставіў бы яе ў адзін шэраг з Ларысай Геніюш. Да Геніюш мы езьдзілі па духоўную падтрымку ў сямідзясятыя гады, да Ніны шмат хто прыяжджаў у наш час. У яе ня раз бываў і адзін зь нядаўніх кіраўнікоў Маладога Фронту Сяржук Бахун, зь якім мы ў гэтую восень зноў наведалі гасьцінную Нініну кватэру ў Белаазёрску і атрымалі там абяцаньне, што наступны раз будзем частавацца нейкай неверагодна смачнай гарбузовай кашай.

Я ведаю, што на мінулым тыдні да Ніны, проста каб яе ўбачыць, прыяжджаў незнаёмы берасьцейскі студэнт-гісторык. Я асабіста ведаю пару дзясяткаў людзей, якія сталі беларусамі дзякуючы Ніне.

Ніна адной зь першых дацягнулася сваёй слабенькай рукой да тэлефону, каб пазваніць мне ў рэанімацыю пасьля маёй апэрацыі на сэрцы. Ёй ужо не дазвонісься, але яе голас працягвае гучаць у нашым беларускім космасе”.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG