Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Магілёўская аўтатэхніка саступае кітайскай


Расейскія спажыўцы адмаўляюцца набываць прадукцыю магілёўскага аўтамабільнага заводу імя Кірава. Паводле іх, яна не адпавядае сучасным патрабаваньням і саступае аналягам з Кітаю.


Магілёўскія машынабудаўнікі апраўдваюцца аб’ектыўнымі цяжкасьцямі.

У маскоўскім акцыянэрным таварыстве “Аўтамаш” аб прадукцыі магілёўскіх машынабудаўнікоў кажуць, што яна занадта дарагая, а кіраўніцтва ня мае гнуткага падыходу да фармаваньня цэнаў на яе:

“У нас на тэхніку цэны практычна замарожаныя ў гэтыя апошнія месяцы. А ў вас Магілёўскі аўтамабільны завод у сьнежні ўзьняў цэны. Чаму я ведаю — таму што ў нас кантракт быў, мы хацелі купіць, і на момант падпісаньня кантракту прыйшла папера, што цэны зьмяніліся. Усё, старыя цэны ня дзейнічаюць”, — патлумачыў супрацоўнік расейскага таварыства “Аўтамаш”.
Аўтамабільная тэхніка значна саступае паводле характарыстык аналягам з Кітаю

Згодна зь ягонымі словамі, магілёўская аўтамабільная тэхніка значна саступае паводле характарыстык аналягам з Кітаю. Акрамя таго, магілёўскія аўтабудаўнікі зацягваюць з пастаўкай аўтазапчастак да вырабленай імі ж тэхнікі:

“Паставяць яны нам той жа самазвал, той жа пагрузчык, а запасныя часткі трэба чакаць тры, чатыры, пяць месяцаў. Кітайцы ж зробяць і паставяць гэта цягам аднаго месяца. Тут жа магілёўскі аўтамабільны завод — мы чакаем некаторыя буйныя вузлы, рэдуктары дапусьцім, да шасьці месяцаў”, — зазначае супрацоўнік таварыства “Аўтамаш”.

На магілёўскім заводзе прызнаюць, што праблемы са збытам прадукцыі ёсьць, аднак тлумачаць гэта інакш, чым расейцы:

“Тэхніка, якую выпускае філіял, не знаходзіцца ў тэхналёгіі. Калі тэхніка не знаходзіцца ў тэхналёгіі, то на яе немагчыма зьвярстаць доўгатэрміновыя пляны. Людзі яе набываюць толькі тады, калі сродкі на гэта ёсьць і патрэба”, — патлумачыў прадстаўнік адміністрацыі магілёўскага прадпрыемства.

Паводле яго, у сувязі зь невысокай запатрабаванасьцю прадукцыі на заводзе высокая цякучасьць кадраў:

“Людзі сыходзяць на нейкія іншыя тэхналёгіі”.

Паводле расейскіх спажыўцоў, на магілёўскім заводзе выпускаюць і ўнікальную тэхніку, напрыклад — падземныя шахтавыя пагрузчыкі. Яны, аднак, не запатрабаваныя ў вялікай колькасьці. Акрамя таго, шахты з прычыны фінансавага крызісу і ў Расеі, і ва Ўкраіне зачыняюцца.

Рабочыя прадпрыемства кажуць, што пакуль праблемаў з заробкамі ў іх няма. У асобных цэхах скарацілі працоўны дзень.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG