Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

“Пасьля дзяцінства я рэдка плакаў, але пачуўшы, што сьмерць забрала Ніну Мацяш, ня здолеў стрымаць сьлёз.


Мы былі знаёмыя і сябравалі вельмі даўно. Часам у нашых супольных замежных паездках даводзілася насіць Ніну на руках, бо не паўсюль можна было трапіць на яе інвалідным вазку. У гэтым вазку, кожны дзень змагаючыся са сваёй невылечнай хваробаю, Ніна была асуджаная правесьці большую частку жыцьця. Але яна ня толькі не зламалася, ня толькі зьдзейсьнілася, як цудоўная паэтка і перакладчыца – Ніна Мацяш зрабілася адным з бясспрэчных маральных аўтарытэтаў краіны.

Пры ўсёй розьніцы лёсаў я паставіў бы яе ў адзін шэраг з Ларысай Геніюш. Да Геніюш мы езьдзілі па духоўную падтрымку ў сямідзесятыя гады, да Ніны шмат хто прыяжджаў у наш час. У яе ня раз бываў і адзін зь нядаўніх кіраўнікоў Маладога Фронту Сяржук Бахун, зь якім мы ў гэтую восень зноў наведалі гасьцінную Нініну кватэру ў Белаазёрску і атрымалі там абяцаньне, што наступны раз будзем частавацца нейкай неверагодна смачнай гарбузовай кашай.

Я ведаю, што на мінулым тыдні да Ніны проста, каб яе ўбачыць, прыяжджаў незнаёмы берасьцейскі студэнт-гісторык. Я асабіста ведаю пару дзясяткаў людзей, якія сталі беларусамі, дзякуючы Ніне.

Ніна адной зь першых дацягнулася сваёй слабенькай рукой да тэлефону, каб пазваніць мне ў рэанімацыю пасьля маёй апэрацыі на сэрцы. Ёй ужо не дазвонісься, але яе голас працягвае гучаць у нашым беларускім космасе”.

Памерла Ніна Мацяш

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG