Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Талерантны Саюз мастакоў адзначыў юбілей


Міхась Скобла
Міхась Скобла

Новая перадача сэрыі “Вольная студыя”. Эфір 13 сьнежня


У сьнежні Беларускаму саюзу мастакоў споўнілася 70 гадоў. На сёньня гэта самая шматлікая творчая арганізацыя ў нашай краіне. Як мастакам пры розных поглядах удалося захаваць адзінства і цэласьць свайго саюзу? Ці прыслухоўваецца ўлада да голасу СМ? Якія падзеі мастацкага жыцьця запомніліся ў 2008 годзе? На гэтыя ды іншыя пытаньні адказвае намесьнік старшыні Саюзу мастакоў Рыгор Сітніца.

Міхась Скобла: “Рыгор, мы з табой не ўпершыню сустракаемся пры мікрафоне на нашым радыё, але ты ўпершыню прыйшоў да нас як намесьнік старшыні Беларускага саюзу мастакоў. У 1940 годзе Саюз мастакоў Беларусі налічваў усяго 35 чалавек. А колькі сёньня сяброў у вашай арганізацыі?”

Рыгор Сітніца
Рыгор Сітніца:
“На сёньняшні дзень у Беларускім саюзе мастакоў 1212 чалавек. І гэта ня дзіва, бо калі параўноўваць з даваенным ці паваенным часам, то ў нас сёньня вельмі высока пастаўленая прафэсійная мастацкая адукацыя. І толькі сёлета, літаральна тыдзень таму, мы прынялі ў склад саюзу адразу 78 чалавек. Бальшыня зь іх – гэта нядаўнія выпускнікі Беларускай акадэміі мастацтваў. Трэба сказаць, што ня ўсіх маладых мастакоў мы адразу прымаем, нягледзячы на іхнія заслугі. А ў іх бывае шмат дыплёмаў міжнародных конкурсаў і перамогаў на розных замежных біенале. Мы іх усё роўна спачатку прымаем у маладзёвую сэкцыю, каб яны цягам году-двух пацьвердзілі свой прафэсійны кшталт”.

Скобла: “70 гадоў – паважная дата для творчай арганізацыі. Ды нешта не чуваць, каб мастакі яе адзначалі. Няўжо ўсясьветны фінансавы крызіс перашкодзіў?”

Сітніца: “Я не магу назваць нейкіх пампэзных мерапрыемстваў, гучных паседжаньняў, як гэта было раней. Але калі я згадаю ўсе мастацкія імпрэзы, якія ладзіліся намі сёлета, то атрымаецца зусім някепскі вынік для юбілейнага году. Але я нездарма згадаў, як адзначалі падобныя даты за савецкім часам, калі Саюз мастакоў быў манапалістам на ўсю мастацкую прадукцыю і пачуваўся багатым. СМ мог сабе дазволіць ня толькі бязьбедна існаваць, але і будаваць кватэры ды майстэрні. Сёньня ня той час, і ў нас праблемаў, як і ва ўсіх творчых арганізацыях, хапае.

Прыкладам, нядаўна нам значна падвысілі арэндную плату за зямлю пад нашымі будынкамі. А ў нас ёсьць мастацкія салёны, галерэі і вытворчыя камбінаты. У СМ даволі шмат маёмасьці. І падвышка арэнды моцна б’е па нашых фінансах. Тым ня менш, калі да ўлады ў Саюзе мастакоў прыйшоў Уладзімер Савіч, а ягонымі намесьнікамі сталі мы з Сяргеем Цімохавым, то мы амаль у тры разы палепшылі фінансавае становішча нашай арганізацыі. Нам гэта ўдалося, і сёньня мы з Божай дапамогай ня толькі вырашаем праблемы, але і стараемся дапамагчы нашым старэйшым мастакам, асабліва вэтэранам ды інвалідам. Мы ім даволі стала выплачваем грашовую дапамогу. Вось і днямі даволі значныя грашовыя прэміі атрымаюць больш за 80 сяброў нашага Саюзу”.

Скобла: “На фоне ўсіх падзелаў-расколаў як Саюзу мастакоў удалося захаваць адзінства? І чыя тут заслуга – кіраўніцтва СМ ці ўлады, якая пакуль не бачыць патрэбы вас дзяліць?”

Сітніца: “Гэта заслуга найперш кіраўніцтва саюзу і саміх мастакоў. Калі б захацелі падзяліцца, то ўжо даўно падзяліліся б. Іншая справа, што ў нас пры ўсіх розьніцах сьветапоглядаў, мастацкіх накірункаў, аўтарскіх стыляў (а яны могуць быць абсалютна палярныя) неяк, дзякуй Богу, у межах Саюзу захоўваецца талеранцыя. І пакуль што падставаў для падзелу ці расколу ў нас не назіраецца. Што нас можа сапраўды разьяднаць, дык гэта матэрыяльны стан арганізацыі. Мы ж 150 майстэрняў арэндуем у гораду. І сёлета, увесну, нам падвысілі арэндную плату за майстэрні ў 10 разоў. У 10! І мы паўгоду патрацілі, каб вярнуць сытуацыю назад. Дзякуй Богу, мы адбіліся, не зусім, а на адсоткаў 80. Ня ведаю, ці надоўга”.

Скобла: “Калі Саюз мастакоў супраць нечага пратэстуе, ці чуе ўлада ваш голас?”

Сітніца: “Калі вярнулі назад арэндную плату, значыць, чуе. Прызнаюся – я напісаў дзясяткі лістоў ва ўладу, пачынаючы з прэм’ер-міністра Сідорскага. Быў падрыхтаваны ліст і прэзыдэнту, але абышлося пакуль без яго. Мала таго, мы ж уваходзім і ў некаторыя ўладныя структуры. Я маю на ўвазе манумэнтальны савет, які падначальваецца Савету Міністраў. Ён займаецца ўсталяваньнем помнікаў. І, трэба сказаць, нас не заўсёды задавальняла праца ранейшага савету”.

Скобла: “Нядаўна ў Аўстраўцы на Гарадзеншчыне мясцовы краязнаўца Алесь Юркойць паказаў мне выдатны парк сучаснай скульптуры. Проста ў цэнтры гораду ўсталявана паўтара дзясятка арыгінальных твораў, прычым зьвязаных зь беларускай гісторыяй, міталёгіяй. Дык тое ў Астраўцы. А чаму ў Менску стаяць нейкія безаблічныя “дзяўчынкі пад парасонамі”, “астапы бэндэры” ды “губэрнатарскія брычкі”?”

Сітніца: “Бо пакуль што на гэты працэс мы ўплыву ня маем. Помнікі ў Менску ставіць гарадзкое кіраўніцтва на свой густ. Прычым, ставіць гэтыя помнікі практычна адзін і той жа аўтар – Уладзімер Жбанаў. І я не скажу, што гэта зусім няўдалыя помнікі. Згадайма той жа Міхайлаўскі сквэр каля паштамту, там дзяўчына сядзіць на лаўцы, гэта вельмі прыстойная праца”.

Скобла: “Гэтую прыстойную працу ў народзе называюць “путана”.

Сітніца: “Як бы ні называлі, я гляджу на яе як мастак, і гэта зроблена, паўтаруся, прыстойна. Мне таксама ня ўсе помнікі падабаюцца. Тая ж брычка каля ратушы, якую чамусьці называюць “губэрнатарскай”. А губэрнатар падпісаў загад на зьнішчэньне той самай ратушы. І ўжо ніяк ён туды не прыяжджаў на працу, ды яшчэ на брычцы.

Я за тое, каб на Пляцы Свабоды паставіць помнік магдэбурскаму праву. Дарэчы, ёсьць выдатны праект гэтага помніка. На жаль, ён пакуль што не заўважаны кіраўнікамі гораду. Я за тое, каб у Верхнім горадзе стаялі помнікі Вінцэнту Дуніну-Марцінкевічу і Станіславу Манюшку. Гэта было б абсалютна апраўдана ва ўсіх сэнсах. І я ведаю, што ёсьць пастанова Савету Міністраў “Аб усталяваньні помніка В. Дуніну-Марцінкевічу”, прымеркаваная да яго 200-годзьдзя. Юбілейны год мінае, улада марудзяць, мы чакаем і раз-пораз нагадваем уладзе пра ёю ж прынятае рашэньне”.

Скобла: “Нядаўна стала вядома, што менскія ўлады зьбіраюцца добраўпарадкаваць Купалаўскі сквэр. Кіраўніцтва СМ ведае пра гэтае “добраўпарадкаваньне”?”

Сітніца: “Ведае. І я вітаю ідэю добраўпарадкаваньня Купалаўскага сквэру. Іншая справа, ня варта дапускаць, каб яно адбывалася стыхійна, на ўзроўні асабістых знаёмстваў. Саюз мастакоў зробіць усе намаганьні, каб усё адбывалася ня тое, што пад кантролем, але пад прафэсійным мастацкім кантролем. Вядома ж, у гэтым месцы ня могуць паўстаць нейкія выпадковыя творы. Там павінны стаяць скульптуры, зьвязаныя з ключавымі вобразамі нашага нацыянальнага генія”.

Скобла: “Нядаўна я прачытаў выдатную кнігу Віталя Віленкіна пра Амедэо Мадыльяні. Геніяльны мастак быў жабраком, працы яго каштавалі вельмі танна, ня больш за 30 франкаў. Але з кожным тыднем пасьля ягонай сьмерці да лічбы 30 дадаваўся яшчэ адзін нуль: 300 франкаў, 3000 франкаў, 30 000 франкаў… Чаму мастаку пры жыцьці гэтак цяжка дамагчыся прызнаньня?”

Сітніца: “Што да Мадыльяні, то нічога тут дзіўнага няма. У сэнсе мастацкай мовы, мастацкай стылістыкі ён, як і Ван-Гог, далёка апярэдзіў свой час. Калі прывесьці беларускі аналяг прызнаньня-непрызнаньня, то тут адразу ўспамінаецца Язэп Драздовіч. Я не магу сказаць, што сёньня на ягоных творах вісяць цэньнікі са шматлікімі нулямі, але Драздовіча прызналі. Мастака, які ўсё жыцьцё пражыў жабраком. Сёньня карціны ягоныя знаходзяцца ў самых буйных музэях Беларусі і Літвы, і гэта таксама паказчык. Ён пры жыцьці ня меў прызнаньня, але ведаў, што яно прыйдзе. І ў сваім дзёньніку пакінуў дакор суайчыньнікам: “Вы мяне яшчэ пашукаеце”. Дзякуй Богу – адшукалі, ушанавалі, помнік у сталіцы паставілі. А днямі адчынілася вялікая мастацкая выстава, прымеркаваная да 120-годзьдзя Драздовіча.

Што да жыцьцёвых і пасьмяротных рэйтынгаў, то паглядзіце, што сёньня творыцца ў літаратурнай, у музычнай сфэрах. Тое самае. І калі мне кажуць, што Барыс Маісееў – сьпявак, то хто тады Дзьмітры Хварастоўскі? А калі Хварастоўскі – сьпявак, то чаму сьпеваком называюць і Маісеева? Прызнаньне і слава рэдка прыходзяць пры жыцьці. Няма прарока ў сваёй айчыне.

Скобла: “Якія падзеі ў мастацкім жыцьці нашай краіны вам запомніліся ў 2008 годзе?”

Сітніца: “2008 год я лічу вельмі плённым для Саюзу мастакоў. Мы ўпершыню ў гісторыі зладзілі першае беларускае біенале жывапісу, графікі і скульптуры. Эўрапейскія краіны даўно ўжо прызвычаіліся да падобных падзеяў, а мы ўсё мусім прыдумляць ровар. Біенале – гэта выстава, якая ладзіцца раз на два гады, яна складаецца з твораў, створаных цягам гэтых двух гадоў. Беларускае біенале наведала вельмі шмат людзей. Мы, дарэчы, дамагліся, што ў Палац мастацтва зноў пайшлі людзі, іх было вельмі шмат. А перад біенале мы зладзілі выставу з фондаў Саюзу мастакоў. Раз-пораз іх трэба даставаць і глядзець, гэтаксама як трэба перачытваць літаратурную спадчыну. І, вядома ж, я не магу абысьці ўвагаю помнік Станіславу Жукоўскаму, які сёлета быў усталяваны на Пружаншчыне. Гэта вельмі знакавы мастак для Беларусі, ён нарадзіўся ў Беларусі, і мы ніколі не павінны забываць, што геніяльнага мастака Жукоўскага сьвету далі мы”.

  • 16x9 Image

    Міхась Скобла

    Міхась Скобла нарадзіўся ў 1966 годзе на Гарадзеншчыне. Скончыў філфак БДУ, працаваў у Міністэрстве культуры і друку, у рэдакцыі часопіса «Роднае слова», у выдавецтве «Беларускі кнігазбор». Сябра СБП і БАЖ.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG