Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Кангрэсмэны ЗША патрабуюць вызваленьня Зэльцэра


Эмануіл Зэльцэр

Эмануіл Зэльцэр

“У зьняволеньні да Зэльцэра ўжывалі фізычную сілу і абражалі” – сьцьвярджаюць прадстаўнікі Кангрэсу ЗША.

Кангрэсмэны ЗША заклікаюць Аляксандра Лукашэнку неадкладна вызваліць грамадзяніна ЗША Эмануіла Зэльцэра. Раней, 11 сьнежня, да гэтага заклікаў кіраўніка беларускай дзяржавы Дзярждэпартамэнт ЗША. Кангрэсмэны папрасілі Аляксандра Лукашэнку прытрымлівацца міжнародных законаў і адпусьціць сп.Зэльцэра, якога ад 12 сакавіка трымаюць пад вартай, на падставах гуманнасьці.

Дванаццаць чальцоў Кангрэсу ЗША зьвярнуліся да Аляксандра Лукашэнкі з заклікам вызваліць Эмануіла Зэльцэра, стан здароўя якога пагаршаецца з кожным днём. Ліст падпісаў старшыня эўрапейскага камітэту камісіі замежнай палітыкі Робэрт Вэкслэр і яшчэ чацьвёра сяброў камісіі, старшыня камісіі па бясьпецы і супрацоўніцтву ў Эўропе Элсі Гастынгс, сустаршыня камісіі правоў чалавека Джэймс Макговэрн ды іншыя.

Нагадаем: 12 сакавіка супрацоўнікі КДБ затрымалі ў Менскім аэрапорце грамадзяніна ЗША Эмануіла Зэльцэра і ягоную сакратарку Ўладлену Функ, грамадзянку Расейскай Фэдэрацыі. Абаіх абвінавацілі ў кантрабандзе наркатычных прэпаратаў. Падставай для гэтага сталі лекі, якія прымаў адвакат і якія былі ліцэнзаваныя на тэрыторыі ЗША.

Усё адбывалася ў рэжыме строгай сакрэтнасьці. Толькі 27 сакавіка ўлады дазволілі прадстаўнікам амэрыканскай амбасады сустрэцца з арыштаваным адвакатам. Пазьней сп.Зэльцэра наведаў ягоны асабісты лекар.

11 жніўня суд пакараў Эмануіла Зэльцэра трыма гадамі пазбаўленьня волі, а ягоную сакратарку — годам зьняволеньня, абвінаваціўшы ў камэрцыйным шпіянажы і падробцы дакумэнтаў.

Амэрыканска-расейскі інстытут права ў Нью-Ёрку абвінаваціў пэўных службовых асобаў Беларусі ў змове з расейскім бізнэсоўцам Барысам Беразоўскім супраць Расеі і накіраваў зварот, дзе гаварылася пра гэта, кіраўніку адміністрацыі прэзыдэнта Беларусі Ўладзімеру Макею і шэрагу беларускіх і расейскіх чыноўнікаў.

Брат зьняволенага Марк Зэльцэр упэўнены, што лёс Эмануіла Зэльцэра залежыць цяпер ад Барыса Беразоўскага.

“Калі мы бачылі сьвятло ў акенцы і здавалася, што вось цяпер адпусьцяць, то кожны раз такое ўражаньне, што Беразоўскі здымае слухаўку — і ўсё пераходзіць у іншыя сфэры.

Я думаю, што Беразоўскаму трэба, каб ён там памёр, дарэчы, каб яна, Уладлена, таксама. Яны добра разумеюць, што тры гады — гэта сьмяротнае пакараньне“.

Марк Зэльцэр зрабіў раздрукоўкі зьвестак пра палёты алігарха зь Лёндану ў Менск і даслаў іх расейскаму боку, які абвясьціў Беразоўскага ў міжнародны вышук.

Мак Зэльцэр паведаміў “Свабодзе”, што яму не далі беларускай візы і таму ён ня зможа адведаць свайго брата.

17 сьнежня прэс-аташэ амбасады ЗША Кэралайн Сэвідж наведала Эмануіла Зэльцэра ў шпіталі магілёўскай калёніі.

Кэралайн Сэвідж расказала “Свабодзе”:

“На жаль, сп. Зэльцэр працягвае скардзіцца на болі ў сьпіне і нагах. Ён таксама быў заклапочаны высокім артэрыяльным ціскам. Мы паўтараем наша патрабаваньне вызваліць яго на гуманітарных падставах. Мы таксама патрабуем ад беларускіх уладаў дазволіць другі візыт да Зэльцэра незалежнаму лекару. Мы просім, каб можна было бачыцца зь ім рэгулярна”.

Адвакат Эмануіла Зэльцэра і Ўладлены Функ Зьміцер Гарачка лічыць, што калі й будзе вырашана адпусьціць ягоных падабаронных датэрмінова, то на волю яны выйдуць не раней за 20-га студзеня.



12 чальцоў Кагрэсу ЗША — сярод іх і тыя, хто адказвае ў кангрэсе за фармаваньне беларуска-амэрыканскіх адносінаў — заклікалі прэзыдэнта Лукашэнку неадкладна вызваліць Эмануіла Зэльцэра. Ліст падпісаны Старшынём эўрапейскага камітэту камісіі замежнай палітыкі ў Кангрэсе Робэртам Вэкслэрам (Robert Wexler), а таксама чатырма іншымі сябрамі гэтай камісіі, старшынём камісіі па бясьпецы і супрацоўніцтву ў Эўропе Элсі Гастынгсам (Alcee L.Hastings), сустаршынём камісіі правоў чалавека Джэймсам Макговэрнам (James P.McGovern) ды іншымі.

“Мы выказваем нашую глыбокую заклапочанасьць станам здароўя Эмануіла Зэльцэра, амэрыканскага грамадзяніна, зьняволенага ў Беларусі. Улічваючы пагаршэньне здароўя спадара Зэльцэра, мы рашуча заклікаем беларускі ўрад неадкладна вызваліць спадара Зэльцэра паводле гуманітарных меркаваньняў”, — сказана ў лісьце кангрэсмэнаў.

“Нас глыбока ўстрывожыў арышт спадара Зэльцэра, а таксама негуманнае абыходжаньне, якое ён зазнаваў, знаходзячыся пад вартай ад 12 сакавіка.

Яму было адмоўлена ў незалежным мэдычным доглядзе, і, як паведамляе амэрыканскі консул у Менску, у зьняволеньні да яго ўжывалі фізычную сілу і абражалі яго”
, — заяўляюць прадстаўнікі Кангрэсу ЗША.

Амэрыканскія кангрэсмэны сьцьвярджаюць, што непрымальнае абыходжаньне пагоршыла хранічныя праблемы спадара Зэльцэра са здароўем. Умовы, у якіх ён знаходзіцца, пагражаюць ягонаму жыцьцю. “У тым адзіным выпадку, калі яго агледзеў амэрыканскі доктар, ён паведаміў, што спадар Зэльцэр можа не перажыць зьняволеньня ў Беларусі”, — сказана ў звароце.

Аўтары ліста нагадваюць, што 11 сьнежня Дзярждэпартамэнт ЗША заклікаў да вызваленьня спадара Зэльцэра.

“Прэзыдэнт Лукашэнка, час мае вялікае значэньне, і мы заклікаем вас і ваш урад выканаць міжнародныя законы і стандарты правоў чалавека і вызваліць спадара Зэльцэра паводле гуманітарных падставаў без далейшага адкладу”, — гэтымі словамі заканчваецца ліст 12 амэрыканскіх кангрэсмэнаў.

Подпісы кангрэсмэнаў ЗША


Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG