Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Агляд сёньняшніх нумароў недзяржаўных беларускіх газэт.

Сьнег будзе, але толькі для гарналыжнікаў. Рэпартэр “Народнай волі” Віталь Гарбузаў наведаў спартовы цэнтар “Сілічы” пад Лагойскам напярэдадні адкрыцьця гарналыжнага сэзону. Таксама журналістаў цікавіла, што адбываецца ў гасьцявых доміках цэнтру, дзе звычайна спыняецца Аляксандр Лукашэнка падчас наведваньня “Сіліч”.

Глыбіня покрыва будзе болей за 50 сантымэтраў
“Зіма пакуль бяз сьнегу, але там працуюць 12 адмысловых гармат, якія могуць забясьпечыць штучны сьнег на схіле даўжынёй 900 мэтраў. Глыбіня покрыва будзе болей за 50 сантымэтраў. Аляксандр Лукашэнка туды заўтра не прыедзе, як паведамлялася. Мне паказалі два домікі, дзе ён звычайна спыняецца. Там працуе нейкі штат, я бачыў прыбіральшчыкаў, але нават супрацоўнікаў “Сіліч” туды не пускаюць. Такая дзяржава ў дзяржаве”.

Марына Коктыш дазванілася да бізнэсмэна Анатоля Зубоўскага, які фігуруе ў скандале вакол элітнай кватэры, паводле кіраўніка дзяржавы незаконна прададзенай былому пракурору Менскай вобласьці Міхаілу Сьнегіру. Спадар Зубоўскі настойвае на законнасьці зьдзелкі. Журналістка Марыя Эйсмант піша пра асаблівасьці дзяржаўнай праграмы пабудовы жыльля для бюджэтнікаў: ільготныя кватэры дастануцца толькі супрацоўнікам сілавых ведамстваў, а пра настаўнікаў і мэдыкаў зноў забыліся.

“Рэгіянальная газэта”, якая выходзіць ў Маладэчне, дапамагае шукаць дырэктара мясцовага прадпрыемства “Малметалгруп” Андрыяна Жураўлёва. Кіраўнік выйшаў з дому 7-га сьнежня і зьнік. “Выключны выпадак”, – камэнтуюць ў міліцыі, але пакуль устрымліваюцца ад вэрсій. Таксама газэта паведамляе пра незвычайнае, з адценьнем перадсьвяточнага гумару, здарэньне ў Вілейцы. Кажа журналіст Сяргей Зянько.

“У Вілейцы усталявана скульптура Вільляны – гэта міфалягічная заснавальніца ракі Віліі. І вось невядомыя размалявалі лякам пазногці скульптуры. Зрабілі ёй пэдыкюр. Рукі высока, таму размалявалі пазногці на нагах.”

Гарадзкія ўлады ужо выдаткоўваюць сродкі на аднаўленьне першаснага выгляду скульптуры, паведамляе выданьне.

Івацэвіцкае выданьне “Газэта для вас” паведамляе пра розныя лёсы двух новабудоўляў гораду: дома правасудзьдзя і раённай бальніцы. Рэдактар Лідзія Цалуйка.

Памірае на 50% болей людзей, чым нараджаецца
“Дом правасудзьдзя ўжо ў канцы сьнежня будзе здадзены, а пабудавалі яго ўсяго за гэтае лета. А пра бальніцу ўжо 20 гадоў вядуцца размовы, што трэба будаваць, дык то месца ня тое, то з памерамі ніяк не вызначацца. Добрыя намеры гэтак і застаюцца намерамі”.

Газэта прыводзіць сумную статыстыку: за 11 месяцаў у раёне нарадзілася 554 дзіцяці, а памерла 854 чалавекі. “Памірае на 50% болей людзей, чым нараджаецца”, – канстатуе газэта.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG