Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Апазыцыя хоча далучыцца да дыялёгу ўладаў з АБСЭ


Свой праект зьменаў у выбарчае заканадаўства Беларусі накіравалі ў Бюро дэмакратычных інстытутаў і правоў чалавека АБСЭ Аб’яднаныя дэмакратычныя сілы Беларусі.

Яны хочуць далучыцца да дыялёгу, які ў студзені 2009 году пачынаюць беларускія ўлады і Бюро АБСЭ наконт паляпшэньня выбарчых законаў і практыкі іх ужываньня.

Дыялёг, дазвол на які даў асабіста Аляксандар Лукашэнка, пачнецца з прыезду ў Менск экспэртаў Бюро дэмакратычных інстытутаў і правоў чалавека АБСЭ. Менавіта гэта арганізацыя лічыцца самай дасьведчанай у выбарчых справах.

Старшыня Цэнтарвыбаркаму Беларусі Лідзія Ярмошына з гэтай нагоды паведаміла “Свабодзе”:

“Наколькі я ведаю, прадстаўнікі Бюро АБСЭ маюць намер наведаць Менск у другой палове студзеня. І натуральна, што пройдуць кансультацыі ў згаданых пытаньнях”.

Спадарыня Ярмошына дадала, што перамовы могуць пачацца з “круглага стала”, на якім падвялі б вынікі мінулай парлямэнцкай кампаніі і абмеркавалі заўвагі Бюро АБСЭ.

Аб’яднаныя дэмакратычныя сілы Беларусі сёлета ўжо тройчы зьвярталіся да ўладаў, у тым ліку і ў Цэнтральную выбарчую камісію, з прапановай унесьці зьмены ў заканадаўства аб выбарах. Але ім альбо наагул не адказвалі, альбо гаварылі, што гэта не патрэбна.

Цяпер сытуацыя зьмянілася. Але, падобна, улады хочуць выйсьці на наўпроставы дыялёг зь Бюро дэмакратычных інстытутаў і правоў чалавека, ігнаруючы апазыцыю, цьвердзіць каардынатар кампаніі “За свабодныя і справядлівыя выбары” Віктар Карняенка:

Без удзелу прадстаўнікоў беларускіх дэмакратычных структур дыялёг будзе непаўнавартасны
“Без удзелу прадстаўнікоў беларускіх дэмакратычных структур дыялёг будзе непаўнавартасны. Мы прапаноўвалі такую дыскусію, і мы да яе гатовыя. Але калі гэта будзе дыялёг замежных інстытутаў зь беларускімі ўладамі, без дэмакратычнай грамадзкасьці, выніку ён ніякага ня дасьць”.

Палітоляг Аляксандар Класкоўскі адзначае: цяпер ужо відавочна, што Захад і беларускія ўлады, фактычна, вядуць дыялёг наўпрост. І гэта падштурхоўвае апазыцыю да канкрэтных дзеяньняў, лічыць аналітык:

“Яны сталі варушыцца, рабіць нейкія канкрэтныя захады, дзеля таго, каб дэ-факта спраўдзіць сваё права на ўдзел (хай, не паўнавартасны, хай сабе, частковы), але ж удзел у гэтым дыялёгу. Таму што проста крыўдзіцца, казаць, што мы добрыя, а нас не бяруць у гэту гульню, выглядае па-дзіцячаму. А калі ёсьць пэўныя дзеяньні, а менавіта ў галіне выбарчага заканадаўства яны сапраўды ёсьць (заяўлена пра ініцыятыўную групу, якая будзе зьбіраць подпісы за ўнясеньне зьменаў у выбарчы кодэкс), то , чаму ж не? Вось і гэты “круглы стол” мог бы стаць зручнай формай, калі б і беларуская ўлада ня страціла твар – гэта ж не барыкадныя выступы, а культурна, карэктна, інтэлігентна, з трыбуны ці на дыскусіі ў залі”.

Прапановы Аб’яднаных дэмсілаў найперш тычацца чатырох палажэньняў выбарчага працэсу: прапануецца скасаваць папярэдняе галасаваньне ці зрабіць працэдуру такой, каб яна не дазваляла фальсыфікацыі; гарантаваць партыям, якія ўдзельнічаюць у выбарах, іх абавязковае прадстаўніцтва ў выбарчых камісіях; пашырыць правы назіральнікаў і даць магчымасьць весьці паўнавартасную агітацыю.
XS
SM
MD
LG