Лінкі ўнівэрсальнага доступу

18 сьнежня А. Лукашэнка ў інтэрвію дзяржаўным беларускім СМІ заявіў, што ў Беларусі будзе праведзена лібэралізацыя ня толькі эканомікі, але й жыцьцядзейнасьці ўсяго грамадзтва. Але ў вызначаных ім межах.

Найперш трэба адказаць на пытаньне, дзеля чаго гэтае вялікае інтэрвію было запісанае і паказанае па ўсіх тэлеканалах, што хацеў сказаць Лукашэнка?

Падаецца, што апошнім часам ў краіне ўзьнікла пэўная новая сытуацыя. Гэта і эканамічны крызіс, гэта і гаворкі пра лібэралізацыю, гэта і дачыненьні з Эўропай. У грамадзтве ўзьнікла пэўная разгубленасьць, узьнікла пытаньне, ці ўвогуле ўлады кантралююць сытуацыю? Як мне падаецца, А. Лукашэнка хацеў растлумачыць людзям сваю пазыцыю, супакоіць іх.

У інтэрвію шмат цікавых тэзысаў. Найперш зьдзіўляе тое, што ў самым пачатку Лукашэнка казаў аб нейкай мэсіянскай ролі Беларусі, якой нібыта належыць вядучая роля ў сусьветных дачыненьнях. Але мне падаецца, што больш важным быў тэзіс аб тым, што той крызіс, які зараз наступае,-- гэта ня наш крызіс. Ён прыйшоў звонку, і кіраўніцтва Беларусі невінаватае ў ім. Тым не меней Лукашэнка хацеў усіх запэўніць, што ўсё будзе ў парадку, што цэнамі на газ Расея ня будзе моцна ціснуць на Беларусь.

Што да лібэралізацыі, то А. Лукашэнка некалькі раз падкрэсьліў, што гэта лібэралізацыя не толькі эканамічная, а ўсяго грамадзкага жыцьця. Гэта найперш вызваленьне ад ціску бюракратыі, шмат было сказана менавіта аб гэтым. Тым не меней Лукашэнка адзначыў, што ёсьць пэўныя межы гэтай лібэралізацыі, што яна ня будзе абсалютнай. Што, напрыклад, прыватызацыя будзе за вялікія грошы, а такой масавай прыватызацыі ня будзе. То бок рынкавых рэформаў у поўным сэнсе гэтага слова ня будзе. Індывідуальныя прадпрымальнікі, якія цяпер пратэстуюць і патрабуюць эканамічнай свабоды, паводле А. Лукашэнкі, ня маюць сумленьня.

Нічога не атрымае і апазыцыя.

Калі падводзіць высновы, то я б сказаў так, што галоўны мэсыдж Лукашэнкі грамадзтву такі: у краіне ўсё пад кантролем, зьмены будуць, але яны не радыкальныя, яны будуць ісьці толькі ў пэўных межах.


  • 16x9 Image

    Валер Карбалевіч

    Нарадзіўся ў 1955 годзе. Скончыў гістфак БДУ, кандыдат гістарычных навук, дацэнт. Палітычны аглядальнік «Радыё Свабода».

     

     

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG