Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Бел-чырвона-белы сьцяг ля Гроба Гасподняга — з Войстаму


Новае “Падарожжа “Свабоды” — у Войстам, што на Смаргоншчыне. Эфір 18 сьнежня.

Бадай, упершыню за гады вандровак асноўнай мэтай была сустрэча са сьвятаром, чыя прысутнасьць, як тут кажуць, цэмэнтуе ўсе сфэры вясковага жыцьця. Айцец Леан — ініцыятар усталяваньня Крыжа Памяці ахвярам камунізму ды фашызму. Ён давёз у Ерусалім да Гроба Гасподняга бел-чырвона-белы сьцяг.

Размова наша адбылася бліжэй да сярэдзіны дня, пасьля імшы. Напачатку ж у Войстаме, што на Смаргоншчыне, я сустрэўся яшчэ з адной вядомай у вёсцы асобай — спадаром Аляксандрам Мілінкевічам, стрыечным братам вядомага палітыка. Мажнаму, каржакаватаму чалавеку зь вясёлымі, маладымі вачыма — 66. Працаваў інжынэрам, настаўнікам. 8 год — старшынём мясцовага сельсавету. Кажа, што з працаўладкаваньнем дзьвюх соцень жыхароў былі і ёсьць праблемы.

Мілінкевіч: “У Войстаме пару чалавек даяркі, трактарысты, пару кіроўцаў. Моладзь едзе ў Смаргонь на завод станкабудаваньня. Астатнія сядзяць дома”.

Як і знаны брат, спадар Аляксандар заангажаваны ў палітыцы — агітаваў у часе кампаній, распаўсюджваў улёткі.

Мілінкевіч: “Вялікая залежнасьць ад старшыні калгасу — цар і бог. Трактара няма, cоткі ў апошнюю чаргу пахаць, калі ты супраць — „ідзі да БНФ“. А небывальшчыну нясуць! На прэзыдэнцкіх выбарах прыдумалі, што я хадзіў з аўтаматам каля школы. Пасьля гэтага на выбары не іду, бо скажуць, што зэнітны комплекс паставіў, ды ў псыхушку засадзяць. Як партбілет аддаваў, Велькашчынскі, былы першы сакратар райкаму партыі, сказаў — „я цябе так засаджу, што будзеш усё жыцьцё сьмяяцца“. Кінуў партбілет і сказаў — „са злодзеямі не хачу мець слова“. У раённай газэце напісалі — „выключылі за страту сувязі з партыйнай арганізацыяй“. Усе бальшавіцкія газэты выходзілі чорна-белыя, а „Наша Ніва“ — з чырвоным . Старшыня сельсавета падышоў — „цікавую газэту чытаеш“. Пачытаў назву, як ірвануў, нібы зямля разявіцца. Баяцца пачытаць ці паслухаць іншае — ідэалёгія Лукашэнкі. „Пэнсійку дае“ — а ня ведаюць, што драбязу дае, каб ня здох. Можа, у душы супраць, а так ніхто не паказвае…”

Пра норавы тутэйшай вэртыкалі спадар Мілінкевіч згадаў і потым, распавядаючы гісторыю яшчэ адной калегі па апазыцыі — сябры Партыі БНФ Галіны Альхімовіч.

Мілінкевіч: “Як прыйшла на мэхстан, цяперашні старшыня кажа — “ну што, хутка будзеце нас вешаць?” Падумаць! Трэба было сказаць — “вы самі перавешаецеся!”

Я ў сьціплым хатнім пакойчыку з Галінай Дзьмітрыеўнай. Гаспадыня ў валёнках — зранку яшчэ ня палена. І — у атачэньні трох любімых котак, якія, як яна кажа, часьцяком разумеюць лепей за людзей.



Альхімовіч: “Нашы настаўнікі-непэнсіянэры прымітыўныя, проста дзіва! Як начальства гаворыць, рабі, і будзеш мець рацыю. Баяцца страціць працу. Тры настаўнікі падпісаліся, што ня супраць, каб я была назіральнікам. У выбарчай камісіі іх зарэгістравалі. А-ёй, калі ж выклікала іх дырэктарка Махнач Сьвятлана Эдуардаўна — „а вы ўжо ў апазыцыю запісаліся, чаго ж вы ў школе гэтай робіце?!“ Прыходзяць яны, мужык нічога не гаворыць. А яна — „цяпер колькі жыць буду, ня буду ні за кога падпісвацца“. А як калгасы, брыгадзірам, старшынёй станавіўся той, хто ўмее пад хвастом казытаць. Начальству так нашэпчуць, што таму каня не дае, сена, то соткі адрэжа. А калі пайшлі людзкія людзі, дык ня слухалі гэтых „навушнікаў“. Вось і цяпер талковы брыгадзір Алянцэвіч…”

Я сустрэўся з 38-гадовым Віктарам Алянцэвічам, галоўным аграномам СВК “Вострава”, да якога адносіцца Войстам. Інжынэр паводле адукацыі, карэнны жыхар. Кажа, таму і ўтрымаўся тут 8 год.

Алянцэвіч: “Я, можна сказаць, самы малады — ня хочуць спэцыялісты сюды прыяжджаць. Хоць калі ёсьць недзе па 130 тысяч заробку, у нас жыць можна.

У гэтым годзе атрымалі 1 мейсца па нарыхтоўцы кармоў у раёне — на адну ўмоўную галаву больш за 30 цэнтнэраў. У сувязі з тым, што, відаць, будзе аграгарадок, пачынаюць будаваць сушылку прадукцыйнасьцю 30 тон у гадзіну. Працоўных месцаў — для 4-х чалавек. Асфальт, можа, пакладуць упершыню за гадоў 50. Хто хоча працаваць, мільён і больш атрымае…“

Тое, што не дагаварыў, відаць, паводле пасады, Віктар Алянцэвіч, дадаў памянёны Аляксандар Мілінкевіч.

Мілінкевіч: “Па мільёну ў часе ўборкі ці пасяўной — а зімой? Брыгадзір кажа 400 тысяч? А 40 тысяч? Зімой жа працы няма. Толькі гной чысьціць на фэрмах — так што я ня веру, што маюць 400 тысяч. І не хапае кадраў трактарыстаў…”

Ля мэхстану на прычэп грузілі лістоту і сухія галінкі. Вылучыў хвіліну пагутарыць з трактарыстам, спадаром Антонам Пастарнакам. Ён працуе, хоць 9 год як на пэнсіі.

Пастарнак: “Як рабіў улетку, па 400 і болей меў. А зімой па 70 рублёў выходзіць. Выхадныя, мо, тры будуць — на фэрму салому возяць, ня надта заробіш. Тыдзень гной павозяць, тры тыдні нічога няма. Стаяць ў трактары…”

Зь яшчэ больш дзіўнай сытуацыяй сутыкнуўся на мясцовай фэрме. Дзьве даяркі, абслугоўваючы па 63 каровы, надойваюць па 11 літраў ад кожнай. Атрымліваюць нібы няблага — па 800 тысяч. Але вяскоўцы на фэрму не ідуць. Гутару з Ірынай Аўгусьціновіч ды Натальляй Шашовай.

Спадарыні: “Нам патрэбныя 2 даяркі, ніхто ня хоча ісьці рабіць, таму што вельмі цяжка. Заробак лепшы, чым па калгасах, але за такую працу малавата. Раздача кармоў уручную — муку, сілас, сена… Працую з 6 раніцы, дахаты ў 15 гадзін, а пасьля з 18 да 21:00. А ўлетку і да 24 бывае. Цялушкі вельмі часта целяцца — адрабляеш больш, чым тыя 800 тысяч…”

У часе гутаркі са спадарыняй Альхімовіч зьвярнуў увагу на адну яе рэпліку.

Альхімовіч: “Бальніцу закрылі, астатнія сацыяльныя ложкі. Мая суседка гаварыла — як іх кормяць, страх глядзець. Есьці хочацца, а хадзіць ня могуць. Просяць санітарак прынесьці з крамы — а яна ж не разьлічана на дыету. Кілбасы, булкі купяць…”

Я завітаў у Войстамскую бальніцу сястрынскага догляду — тут 26 старых з усёй Смаргоншчыны. 3 гады, ад пачатку існаваньня, старшай медсястрой працуе мілавідная Тацьцяна Алінцэвіч.

Алінцэвіч: “Пэнсія іх прыносіцца сюды — 80% мы вылічваем, а 20% на рукі. Патрапляюць да нас празь „Цёплы дом“ — арганізацыя, што займаецца людзьмі, у якіх дзеці знаходзяцца па-за тэрыторыяй РБ альбо ў якіх іх няма. Цяпер вялікая чарга — на 17 чалавек. Самай старэнькай 86 год, а ёсьць і хлопчык з 85-га. Яго маці памерла. А тата п’е. У яго цэрабральны параліч, і ён не размаўляе. За іх кошт — іхняе сілкаваньне, наш заробак — за іх догляд…”

Ідзем разам з Тацьцянай у палаты.

Спадарства: “Шолах Зянон Осіпавіч. Дажываю, я з 41-га. Адзін — інсульт. У Польшчы сястра, таксама хворая. Тут цёпла, капейкі даюць… А мне 75 год, дома звалі Янэк Манчак — я каталік. Касіў, на фэрме быў. Пэнсія 230. Выпіў раз — кілбаскі ня будзеш мець. Паўгода чакаў, каб сюды патрапіць. Карова была, кабанчык. Пасьля стаў слабець у пустой хаце — ні тэлефона, ні суседа, ні санітара — можа, я павалюся. А дома адзінокаму чалавеку капут…”

* * *


Яшчэ перад вандроўкай прывабіла незвычайная назва вёскі. Вядомая ўжо Галіна Альхімовіч у школе працавала гісторыкам, стварыла краязнаўчы музэй. Але й яна кажа — існуе толькі гіпотэза наконт паходжаньня назвы.

Альхімовіч: “Гавораць, некалі тут была бітва з мангола-татарамі, дык загінула шмат людзей і стаяў вой і стогн. Вяскоўцы жылі адасоблена, ні з кім не сябравалі. Некалі гміна была пры польскай уладзе, тады ўчастак нямецкі — нікуды нікога не выпускалі. Як былі немцы, адзін аднаго прадавалі. Адзін сусед у другога пасьвіў на мяжы — там трава расла. Дык немцы прыйшлі па даносу, узялі таго пастуха, мучылі і забілі…”

З сыходам спадарыні Галіны на пэнсію 9 год таму прыйшла ў заняпад і краязнаўчая справа. Дый ня толькі яна.

Альхімовіч: “Болей за 300 экспанатаў было — рэчы, якімі людзі карысталіся. Плуг, саха, берды, што на кросны. Дзёньнікі вучнёўскія, газэты я сабрала. Дырэктар быў — „навошта вам тая макулатура?“ Вынесьлі і здалі ўсё. А цяпер сквэрык насупраць школы і сельсавету распарадзіўся выразаць старшыня райвыканкаму Гой. А старую школу, якую зрабілі пад клюб — разьбіраць. Дык ці ж гэта таньней — зьнішчаць, чым рамантаваць?! Старшыня сельсавету кажа — „ой, хто тут будзе таньчыць, моладзі ж няма?“ Дык вы, кажу, хочаце аграгарадок, гэта ж нагода, што прыедуць маладыя людзі зь дзецьмі. Ім трэба і забаўляцца. „Ой, хто сюды паедзе…“ Ня ведаю, што там будзе…”

А вось 44-гадовы сьвятар — айцец Леан Ладыш — дакладна ведае, што ў наступным годзе Войстам чакаюць сьвяточныя імпрэзы, зьвязаныя з 70-годзьдзем тутэйшага касьцёла Сьвятой Тройцы. Кажа, што “амаль мясцовы” — з Воранаўскага раёну. У парафіі ён ужо 14 гадоў. Паслухаць яго на імшы, дарэчы, беларускамоўнай, зьбіраецца да 300 чалавек. Айцец Леан атрымаў апостальскае блаславеньне, падпісанае асабіста Янам Паўлам II. Ён жа знайшоў старажытны абраз сьвятой Ганны 17 стагодзьдзя, які ўпрыгожвае зараз храм. Гісторыя касьцёла непарыўна зьвязаная з гісторыяй вёскі, кажа айцец Леан.

\


Айцец Леан: “Наш касьцёл Сьвятой Тройцы ў першую сусьветную быў спалены, вёска згарэла ўся, людзі былі выгнаныя ў Літву. Тут быў фронт. Толькі былі каплічкі каменныя пасьля вайны. Людзі жылі ў зямлянках. Пабудавалі драўляную капліцу — „шопу“. У 1939-м касьцёл быў нетынкаваны, не было падлогі. Але 8 верасьня, у дзень нараджэньня Маці Божай, сьвята нашай парафіі, перайшлі ў яго. Першы год, калі немцы прыйшлі, сыпалі збожжа ў касьцёле, але абразы, алтар пальцам не кранулі. У 50-м годзе ксёндз быў пакліканы ў сельсавет, яго моцна пабіла КДБ, і праз тыдзень памёр. Ён быў у Жодзішках на фэсьце і ў казаньні сказаў, што „прыйшла чорная хмара“ — напэўна, пра бальшавікоў. І з таго году матывацыя закрыць касьцёл была — не плацілі падаткаў. А яны павялічваліся. Людзі зьбіралі камітэт, хадзілі па вёсках за ахвярамі. І ў 1958 годзе прыехаў зь лягераў сыбірскіх ксёндз Францішак Більша. Ён быў чалавек хворы, баяўся — „людзі, дзяцей у касьцёл не вадзіце, бо мяне будуць караць“. Нельга было рабіць рамонту — быў бедны Божы дом. І толькі калі пачалася перабудова гарбачоўская, дазволілі тынкаваць, маляваць, прыяжджаць ксяндзам з Польшчы…”

Усебеларускую вядомасьць і парафіяльную падтрымку атрымала ініцыятыва айца Леана ўсталяваць памінальны крыж ахвярам камунізму ды фашызму. Адстойваньне яго ад нападаў вэртыкальшчыкаў цягнулася 2 гады — да апошняга часу.

Айцец Леон: “3 гады былі немцы ў нас, і былі агароджаныя калючым дротам, і дрэвы сьпілаваныя — баяліся партызан савецкіх. Немцы, не разьбіраючыся, стралялі. Жукава гара — шмат пастралялі нявінных. І шмат вывезьлі ў Сыбір — гаспадароў, якія любілі зямлю. І прыходзілі людзі — „няма магілы, дзе памаліцца“. Таму ўзьнікла думка паставіць крыж на магільніку тым ахвярам. Але небясьпека, каб улада яго ня зьнішчыла, бо зямля там сельскага савету. Вырашылі паставіць помнік-крыж ля касьцёла. Людзі памаглі фундамэнт капаць, грашыма, зрабілі прыгожы крыж з таблічкай „ахвярам фашызму і камунізму, верасень 1939“. Людзі цярпелі ад двух таталітарных рэжымаў. Праз тры дні ўжо ведалі ў раёне, былі ў шоку. Прыехалі правяраць, і адразу мяне выклікаюць. Матывацыя — „трэба было да нас зьвярнуцца па дазвол, але мы ўсё роўна б вам не дазволілі!“ (Сьмех.) Сталі страшыць. Але кажу, што парафіяне мае кажуць, што патрэбна гэтая памятка. Праз год ізноў прыехала камісія і прыслалі паперу — „даем месяц тэрміну дэманціраваць таблічку пры памятным знаку“. Людзі кажуць — „мы ў савецкія часы абаранілі касьцёл і ксяндза, абаронім і вас. І будзем усёй парафіяй галадаваць у касьцёле.“ Два дні — ужо ведалі ў раёне, Гродна, званілі да біскупа. Сказалі — „хай будзе гэты крыж, усё ў парадку“. І цяпер тут молімся 10 лютага, калі першая дэпартацыя была, 1 верасьня, калі быў пачатак вайны, і 17 верасьня. Вернікі адстаялі крыж…”

Два гады таму айцец Леан быў у Ерусаліме ля Гроба Гасподняга. Разглядаем разам зроблены там фотаздымак зь бел-чырвона-белым сьцягам.



Айцец Леон: “На Гасподняй Грабніцы сьцяг, таму што бел-чырвона-белая — хрысьціянская сымболіка. Кроў і вада Хрыста. У наступным годзе юбілей касьцёла — 70 год. Плянуем, каб біскуп яго нанова асьвяціў. Зрабілі рамонт, шмат грошай ахвяравалі. Прыходзілі нават бабкі старэнькія, казалі — „дайце нам працу лягчэйшую дапамагчы“. Людзі нашай ваколіцы моцнай веры. Войстам уратуе вера…”
XS
SM
MD
LG