Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У чацьвер Нацыянальны статыстычны камітэт Беларусі абвесьціў рэкордны спад прамысловай вытворчасьці — на 13,8% у лістападзе гэтага году. На многіх прадпрыемствах уведзены скарочаны працоўны тыдзень, людзей накіроўваюць у адпачынкі за свой кошт. А ў сярэдзіне наступнага тыдня пачнуцца так званыя “калядныя вакацыі”. Ці радуецца народ вымушаным адпачынкам, ці маюць права кіраўнікі прадпрыемстваў прымушаць працаўнікоў пісаць заявы на іх?

Зьвесткі пра скарочаны працоўны тыдзень, адпачынкі за свой кошт прыходзяць з розных куткоў краіны. У невялікіх гарадах, дзе прамысловых прадпрыемстваў няшмат, пра спыненьне вытворчасьці толькі і гавораць. Часткова спыніў працу Наваградзкі завод газавай апаратуры, баранавіцкі завод агрэгатаў, Крычаўскі завод гумавых вырабаў. Работніца з Крычаву кажа:

“Стаім, лічы, ужо больш за месяц. Я два тыдні ўжо сяджу дома”.

На “Гомельшкле” таксама праблемы, кажа намесьніца старшыні прафкаму:

“У нас цэх прамысловай перапрацоўкі шкла ўжо зь лета працуе на дзьве траціны, пазьменна. Лічыце, ужо паўгода. У сувязі з тым, што няма заказаў”.

У цяжкім становішчы прадпрыемствы лёгкай прамысловасьці, якія значную частку прадукцыі пастаўлялі ў Расею, ва Ўкраіну. Праблемы ў салігорскай “Купалінкі”, жодзінскага “Сьвітанку”, якія вырабляюць бялізну з трыкатажу: склады затавараныя. Распавядае працаўніца фабрыкі “Сьвітанак” з Жодзіна:

“Нам усім ненавязьліва прапанавалі напісаць заявы аб тым, што мы перад сьвятамі просім адпачынак за свой кошт. Выбачайце, а
За што я сваім дзецям буду купляць навагоднія падарункі пад елку?
за што я сваім дзецям буду купляць навагоднія падарункі пад елку? Мы і так працуем зараз 4 дні на тыдзень, заробку амаль не атрымаем. А што будзе пасьля Новага года, аднаму Богу вядома. Напэўна, заробак будзем атрымліваць нашымі ж трусамі і майкамі”.

Ці мае права кіраўніцтва прадпрыемства прымушаць пісаць заявы на адпачынак? Юрыст Кангрэсу дэмакратычных прафсаюзаў, аўтар кнігі “Права на адпачынак” Алена Яськова тлумачыць:

“Людзі нашы недастаткова ведаюць свае правы, афіцыйныя прафсаюзы недастаткова іх абараняюць, таму прадпрыемства звычайна вырашае свае праблемы за кошт людзей. Іх прымушаюць пісаць заявы на кароткатэрміновы
Адпачынак без захаваньня заработнай платы — толькі са згоды працаўнікоў!
адпачынак без захаваньня заработнай платы. У Працоўным кодэксе ёсьць артыкул 191: „можа быць прадастаўлены кароткатэрміновы адпачынак дзеля прадухіленьня скарачэньня работнікаў па ініцыятыве наймальніка, але са згоды працаўніка“. Толькі са згоды працаўнікоў!”

Пакуль цалкам адсачыць, наколькі маштабныя праблемы вымушаных адпачынкаў, скарачэньняў працоўнага тыдню даволі складана, бо кіраўнікі хаваюць інфармацыю, ідуць на ўсялякія хітрыкі, кшталку ўгавораў добраахвотна пісаць заявы, кажа старшыня Беларускага прафсаюзу работнікаў радыёэлектроннай прамысловасьці Генадзь Фядыніч:

“Мілавіца” з 24 сьнежня па 19 студзеня ня будзе працаваць. На гэты конт ёсьць ужо загад. Што тычыцца машынабудаўнічых прадпрыемстваў, некалькі цэхаў МАЗа на чатырохдзёнцы, “Інтэграл” даўно ўжо перавёў на скарочаны рэжым працы сваіх інжынэрна-тэхнічных работнікаў. Але саміх загадаў пакуль яшчэ няма. На наступным тыдні, відавочна, будуць ужо загады, і нам лягчэй будзе адсачыць сытуацыю“.

Сяргей, інжынэр-канстуктар аднаго з падразьдзяленьняў МАЗу распавёў, што яго ўжо папярэдзілі пра адпачынак за свой кошт:

“З 24 сьнежня па 8 студзеня неаплачваны адпачынак. Хто вам будзе яго аплачваць? А на „Гарызонце“, я дакладна ведаю, з 25 сьнежня па 12 студзеня аплачваюць адну траціну”.

Юрыст Алена Яськова тлумачыць, што і ў выпадку зь Сяргеем з МАЗу, якому не заплацяць наагул нічога, і ў выпадку з працаўнікамі “Гарызонту”, якія паабяцалі адну траціну заробку працоўнае заканадаўства парушаецца:

“Падзеньне аб’ёмаў вытворчасьці і часовая адсутнасьць працы кваліфікуецца як прастой. І тое, што зараз людзей накіроўваюць у адпачынкі без захаваньня заработнай платы альбо ўстанаўліваюць няпоўны працоўны тыдзень — гэта прастой па віне наймальніка. Калі няма магчымасьці перавесьці работніка на іншую працу, наймальнік павінен аплачваць дзьве траціны акладу”.

Што тычыцца няпоўнага працоўнага тыдню, гэта разглядаецца як істотныя зьмены ўмоваў працы, і згодна з артыкулам 118 Працоўнага кодэксу, няпоўны працоўны час устанаўліваецца толькі па дамоўленасьці паміж працаўніком і наймальнікам. І наймальнік павінен за гэты час таксама выплачваць дзьве траціны тарыфнай стаўкі акладу. Так што многія кіраўнікі сьвядома парушаюць працоўнае заканадаўства.

А як народ ставіцца да вымушаных калядных вакацыяў, якія на некаторых прадпрыемтвах зацягнуцца да сярэдзіны студзеня, а то даўжэй? Інжынэр-канструктар МАЗу Сяргей кажа:

“Ну як я стаўлюся? Нэгатыўна, канечне. Сьвяты вялікія атрымоўваюцца, накладна вельмі. І бяз грошай фактычна”.

Спадарыня Ларыса з Салігорску перакананая:

“Народ наш паміж сабой незадавальненьне выказвае, але ўлада вельмі добра зразумела, што людзі вытрымаюць яшчэ больш складанае становішча”.
XS
SM
MD
LG