Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дзеля чаго правёў прэсавую канфэрэнцыю Аляксандар Лукашэнка? Якія галоўныя думкі палічыў патрэбным давесьці да беларускай і замежнай аўдыторыі кіраўнік краіны? Ці варта спадзявацца на рэальную эканамічную лібэралізацыю ў Беларусі? На гэтыя ды іншыя пытаньні адказвае палітычны аглядальнік газэты “Белорусы і рынок” Паўлюк Быкоўскі

Віталь Цыганкоў
Цыганкоў: “Якое пасланьне прэзыдэнт Беларусі ў гэты час нарастаньня крызісу вырашыў перадаць аўдыторыі? Што галоўнае можна адзначыць у гэтым інтэрвію?”

Паўлюк Быкоўскі
Быкоўскі: “Важны і антураж, у якім пайшло інтэрвію. Інфармацыя з прэс-канфэрэнцыі пайшла дазавана і запозьнена. Калі раней у падобных выпадках рабілася жывая трансляцыя, то цяпер мы бачым толькі паведамленьні БелТА, і потым прэсавая канфэрэнцыя будзе паказаная па ТВ. На мой погляд, гэта сьведчыць, што не рызыкавалі даваць жывы эфір, бо хацелі ўзважыць кожнае слова.

Што тычыцца “мэсыджаў”, то іх было некалькі. Адзін тычыцца крызісу і тут Лукашэнка робіць упор на тое, што галоўнае — не заробак, а захаваньне стабільнасьці эканомікі. То бок усе мусяць зацягнуць паясы і вытрываць выпрабаваньні.

Два другія мэсыджы — Расеі й Эўразьвязу. З аднаго боку, Лукашэнка перад сустрэчай зь Мядзьведзевым расказвае, што азначае для Беларусі Расея. Зь іншага — выказваецца пра тое, наколькі важныя адносіны з Эўразьвязам. Разам з тым сьцьвярджаецца, што Беларусь ня будзе ісьці ў Эўразьвяз, бо туды не запрашалі й Менск ня мае такога намеру. Што да NATO, то Беларусь туды і не глядзіць”

Цыганкоў: “Ня менш істотнымі, як мне здаецца, былі словы Лукашэнкі пра неабходнасьць лібэралізацыі беларускай эканомікі. Гэтыя клятвы ў лібэралізацыі — ці проста рэфлекторная рэакцыя на крызіс, ці гэта ўжо прынцыповы падыход улады да некаторых эканамічных праблемаў?”

Быкоўскі: “З аднаго боку, многія беларускія чыноўнікі даўно мараць, каб можна было б паводле кітайскага ўзору лібэралізаваць беларускую эканоміку й пакінуць палітычную сыстэму непахіснай. Але далей за нейкія мары гэта не ішло.

Што да сёньняшніх словаў Лукашэнкі, то ён казаў, што трэба разьняволіць дзяржаўныя прадпрыемствы да ўзроўню прыватных. Але ў нас большасьць прыватных прадпрыемстваў зьвязаныя шматлікімі нормамі — дзяржава не дазваляе падвышаць наўпрост кошты, выкарыстоўваць пасярэднікаў і гэтак далей!

Бюракратычная машына нават не заўважае, што пачаўся крызіс, ня ведае, як сабе паводзіць, што трэба мяняць. Так што пакуль мы можам казаць толькі пра словы пра лібэралізацыю эканомікі. Паглядзім на тыя дакумэнты, якія, як паведаміў Лукашэнка, ён падпісаў і якія хутка мусяць быць апублікаваныя”.
  • 16x9 Image

    Віталь Цыганкоў

    Віталь Цыганкоў скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Адзін з двух заснавальнікаў першага недзяржаўнага агенцтва навінаў БелаПАН. Працаваў ў газэтах «Звязда», быў карэспандэнтам у Беларусі расейскай «Независимой газеты», Associated Рress, аглядальнікам у газэце «Свабода».  На беларускай Свабодзе ад 1994 году. Карэспандэнт расейскай Свабоды ў Беларусі.
     

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG