Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Краіны Эўразьвязу паэтапна ўводзяць біямэтрычныя пашпарты. Беларусь таксама рыхтуецца да ўвядзеньня электронных дакумэнтаў. Разам з Эўракамісіяй і Міжнароднай арганізацыяй па міграцыі Міністэрства ўнутраных спраў, Дзяржаўны памежны камітэт, Дзяржзнак ажыцьцяўляюць праект “Міграбел”. Вывучаны замежны досьвед, распрацоўваецца прававая база. Канцэпцыю ўхваліў прэзыдэнт. Але абавязковага пераходу на біямэтрычныя пашпарты пакуль ня будзе, запэўніў прадстаўнік Дэпартамэнту па грамадзянстве і міграцыі Анатоль Ланін:

“Атрыманьне біямэтрычнага пашпарта будзе толькі паводле заяўнага прынцыпу. Толькі па жаданьні грамадзянін можа атрымаць такі пашпарт. Пераход вельмі дарагі: для прыкладу, у Швайцарыі з насельніцтвам 7 мільёнаў жыхароў пілётны праект, які пачаўся ў 2004 годзе і завершыцца ў 2010 годзе, абыдзецца ў 14 мільёнаў франкаў”.

Звычайны пашпарт у Швайцарыі каштуе 70 франкаў, біямэтрычны — 250. Але можа здарыцца, што іншыя краіны пачнуць паэтапны пераход на біямэтрычныя пашпарты, і каб не апынуцца безабароннай, Беларусь таксама павінна быць падрыхтаваная, кажа палкоўнік міліцыі Анатоль Ланін:

“Уводзіць біямэтрычныя пашпарты Рэспубліка Беларусь будзе толькі тады, калі выезд нашых грамадзян з краіны стане праблематычным ці немагчымым. На сёньняшні дзень цяжкасьцяў, перашкодаў для нашых грамадзянаў не існуе. Ёсьць невялікія складанасьці, калі чалавек, да прыкладу, падае дакумэнты на візу ў амбасаду Вялікай Брытаніі. Яго ў амбасадзе просяць зьняць адбіткі пальцаў і сфатаграфавацца. Гэта займае адну-дзьве хвіліны. Але можа прыйсьці час, калі краіны Эўразьвязу скажуць, што перасячэньне мяжы і перасоўваньне — толькі паводле біямэтрычнага пашпарта”.

Мяркуецца, што ў вокладцы пашпарта будзе зьмешчаны чып зь біямэтрычнымі зьвесткамі пра чалавека. Пашпарт з такімі зьвесткамі будзе выдавацца ў абмен на звычайны пашпарт.
XS
SM
MD
LG