Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Як дараваць?


Дараваньне – гэта паразуменьне бакоў, у выніку якога не застаецца крыўдаў. Табе могуць дараваць на словах, але крыўда застаецца ў сэрцы.



Калі ты сам сабе нашкодзіў або саграшыў, другім бокам можа выступіць тваё alter ego або, напрыклад, сьвятар.

Прыяцель распавёў, што на споведзі расказвае бацюшку пра тое, што хадзіў у вясёлы дом. Кожны раз ходзіць і кожны раз каецца. Але, прызнаўся прыяцель, палёгку на душы адчувае тады, калі выходзіць зь вясёлага дому, а не ад бацюшкі.

Грэх ці ня грэх

У перакручаным сьвеце чалавек іншы раз і не заўважыць, што саграшыў. Зь іншага боку, і бязьвінны ўчынак, што ў пагалосках атэстуецца як грэх, трэба, нібыта, замаліць.

Апошнім часам, аднак, прыяцель мой крэпка задумаўся пра свае паводзіны й лягічным шляхам прыйшоў да высновы, што ягоныя паходы ў вясёлы дом – ніякі ня грэх, а нешта накшталт візытаў у цырульню ці лазьню. Ёсьць, маўляў, фізіялёгія, і ніякага дачыненьня да душы яна ня мае. Маўляў, я ж нікому ня здрадзіў і шкоды не зрабіў, а нават і жарсьцю гэта ўсё толкам не назавеш. Можа быць, гэта ўвогуле – ісьцязаніе плоці з мэтай вызваленьня духу, проста паводле Кірылы Тураўскага, нездарма ж выходжу адтуль ачышчаным (сьвят-сьвят-сьвят).

Ну вось. Пасьля гэтага й бацюшку прыяцель не забыў, але эпізод зь вясёлым домам са сваёй споведзі выкінуў.

Не мая справа ацэньваць гэткія паводзіны прыяцеля. Мне цалкам дастаткова іншага – што ў цяжкой сытуацыі ён сваіх сяброў ня кідае. Хоць ведаю я й такіх цнатліўцаў, якія нават бравуюць тым, што на іх разьлічваць нельга. Унутраныя клопаты чалавека – яны й ёсьць унутраныя, грэшныя ці бязгрэшныя. Мы ж гаворым пра дачыненьні да іншых.

(Праўда, што тады рабіць з максімай пра ўдасканаленьне сьвету – праз удасканаленьне сябе?)

Грахі савецкіх часоў


Гісторыя прыяцеля й вясёлага дому, як мне ўяўляецца, прэтэндуе на вечнасьць. Але для нас гэта ўсё яшчэ збольшага кніжная гісторыя, у якой мы з савецкіх часоў вычытвалі такія грахі, якія ў рэчаіснасьці нават і ўявіць сабе было немагчыма. Цяпер, як той казаў, часы мяняюцца і мы разам зь імі. Патроху мяняецца й ацэнка грахоўнасьці тых ці іншых паводзінаў.

Памятаеце, “нашы людзі ў булачную на таксі ня езьдзяць”? Я й сёньня ведаю шмат людзей, якім сродкі дазваляюць узяць таксоўку, але яны, спазьняючыся, будуць душыцца ў тралейбусе або пашыбуюць на край сьвету пешшу, толькі б захаваць самаацэнку сябе -- як “нашых людзей”.

Грахі савецкіх часоў складаліся ў даволі стандартны набор. Карыстаньне таксоўкай нітавалася з распустай гэтаксама, як, скажам, абед у рэстаране. Сьпіс нездаровых жарсьцей дапаўняўся слуханьнем “заходняй музыкі”, доўгімі валасамі ў хлапцоў. А свая машына, свая дача, свая ўласнасьць увогуле ўяўляліся прытоеным злачынствам – паводле ўсеагульнае грамадзкае згоды.

Ня дзіва бывае й сёньня пачуць папрок таксоўкай. Але пры тым па-за ўвагай публікі застаюцца сапраўдныя дэфармацыі маралі. Напрыклад, здрада ў сяброўстве цяпер – ледзьве не нармальная зьява. Прынамсі, мала каго абурае, дый не гавораць пра гэта. Як, між іншым, і пра здраду Радзіме.

Пралетарскія цноты


У колішнія часы чалавек разглядаў сваю цемнату, забітасьць і адлучанасьць ад шырокага сьвету як належную для савецкага грамадзяніна цноту. Жыць напоўніцу, на шырокую нагу было заганна. Некаторыя зьвязваюць гэта з чалядніцкай спадчынай паўсталага пралетарыяту. Мэтафарай гэтага сталі дамы савецкіх сялян. Яны будаваліся з парадным уваходам з вуліцы, хоць, як правіла, гэты ўваход ня дзейнічаў, а хадзілі ззаду – з двара, да сябе дадому -- як слугі.

Са здрадай Радзіме спрэс выходзілі перагібы, таму што вернасьць Радзіме навязвалася зьверху. Сяброўства, наадварот, культывавалася нефармальна, найперш -- адліжнай маладой культурай шасьцідзясятнікаў, багомнікаў папы Хэма. Культ сябра стаў цэнтральным, пра што б ні йшлося – пра вайну, пра спорт, пра альпіністаў-геолягаў. Сяброўства стала сымбалем веры некалькіх пакаленьняў савецкіх людзей. А здрада ў сяброўстве ўспрымалася як страшны грэх. З такіх рэчаў не сьмяяліся.

На жаль, дэфармацыя маралі не адбываецца выбарачна. І колькі ні кажы, што мы захавалі найлепшае, што мелі за савецкім часам, гэта ня так. Верагодна, гэта сьведчыць пра адзінства маралі, дзе доблесьці й грахі складаюць адно цэлае. І калі “паплылі” грахі, дык “плывуць” разам зь імі й доблесьці.

Сёньня рэстаран з таксоўкай перасталі быць такімі ўжо забароненымі пладамі. Паступова становіцца нормай і прыватная ўласнасьць.

Хвараблівы працэс стабілізацыі новых каштоўнасьцяў -- хаатычны й драпежны, са злойдзейскай аглядкай. І колькі ні надзімаюць жываты новыя гаспадары жыцьця, колькі ні называюць адзін аднаго “гаспадамі”, іх чалядніцкую сутнасьць па-ранейшаму выдаюць забітыя парадныя ўваходы.

Дараваць можна ўсё

Пры ўмове, што злачынства, шкода або грэх прызнаюцца ўсімі бакамі. Прызнаньне-раскаяньне ляжыць у аснове любога дараваньня.

Вось пішуць, што турэцкія гісторыкі просяць прабачэньня за генацыд армян. Значыць, яны спадзяюцца на дараваньне, і генацыд можна прабачыць?

Сьвет зладжаны такім чынам, каб жыць уперад, а не назад. Адсутнасьць раскаяньня і, у выніку, дараваньня, супярэчыць натуральным законам разьвіцьця. Мы спыняемся й пачынаем прабуксоўваць на месцы.

Мы спыняемся, калі КГБ не знаходзіць у сабе мужнасьці прызнаць факты злачынных масавых рэпрэсіяў. Калі грамадзкі актывіст умыкае з касай суполкі ў Ганалулу. Калі міністар адукацыі не ўсьведамляе, што загнаў беларускае школьніцтва ў кут. Мы дранцьвеем не ад самога злачынства, а ад адсутнасьці працягу-раскаяньня ці хоць бы прызнаньня. Быццам у кінафільме нашага жыцьця парвалася стужка.

Гэта ня важна, што ты ня лічыш свой грэх грахом, калі ёсьць тыя, хто так лічыць. Пагавары зь імі. Дар мовы дадзены табе для гэтага. Можа быць, табе ўдасца пераканаць іх, што твой учынак – нармальны і калі так, дык ні раскаяньня, ні дараваньня не патрабуецца. Не пераканаеш – мусіш раскаяцца, каб жыць далей.

Гавары... А спрэс маўчаньне й разлогі крыўдаў. Ня ўмеюць паразумецца кіраўнік з народам, начальнік з падначаленым, рэдактар з аўтарам. Найвялікшая памылка тых, хто нешта вырашае ў гэтым жыцьці – нібыта яны ўжо ў сілу становішча могуць гуляць у адну браму.

У захадах цяперашняй улады супраць беларушчыны ёсьць тупое крыўджаньне ладнае часткі грамадзтва. Няўменьне й нежаданьне гаварыць спыняе ўвесь працэс. Ну, скажыце, што вы гэта робіце асэнсавана і наўмысна, каб і мы выпрацавалі сваё стаўленьне да вас: акупанты вы, калянізатары ці ўсё ж заблукалыя свае? Сьвет складаецца ня толькі з тых, у каго права сілы. Сьвет заўсёды складаецца з паразуменьня бакоў, з нас усіх.

Праўда, і ў незалежным грамадзтве гэты грэх адбіваецца, як у люстэрку. Тут таксама, як правіла, канфлікты вырашаюцца мусова, а не праз гаварэньне й паразуменьне, пакаяньне й дараваньне.


Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG