Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Акцыянэрнае таварыства “Гомельшкло” з 26 сьнежня адпраўляе ў вымушаны адпачынак шэраг сваіх інжынэрна-тэхнічных работнікаў.


Вымушаны адпачынак у ІТР будзе пакуль кароткім — чатыры дні ў сьнежні, акурат да Новага году. Прынамсі, так сьцьвярджае адзін са спэцыялістаў “Гомельшкла”:

“Некаторыя асобы зь ліку інжынэрна-тэхнічных работнікаў афармляюцца ў адпачынак у сьнежні на чатыры дні — з захаваньнем дзьвюх трацін заробку. Гэта не азначае, што ўсе ІТР — сабраліся й пайшлі. Праца будзе забясьпечвацца, але меншай колькасьцю. Я думаю, што гэта зьвязана з прэвэнтыўнымі захадамі. Трэба эканоміць!”

Лёс тых, хто адпачывае, у новым годзе ніхто прадказваць не бярэцца. Ня выключана, што яны патрапяць пад скарачэньне. Усё будзе залежаць ад эканамічнай сытуацыі. “Гомельшкло”, маючы свае гандлёвыя прадстаўніцтвы ў іншых краінах, у тым ліку ў Расеі, пакуль не адчувае асаблівых цяжкасьцяў з рэалізацыяй прадукцыі. Хаця попыт у той жа Расеі ў зьвязку зь фінансавым крызісам зьніжаецца. І ня толькі ў суседзяў, але і ўнутры краіны. У прыватнасьці, на прадукцыю цэху прамысловай перапрацоўкі шкла.

Намесьніца старшыні прафсаюзнага камітэту ААТ “Гомельшкло” Тацьцяна Каралёва распавяла нашаму радыё, што з прычыны скарачэньня заказаў звыш 300 рабочых цэху прамперапрацоўкі шкла працяглы час пачаргова ходзяць у адпачынак:
Трактарны завод у вас, у Менску, стаіць

“У нас цэх прамысловай перапрацоўкі шкла паўгода ўжо ходзіць пазьменна ў адпачынак з захаваньнем дзьвюх трацін заробку. Іншага выйсьця няма, бо працы няма. Трактарны завод у вас, у Менску, стаіць. Адпаведна й гэтая нашая вытворчасьць стаіць”.

Пра эканамічную сытуацыю, якая складаецца на беларускіх прадпрыемствах ва ўмовах усясьветнага фінансавага крызісу, ніхто асабліва не распавядае. “Гомельшкло” ў гэтым сэнсе не выключэньне. Адзін з супрацоўнікаў прадпрыемства патлумачыў гэта так:
Інфармацыя закрытая. У нас плянэркі закрытыя

“Тое, што я ведаю, дык гэта закрытая інфармацыя — я не магу пра гэта гаварыць. У нас плянэркі закрытыя. Уся інфармацыя не агучваецца. Толькі кіраўнікі асноўных цэхаў і аддзелаў на плянэрках прысутнічаюць. Раней былі ўсе”.

ААТ “Гомельшкло” — адзіны вытворца і экспартэр у Беларусі загартаванага й паліраванага флат-шкла. Каля 70 адсоткаў прадукцыі экспартуецца ў 25 краінаў сьвету. Прадпрыемства здольнае выпусьціць за год 18 мільёнаў квадратных мэтраў ліставога паліраванага шкла.

Тут працуе звыш 3 тысяч чалавек.
XS
SM
MD
LG