Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У сучаснай нямецкай сталіцы, другім па велічыні (пасьля Лёндану) горадзе Эўразьвязу імкнуся праз 20 гадоў знайсьці прыкметы колішняга горада-выспы -- Заходняга Бэрліну і, праўдападобна, не знаходжу...


Бэрлін-2008. Згадваючы горад-выспу

Тады ў 1988 горад быў падзелены на амэрыканскі, брытанскі і французcкія сэктары. Вайскоўцы гэтых краінаў паводзілі сабе вельмі дружалюбна. На вуліцах гучала шматмоўе. Заходні Бэрлін быў сапраўды мультыкультурным горадам. Для мяне, чалавека зь вельмі малым на той час досьведам замежных уражаньняў, ён стаў адначасна заходняй Нямеччынай, Вялікабрытаніяй, ЗША і Францыяй...

Былыя савецкія грамадзянкі, “Anonyma” і Каганы


...Адрозна ад 1988 сёньня на бульвары Кудам, у яго кавярнях, рэстарацыях і крамах, замест колішняй нямецка-амэрыканска-англіцка-французскай моўнай сумесі ўсё часьцей пачуеш нямецка-расейскую. Мае знаёмыя: жартуюць: калі хвілінаў 10 ня чуеш расейскай мовы, ты не ў Бэрліне.

Асабіста мне, этнічнай расейцы, гэта ня вельмі падабаецца. Многае з таго, гаворыцца носьбітамі і носьбіткамі расейскай мовы, вымаўляецца настолькі гучна, што ты проста вымушаны слухаць. Добра, што ня ўсе побач разумеюць, пра што такім трагічным голасам распавядаюць адна адной гэтыя шыкоўна апранутыя 40-50-цігадовыя былыя савецкія грамадзянкі без пэўных заняткаў. Яны жаляцца на сваіх багатых (напэўна, нямецкіх) сужэнцаў за іхнюю скупасьць -- выдаюць мала грошай на пакупкі і кантралююць амаль кожны цэнт... Калі дама адна, то тое ж самае яна распавядае камусьці па мабільніку... За некалькі хвілінаў такога маналёгу можна даведацца, што жанчыне ўдалося набыць у яе любімым буціку жакет коштам у 500 эўра, якая раней каштавала 700. Пры канцы, зь вельмі ганарлівым тварам, нябачнай суразмоўцы гаворыцца :

“Але ж я, дарагая, адрозна ад цябе ніколі нічога не купляю ў “Peek&Cloppenburg”

Чамусьці ўзгадала выраз твару сваёй нямецкай знаёмай, калі тая выходзіла з уласнага самалёту. Той жа твар, зь якім людзі выходзяць з мэтро ці трамвая.

“Але ж я, дарагая, адрозна ад цябе ніколі нічога не купляю ў “Peek&Cloppenburg”
Для немак, выхаваных пад уплывам эўрапейскага фэмінізму, падобны стыль жыцьця колішніх савецкіх грамадзянак, мякка кажучы, спрэчны. Дарэчы, нямецкі фэмінізм адрозна ад распаўсюджанага меркаваньня, мае даволі сымпатычны твар. У свае 40-50-60 гадоў немкі, выглядаюць як правіла, больш цікавейшымі, чым у маладосьці і найменей гадоў на 10 маладзейшымі за свой узрост. Ім, стыльным, спартовым, сувэрэнным, яўна не да спадобы імідж, звычкі і нейкае нахабства так званых новых расеек...

Спыталася ў адной 40-гадовай бэрлінкі з Растову-на-Доне, ці не хвалюе яе гэта. У адказ пачула: “Немцы павінны дзякаваць нам за тое, што мы, расейцы, пакідаем тут шмат грошай, а таксама за тое, што мы ім даравалі вайну”.

Наконт грошай згодная. Наконт вайны?..

У часе знаходжаньня ў Бэрліне паглядзела фільм “Anonyma – Eine Frau in Berlin” (Невядомая – адна жанчына ў Бэрліне), прысьвечаны вызваліцелям і вызваленым зь нямецкай зоркай Нінай Гос у галоўнай ролі. Карціна вядзецца ад імя нямецкай жанчыны, якая была згвалтавана савецкімі салдатамі. Доўгі час падобную тэму не прынята было абмяркоўваць у Нямеччыне. Тым больш, яе не абмяркоўвалі і на постсавецкай прасторы.

Каля 20-ці гадоў таму мне давялося пазнаёміцца з адной такой нямецкай жанчынай, а таксама яе сынам, на чыіх вачох усё адбывалася. Гэтыя людзі шмат ахвяравалі на адпачынак беларускіх дзяцей у Нямеччыне. Пра лёс маці і сына даведалася выпадкова ад сваіх сяброў. Аднойчы не вытрымала і задала пытаньне, чаму яны ўсе ж вырашылі дапамагаць нашчадкам тых, хто гвалтаваў, пачула адказ: “Ніхто ня гнаў немцаў у Расею. Гэта быў гвалт у адказ на гвалт. Толькі пакаяньне дазваляе многае зразумець”.

Фільм “Anonyma – Eine Frau in Berlin” ставіць падобныя пытаньні. Ён ня толькі пра гвалт, хоць жорсткіх сцэнаў у ім нямала... Зразумела, усё гэта не самы галоўны факт другой усясьветнай вайны... Аднак падобны факт усё ж меў месца і яго варта абмяркоўваць.




Яшчэ адно культурніцкае ўражаньне на тэму Другой усясьветнай вайны, бадай, такой жа малавядомай для нашых суайчыньнікаў, як і 20 гадоў таму. Гэта наведаньне Бэрлінскага музэю Галакосту – мэмарыялу, прысьвечанага шасьці мільёнам загінулых габрэяў. На паверхні помнік – свайго роду лябірынт з бэтонных глыбаў. Пад ім знаходзіцца інфармацыйны цэнтар, дзе сабраны матэрыялы пра лёс ахвяраў нацыянал-сацыялізму, у тым ліку і ў Беларусі. Экспазыцыя пра сям’ю Каганаў з Наваградка – адна з найбольш уражальных. У ёй побач з тэкставай інфармацыяй і шматлікімі фота гэтай калісьці вельмі заможнай сям’і кушняроў ды пажарных – унікальны дакумэнтальны фільм пра даваеннае наваградзкае жыцьцё. Фільм змантажаваны з кадраў прыватных кінаархіваў беларускіх габрэяў з ЗША. На шэрагу кадраў можна ўбачыць прадстаўнікоў вялікай сям’і Каганаў, зь якіх удалося выжыць толькі аднаму. Цікава, ці вядомая сёньня ў Наваградку гэтая сям’я?

Нямецкія падлеткі на тэму: Gоrbatschov, Belarus i Weissrussland




Нягледзячы на халодны дзень, ля райхстагу, дзе ад 1999 праходзяць паседжаньні нямецкага парлямэнту – бундэстагу, вялікія чэргі... Шмат школьнікаў, якія прыехалі на экскурсію з розных нямецкіх земляў. Яшчэ больш замежнікаў. Дарэчы, да апошняга часу, пакуль не была спыненая праграма аздараўленьня беларускіх дзяцей у Нямеччыне, мясцовыя арганізатары чарнобыльскіх праграмаў вазілі ў Райхстаг дзяўчынак і хлопчыкаў зь Беларусі. Госьці нямецкай сталіцы імкнуцца абавязкова трапіць на ўзьведзены пры канцы 1990-х над пленарнай заляй Райхстагу філігранны празрысты купал. Сёньня ён сымбаль Бэрліну. Таксама экскурсанты хочуць убачыць графіці савецкіх салдатаў, зробленыя ў траўні 1945. Гэтыя надпісы ды малюнкі захаваліся і цяпер, нягледзячы на перабудову будынку пасьля пераезду сталіцы ФРГ з Бону ў Бэрлін.




Некалькі падлеткаў просяць мяне сфатаграфаваць іх. Гэта пакаленьне немцаў вырасла ўжо “без муру” Ім па 16-17 гадоў. Яны прыехалі зь нямецкай поўначы. Зразумела, яны ведаюць пра колішнюю жалезную заслону паміж Захадам і Усходам. З-за яе цягам дзесяцігодзьдзяў нічога ня ведалі адзін пра аднаго многія іхныя сваякі, якія апынуліся ў розных канцах Нямеччыны. Праўда, ніводнаму зь дзесяці – такая побач са мной стварылася група – нічога ня кажа імя Гарбачоў, а таксама словы, якія 20 гадоў таму былі на вуснах многіх немцаў: “гласность” і “перестройка”. Сямёра зь дзесяці ня ведаюць пра Беларусь. Двое кажуць, што гэта Ўкраіна. Адзін лічыць, што гэта побач зь Беламорканалам. Яго бацькі сёлета езьдзілі на экскурсію на поўнач Расеі – Беламорканал, Белае мора. Салаўкі. Калі вымаўляю слова“Вайсрусланд”, сустракаю больш паразуменьня. Многія ведаюць пра гэтую постсавецкую рэспубліку побач з Польшчай.




На поўначы Нямеччыны шмат гадоў запар адпачываюць чарнобыльскія дзеці. Галоўным горадам Беларусі большасьць юных суразмоўцаў называюць Чэрыкаў... Пра Менск чулі значна меней. Не вучу гэтых сымпатычных падлеткаў таму, каб яны не ужывалі слова “Вайсрусланд”. Гэта тыя моўныя традыцыі, якія нам, мне падаецца, не зьмяніць. Тым больш, што мы таксама кажам Нямеччына, Германія, а не Дойчланд...

Працяг будзе...

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG