Лінкі ўнівэрсальнага доступу

18 сьнежня — Міжнародны дзень імігранта. За 11 месяцаў 2008 году зь Беларусі ў іншыя дзяржавы зьехала 7200 чалавек, а прыехала больш за 11 тысяч.

У 1990 годзе ў гэты дзень Генэральная Асамблея ААН прыняла Міжнародную канвэнцыю аб абароне правоў працоўных-мігрантаў. Паводле статыстыкі ААН, цяпер імігрантам зьяўляецца кожны 35 чалавек у сьвеце. На часовае жыхарства (тэрмінам на 1 год, на працу і вучобу) у Беларусь сёлета прыбыло больш за 22 тысячы чалавек. Краіна па-ранейшаму зьяўляецца прывабнай для жыхароў блізкага замежжа.

Ня гледзячы на тое, што беларускае міграцыйнае заканадаўства даволі жорсткае, штогод від на жыхарства, а потым і грамадзянства ў Беларусі атрымліваюць некалькі тысяч замежнікаў. Да таго ж, сёлета больш за 22 тысячы іншаземцаў атрымалі дазвол на часовае пражываньне ў Беларусі – студэнты на вучобу, спэцыялісты на працу, кажа намесьнік начальніка Дэпартамэнту па грамадзянству і міграцыі Міністэрства ўнутраных спраў Аляксей Бягун:

Чакаецца дэмаграфічны прырост у гэтым годзе плюс 5 тысяч чалавек.
“Чакаецца дэмаграфічны прырост у гэтым годзе плюс 5 тысяч чалавек. Гэта толькі ў дачыненьні эміграцыі і іміграцыі. І менш сталі выяжджаць з краіны. За 11 месяцаў органамі ўнутраных спраў аформлены дакумэнты на выезд на сталае месца жыхарства 7221 чалавеку. Сёлета на пастаяннае жыхарства ў Беларусь прыехала больш за 11 тысяч. У асноўным, гэта грамадзяне СНД”.

Сярод былых савецкіх рэспублік Беларусь лічыцца даволі стабільнай краінай, таму сюды вяртаюцца этнічныя беларусы, адстаўнікі-вайскоўцы, людзі, у якіх тут пражываюць родныя і сваякі. Прычым, едуць ня толькі з Сярэдняй Азіі, Каўказу і Расеі. Сям’я вэтэрынара Гэнэгажа Урбановіча – жонка Тэрэса і двое дзяцей – прыехала ў мястэчка Нача Воранаўскага раёну з суседняй Літвы 8 гадоў таму:

Тэрэса: “Назад цягне, але там працы няма. Нам паабяцалі тут дом лукашэнкаўскі – прэзыдэнцкі. Гэта нам часова хату далі. Там мы жылі на хутары – а тут бліжэй садок і школа.”

Гэнэгаж: “Пакуль Лукашэнка, калгасы былі і будуць. Якія б яны не былі, але кожны мае працу пры жаданьні. А ў Літве пайшоў бы рабіць, дык няма дзе. Пойдзеш да арандатара – за капейчыну папрацуеш толькі ўвесну, а ўвосень ды ўзімку бяз працы. А двое дзетак, маладая сям’я – пражыві паспрабуй!”

Дэмаграфічная сытуацыя ў Беларусі застаецца складанай. Паводле прагнозаў дасьледчай групы па дынаміцы і прагназаваньні колькасьці насельніцтва Венскага інстытуту дэмаграфіі Аўстрыйскай акадэміі навук, каб выправіць дэмаграфічную сытуацыю, неабходна да 2050 года прыцягнуць у Беларусь каля 2 мільёнаў імігрантаў разам зь дзецьмі. Аляксей Бягун пажартаваў:

прыцягваючы добрапрыстойных замежных грамадзянаў у тых паказчыках, якія ёсьць, мы часткова вырашаем дэмаграфічную праблему
“Аўстрыйцы няхай прымаюць 2 мільёны іншаземцаў. Я думаю, што прыцягваючы добрапрыстойных замежных грамадзянаў у тых паказчыках, якія ёсьць, мы часткова вырашаем дэмаграфічную праблему. Часткова”.

Значна зьменшылася колькасьць нелегальных мігрантаў, якія праз Беларусь спрабуюць трапіць на Захад. Пяць гадоў таму беларускія памежнікі затрымлівалі каля тысячы нелегалаў. А зараз, кажа Аляксей Бягун, намесьнік начальніка Дэпартамэнту па грамадзянству і міграцыі МУС:

“Праблем нелегальнай міграцыі цяпер амаль няма. Сёлета 13 груп затрымалі агульнай колькасьцю 70 чалавек. Гэта на парадак, нават у 20 разоў менш, чым ў 2002 годзе”.

Усяго ў Беларусі каля 800 чалавек атрымалі статус уцекачоў, у асноўным, гэта выхадцы Аўганістану, Грузіі, Таджыкістану, Этыёпіі. Але апошнія некалькі гадоў зваротаў стала істотна менш, сёлета статус уцекачоў атрымалі лічаныя адзінкі.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG