Лінкі ўнівэрсальнага доступу

І ўсё мілагучна для слыху майго


Уладзімер Арлоў

Уладзімер Арлоў

Грамадзкі рэдактар гэтага тыдня — вядомы беларускі пісьменьнік, гісторык Уладзімер Арлоў. Ён яшчэ праходзіць рэабілітацыю пасьля складанай апэрацыі на сэрцы, аднак пагадзіўся цягам тыдня падсумаваць у ранішніх этэрах выніку году ў літаратуры і мастацтве. Сёньня — гаворка пра аўдыёкнігі. А напрыканцы тыдня прагучыць перадача на тэму замовы нашага грамадзкага рэдактара — “Цуд на Каляды”.

Мне ўжо даводзілася казаць у эфіры, як пару гадоў таму я сустрэў фанатыка аўдыёкнігаў, які чытаў іх нават плаваючы ў басэйне.

У 2008-м мы атрымалі цэлую аўдыёбібліятэку. У маім кабінэце (ці вальеры, як яго называю) аўдыёкнігі займаюць ужо адмысловую палічку. Дарэчы, такія паліцы ды вітрыны для кніг у новым фармаце зьявіліся таксама ў некаторых нашых кнігарнях.

Паспрабую назваць хаця б самыя значныя, на маю думку, аўдыёвыданьні прамінулага году.

Паэтычны зборнік Уладзімера Караткевіча “Быў. Ёсьць. Буду”. Вершы і паэмы Янкі Купалы. “Новая зямля” і “Сымон-музыка” Якуба Коласа. “Людзі на балоце” і “Подых навальніцы” Івана Мележа

Зьявіліся і пераклады з замежных моваў. У прыватнасьці, вядомыя творы Джорджа Оруэла “Фэрма” і “1984”.

Калі казаць пра літаратуру сучасную і нават маладую, дык літаральна днямі я з прыемнасьцю паслухаў аўдыёкніжку “Народныя фрашкі” Севярына Квяткоўскага.

Ужо некалькі выданьняў у новым фармаце вытрымалі “Беларускія народныя казкі”.Дзеткам адрасаваныя таксама дзьве кніжкі казак Андэрсана. Вось-вось павінен зьявіцца “Маленькі прынц” Антуана Сэнт- Экзюпэры. У запісах прымалі ўдзел нашыя вядомыя акторы Віктар Манаеў, Галіна Кухальская і Павал Харланчук.

Мне здаецца, што сучасны рытм жыцьця будзе пашыраць аўдыторыю аўдыёчытачоў. Прынамсі некалькі знаёмых прызналіся, што маю кніжку “Таямніцы полацкай гісторыі” цалкам “прачыталі” толькі тады, калі яна выйшла ў гукавым фармаце. Раней на 500 зь лішкам старонак проста бракавала часу.

Трэба сказаць, што ў зьяўленьні беларускай аўдыёбібліятэкі галоўная роля належыць сёньня выдавецкай кампаніі “БелТонМедыя” на чале з Алесем Калошам. Шчыры дзякуй гэтым людзям, і зычу, каб у новым годзе зьдзейсьнілася іхняя мара пра зьяўленьне ў цэнтры Менску адмысловай Беларускай кнігарні.
XS
SM
MD
LG