Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сёньня ў судзе Маскоўскага раёну Менску разглядалася справа адносна лідэра рэспубліканскага грамадзкага аб’яднаньня прадпрымальнікаў “Пэрспэктыва” Анатоля Шумчанкі. Міліцыянты зьвінавацілі яго ў дробным крадзяжы.


Анатоля Шумчанку выклікалі ў суд па адміністрацыйнай справе. Яго зьвінавацілі ў тым, што ён 17 лістапада ў менскім унівэрсаме “Брэст” нібыта вынес у рукаве курткі бутэльку воцату коштам 1620 рублёў. Анатоль Шумчанка віны не прызнаў. Падчас разбору былі заслуханы міліцыянты, участковы, які складаў пратакол, а таксама два кантралёры ўнівэрсаму. Кантралёры і міліцыянты пацьвердзілі, што з воцатам у рукаве быў затрыманы зусім іншы мужчына, які выглядаў інакш і таксама быў без акуляраў. Міліцыянты таксама сказалі, што затрыманы меў яшчэ кіляграм харчовага маку, а ў ячэйцы для сумак — растваральнік. Ён не хаваў, што зьяўляецца наркаманам.

Калі міліцыянты складалі пратакол, затрыманы назваўся Анатолем Шумчанкам, назваў яго дату нараджэньня і адрас. Аднак не паказаў ніякіх дакумэнтаў. Паколькі на апорным пункце не было іншых тэхнічных магчымасьцяў, міліцыянт спраўдзіў гэтыя зьвесткі праз службовую даведку, і яны супалі. Таму невядомага адпусьцілі.

Сёньня суд спыніў справу супраць Анатоля Шумчанкі. Таксама судзьдзя заявіла, што напіша ліст начальніку раённай міліцыі, каб гэты інцыдэнт разабралі як мае быць.

Анатоль Шумчанка дзівіцца, што ўчастковы паверыў на слова, адпусьціў парушальніка і абвінаваціў абсалютна староньняга чалавека. Ён адзначыў, што дадзеныя можна было лёгка праверыць.

Нагадаем, на пачатку году спадар Шумчанка быў затрыманы на 15 сутак за ўдзел у акцыі пратэсту прадпрымальнікаў. Міліцыянты маюць яго фотаздымак і адбіткі пальцаў.

“Гэта шок. Я вельмі абураны тымі дзеяньнямі, якія зрабілі міліцыянты. Для нармальных людзей гэта жудасна, бо яны могуць апынуцца ў маёй сытуацыі. Калі нейкі наркаман ці іншы злачынца можа прыкрыцца іхнымі пашпартнымі зьвесткамі і назаве прозьвішча, імя ці адрас месца жыхарства. Пацярпець могуць зусім не вінаватыя людзі”.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG