Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Агляд тэлефанаваньняў на “Свабоду” за 17 сьнежня, сераду.

Былому пракурору Менскай вобласьці Міхаілу Сьнегіру выстаўлена абвінавачаньне паводле артыкула Крымінальнага кодэксу аб злоўжываньні ўладай. Былы высокапастаўлены чыноўнік зараз пад вартай, яму пагражае да 10 гадоў пазбаўленьня волі з канфіскацыяй маёмасьці. Камэнтар слухачкі:

Спадарыня: “Барацьба з карупцыяй — гэта ўсяго толькі зручная жвачка для абалваненага электарату. Наўрад ці махінацыі Сьнегіра з маёмасьцю зьвязаныя зь яго арыштам. Хутчэй за ўсё, гаворка пра перадзел улады ў атачэньні Лукашэнкі”.

Незалежная газэта “Наша ніва”, якая традыцыйна карысталася гэтак званай “тарашкевіцай”, цяпер перайшла на правапіс, прыняты пасьля рэформы 1933 году, альбо “наркамаўку”. З гэтай нагоды слухач Уладзімер з Горадні даслаў СМС наступнага зьместу: “Пасьля пераходу на наркамаўку “Наша ніва” новых чытачоў не прыдбaе, а кагосьці са старых можа згубіць!”

Гэтае меркаваньне камэнтуе шэф-рэдактар “Нашай нівы” Андрэй Дынько:

“Адначначна: “Наша ніва” прыдбае новых чытачоў. А вось ці страціць яна старых — гэта залежыць ад саміх гэтых чытачоў. Ад таго, ці ім важная будзе сутнасьць, ці форма. Бо сутнасьць “Нашай Нівы” не зьмянілася ані трохі. І беларускасьці там не паменела. Проста мы пайшлі да тых людзей, якім сапраўды і хочацца беларускасьці, і яны ня здольныя прыняць яе ў той форме, якой яна была раней. І тут пытаньне: ці радыкалы будуць адмяжоўвацца ад грамадзтва, ці будуць весьці з грамадзтвам дыялёг”.

Працягваем праграму выказваньнямі на адрас дзяржаўных мэдыяў.

Спадар: “На БТ вельмі былі задаволеныя, паказаўшы сюжэт, калі нейкі параноік у Іраку кідаў у прэзыдэнта Джорджа Буша чаравікі. І наш кішэнны камэнтатар, які ад сябе асабіста нічога сказаць ня можа, нават ён пацьвельваўся з прэзыдэнта ЗША, маўляў, добрая ў яго рэакцыя. Пытаньне: а каб у нашага правадыра нехта кінуў чаравік, ці паказалі б гэта на БТ і ці былі б нейкія камэнтары наконт рэакцыі Аляксандра Рыгоравіча?”

Пётар Сьцяпанавіч, пэнсіянэр: “Па тэлевізіі круцяць рэкляму “Советская Белоруссия”, “СБ”, “Беларусь сегодня”. Написанному верить”. Але як можна напісанаму верыць, калі гэта газэта ўлады, яна і піша пра ўладу. Я гэтай газэце паверу тады, калі на яе старонках будуць надрукаваныя актуальныя, надзённыя артыкулы Валера Карбалевіча, паэта Сяргея Законьнікава і шматлікіх іншых сапраўдных, а ня ліпавых патрыётаў нашай Беларусі!”

Праграму працягваюць тэлефанаваньні на розныя тэмы.

Андрэй, Пінск: “На мінулым тыдні адзначаўся Сусьветны дзень аховы правоў чалавека. Беларусь — адна зь нешматлікіх краінаў, дзе правы чалавека парушаюцца практычна паўсюль. Пра парушэньне правоў чалавека сьведчыць хаця б тое, як працаўнікам мэдыцыны і адукацыі далі надбаўкі і празь месяц іх адабралі. Хаця б тое, што ў людзей няма магчымасьці чытаць СМІ, якія не належаць дзяржаве”.

Спадар: “Вось ужо некалькі тыдняў ідзе дыскусія пра адабраныя надбаўкі да пэнсій вайскоўцам, міліцыянтам. Пэнсіянэры, якія стваралі эканамічны падмурак, як жабракі. А міліцыянты, вайскоўцы, дэпутаты на сваю пэнсію па сьвеце могуць вандраваць. Дзе ж справядлівасьць? Вось такі парадокс у Беларусі”.

Мікола Шаравар, Салігорск: “Штодзённа мы слухаем і бачым спэктаклі пра нашае прыўкраснае жыцьцё, што нам пагражаюць яго зьнішчыць, што трэба мацаваць войска, каб абараніцца. Скажыце, а на пачатку 90-х, калі Саюз разваліўся і войска амаль не існавала, зброю рэзалі, прадавалі, хто нам тады пагражаў? А сёньня што? У НАТО зьмяніліся прыярытэты? А можа, яны зьмяніліся ў нас? Пад маскай бараніць краіну нехта бароніць сябе ад пакараньня за здраду. Гэтай тэме я прысьвяціў свой верш “Абудзіся, мой край”.

Абудзіся, народ мой карэнны,
Прабудзіся ад рабскага сну!
Твой вякамі набыты лёс дрэнны,
Бо прыгон у тры пагібелі гнуў.

Ты на шчасьце шукаеш прытулак
У прасторах гаворкі чужой.
Дык павінен жа знаць: паратунак
У свабодзе, што ўкрыта імжой.

Шаноўныя слухачы! Нагадаем: тэлефон “Свабоды” ў Менску — 266-39-52, працуе 24 гадзіны на суткі. Нумар мабільнай сувязі для смс-паведамленьняў: + 375-29-391-22-24. Тэлефануйце і пішыце! Дзяліцеся навінамі, выказвайце сваё стаўленьне да падзеяў у Беларусі і ў сьвеце. Мы таксама чакаем водгукаў на працу Радыё Свабода.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG