Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Застанемся без галёшаў


Крычаўскі завод гумовых вырабаў часткова спыніў працу. Бальшыня работнікаў — у вымушаным адпачынку.


Пра гэта паведамілі ў Крычаўскім райвыканкаме. Кіраўніцтва ж самога заводу пакуль ухіляецца ад камэнтароў. Як удалося высьветліць, вытворчасьць спынілі празь нястачу сыравіны. Яе завод ня можа набыць, бо на тое няма сродкаў. Ад 25 сьнежня да 19 студзеня прадпрыемства спыняецца цалкам. Ад 25 сьнежня на дзесяць дзён спыняецца й Крычаўскі цэмэнтна-шыфэрны завод.

Чаму спыніўся завод гумовых вырабаў, распавялі яго работнікі. Паводле іх, некаторыя заводзкія цэхі сталі яшчэ месяц таму:

“У прынцыпе, няма за што купляць тое, з чаго робім прадукцыю. Цяпер стаім ужо больш за месяц. Я ўжо дома сяджу другі тыдзень”, — зазначыла адна з работніц.

Паводле яе, заробкі на заводзе не перавышаюць трохсот тысяч рублёў. Да сусьветнага фінансавага крызісу прадукцыю яшчэ неяк прадавалі, і былі грошы на закуп сыравіны. Цяпер няма.

Паводле яшчэ адной работніцы, заводзкія склады загружаныя гатовай прадукцыяй, а завод зьбіраюцца цалкам спыняць:

“Наш цэх працуе патыднёва. Тыдзень зьмена адна, другі тыдзень — другая, тыдзень — трэцяя. Да траўня мы будзем менавіта так працаваць. Да таго ж ад дваццаць пятага да дзевятнаццатага будзе цалкам завод стаяць. Дакладна яны ня кажуць, толькі прыблізна. А там, можа, і болей будзем стаяць”.

Тое, што завод часткова спынены, пацьвердзілі ў Крычаўскім райвыканкаме:

“У нас сапраўды прыпыненыя некаторыя вытворчасьці, а людзі ў адпачынку знаходзяцца”, — сказалі ў аддзеле эканомікі.

Кіраўніцтва ж прадпрыемства камэнтаваць сытуацыю адмаўляецца. У прыёмнай дырэктара паведамілі толькі, што цяпер абмяркоўваецца пытаньне скарачэньня кадраў.

Пра рэальны фінансавы стан заводу сьведчыць й тое, што бальшыня тэлефонных нумароў тут адключаныя. На раённым вузьле сувязі кажуць, што ў прадпрыемства вялікая запазычанасьць, таму тэлефоны і адключылі. Паводле сувязістаў, на заводзе працуюць толькі тры тэлефонныя нумары.

Былы супрацоўнік крычаўскага райвыканкаму Мікалай Гердзій лічыць, што сусьветны фінансавы крызіс толькі абвастрыў праблемы на заводзе гумавых вырабаў. Але і раней праблемаў тут было багата:
Гэта яшчэ адно прадпрыемства, якое ўсьлед за броварам, маслазаводам, мясакамбінатам фактычна на сёньняшні дзень банкрут.

“Завод працаваў на вал. Кіраўніцтва зыходзіла з таго, што лепш выканаць указаньні вышэйшых начальнікаў, зусім ня думаючы пра эканамічныя наступствы для заводу. Прадпрыемства губіцца, і яно фактычна, відаць, ужо загубленае. Гэта яшчэ адно прадпрыемства, якое ўсьлед за броварам, маслазаводам, мясакамбінатам фактычна на сёньняшні дзень банкрут.”

На заводзе працуюць каля адной тысячы чалавек. Ён выпускае гумавы абутак і гуматэхнічныя вырабы. Асноўны рынак збыту — Расея. Таксама прадукцыя пастаўляецца ў краіны Сярэдняй Азіі.

Як удалося высьветліць, спыняе вытворчасьць і самае вялікае прадпрыемства Крычава — цэмэнтна-шыфэрны завод. Працаўнікоў адпраўляюць у вымушаны адпачынак ад 25 сьнежня да 5 студзеня. Сярод прычынаў спыненьня называюць эканомію газу і электраэнэргіі. На заводзе працуе каля паўтары тысячы чалавек.

Незадаволенымі вяртаюцца й крычаўскія гастарбайтэры з Расеі. Заробкаў цяпер там няма, кажуць яны, бо там крызіс.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG