Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

У новы год — са старымі выбарчымі законамі


Лідзія Ярмошына

Лідзія Ярмошына

Перамовы паміж беларускімі ўладамі і Бюро дэмакратычных інстытутаў і правоў чалавека АБСЭ ў справе ўдасканаленьня беларускага выбарчага заканадаўства пачнуцца пры канцы студзеня 2009 году.


На гэты час заплянаваны прыезд у Менск групы экспэртаў Бюро. Пра гэта сёньня паведаміла “Свабодзе” старшыня Цэнтральнай выбарчай камісіі Лідзія Ярмошына:

“Паколькі асноўнае пытаньне — зьмяненьне выбарчага заканадаўства, то я думаю, што да гэтага будуць актыўна падключаныя, акрамя Цэнтравыбаркаму, тыя структуры, якія актыўна працуюць з заканадаўствам. Гэта найперш Цэнтар заканадаўчай дзейнасьці, парлямэнцкія структуры і г.д.

Мы ж зьбіраемся накіраваць заключэньне Бюро АБСЭ пра парлямэнцкія выбары ў Беларусі ўсім арганізатарам выбараў у рэгіёнах. Каб ужо пасьля вывучэньня правесьці зь імі “круглы стол”. А на ім абмеркаваць саму выбарчую кампанію, і ў тым ліку рэкамэндацыі, якія будзе даваць АБСЭ. Прынамсі дыялёг пачнецца, натуральна“.

Аб’яднаныя дэмакратычныя сілы хацелі зьмяніць выбарчае заканадаўства яшчэ да пачатку сёлетніх выбараў, згадвае сустаршыня Палітрады АДС Анатоль Лябедзька:

“Былі зробленыя тры захады: прапанова перамоваў з уладамі, затым праект зьменаў накіравалі ў Палату прадстаўнікоў, а потым шэсьць праектаў пастановаў Цэнтральнай выбарчай камісіі накіравалі ў ЦВК. Тады палічылі, што гэта немэтазгодна. А цяпер мы ўсё ж такі зноў вяртаемся на тыя ж самыя рэйкі”.

Спадарыня Ярмошына не змагла адказаць па пытаньне “Свабоды”, якія, зь яе пункту гледжаньня, зьмены можна найперш унесьці ў Выбарчы кодэкс:

“Зараз мы не гатовыя на гэта адказаць. Мы атрымалі рускі тэкст заключнага выніковага дакумэнту Бюро АБСЭ літаральна днямі. І пакуль яго толькі асэнсоўваем”.

Каардынатар кампаніі “За свабодныя і справядлівыя выбары” Віктар Карняенка цьвердзіць, што найперш трэба зьмяніць чатыры палажэньні выбарчага заканадаўства:

“Мы салідарныя з палажэньнямі, якія выкладзеныя ў рэзалюцыі Эўрапарлямэнту. Першы пункт тычыцца папярэдняга галасаваньня. Яго прапануюць ці скасаваць зусім, ці зрабіць працэдуру такой, каб яна не дазваляла фальсыфікацыі. Другі — гарантыі партыям, якія ўдзельнічаюць у выбарах, на іх абавязковае прадстаўніцтва ў выбарчых камісіях. Трэці — гэта правы назіральнікаў. І чацьвёрты — магчымасьць весьці паўнавартасную агітацыю”.

Кіма Кільюнэн зь Фінляндыі, спэцыяльны прадстаўнік дзейнага старшыні АБСЭ ў пытаньнях выбараў, у эксклюзіўным інтэрвію “Свабодзе” станоўча ацаніў рашэньне беларускіх уладаў абмяркоўваць працэс паляпшэньня выбарчага заканадаўства і практыкі яго ўжываньня:

“Гэта цудоўна, вельмі цудоўна. У выніковым дакумэнце Бюро дэмакратычных інстытутаў і правоў чалавека ёсьць так званыя дзеяньні ў рамках далейшых крокаў, ёсьць рэкамэндацыі. І трэба на мясцовым узроўні падумаць, што можна зрабіць. Так трэба рабіць кожнай краіне”.

Спадар Кільюнэн нагадаў, што такая практыка існуе ў шэрагу краінаў. Прыкладам ён прывёў Македонію. Там АБСЭ зрабіла шмат заўвагаў, пасьля чаго ўлады гэтай краіны стварылі спэцыяльную камісію, якая выпрацавала адпаведныя папраўкі. І празь нейкі час у Македоніі зьмянілі выбарчае заканадаўства.

Уладзімер Глод, Менск


XS
SM
MD
LG