Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Агляд публікацыяў сёньняшніх незалежных беларускіх газэт.

Сябры Партыі камуністаў Беларускай задумаліся пра зьмену назову партыі. З такой ініцыятывай на старонках газэты “Товарищ” выступіў сакратар гарадзенскага абкаму партыі. Пра дыскусію ў газэце распавядае рэдактар выданьня Сяргей Вазьняк.

каб з назову партыі прыбраць слова “камуністычная”
“Павал Станеўскі, гэта ў нас малады сакратар абкаму, упершыню ставіць пытаньне пра неабходнасьць перайменаваньня партыі, каб з назову партыі прыбраць слова “камуністычная”. У нас у сакавіку будзе зьезд партыі, і вось ён да гэтага прапанаваў абмеркаваць такую праблему. Прыводзіць аргумэнты, што старыя магчымасьці вычарпаныя, трэба шукаць новае. Гаворка не ідзе пра зьмену праграмы, а толькі пра назоў”.

А адкрывае сьвежы нумар газэты “Товарищ” артыкул лідэра ПКБ Сяргея Калякіна, у якім той аналізуе палітычную сытуацыю ў краіне. Сяргей Калякін мяркуе, што крызіс прымусіць улады Беларусі ісьці на лібэралізацыю адносін у эканоміцы, паступова замяняць камандныя мэтады рынкавымі. У гэтых умовах дэмакратычным сілам важна не дапусьціць прыватызацыі на карысьць намэнклятуры, папярэджвае Сяргей Калякін.

Крычаўскае выданьне “Вольны горад” піша пра ініцыятыву кіраўнікоў раёну ў змаганьні за дысцыпліну сярод чыноўнікаў. Каб тыя працавалі больш эфэктыўна, наладжаны пільны кантроль і за тым, як часта службоўцы ходзяць ў прыбіральню. Гаворыць рэдактар выданьня Сяргей Няроўны:

“Мясцовыя перагібы, як звычайна. Нават каб пайсьці ў прыбіральню, чыноўнік мае напісаць ў кнізе, куды ты ідзеш на 5 хвілін. Гэта тычыцца Крычава, бюджэтных устаноў”.

У жыхароў Чэрыкаўскага раёну праблема – няма дзе адрамантаваць тэлевізар. Трэба везьці яго ў суседні Крычаўскі раён ці ў Магілёў, паведамляе “Вольны горад”. Галоўны артыкул нумару прысьвечаны праблеме карупцыі – група мясцовых начальнікаў, злоўжываючы службовым становішчам, арганізавала нешта кшталту фінансавай піраміды.

“Комсомольская правда в Беларуси” піша аб прыемным сюрпрызе для наведнікаў менскіх крамаў. Кажа журналістка газэты Ірына Козьлік:

“Да калядных і навагодніх сьвятаў у прадуктовых крамах гораду зьнізяць цэны на каўбасы, мяса птушкі, кандытарскія вырабы, цукеркі, шакаляд. На некаторыя харчы нават на 5%”.
XS
SM
MD
LG