Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Рэдактары гэтых выданьняў заклікаюць людзей не пакладацца на шапікі “Белсаюздруку” і афармляць падпіску. Чаму?

Дазвол на вяртаньне недзяржаўных выданьняў у шапікі “Белсаюздруку” і ў падпісныя каталёгі быў даволі нечаканы, таму рэдакцыі не пасьпелі правесьці рэклямных кампаніяў. Тым ня менш у Менску купіць газэты праблематычна. Да прыкладу, у сталіцы ў шапікі трапляе 2500 экзэмпляраў "Народнай волі" і 1400 асобнікаў "Нашай нівы". Выданьні разыходзяцца імгненна. Таму рэдактары газэт раяць аформіць падпіску:

Шэф-рэдактар “Народнай волі” Сьвятлана Калінкіна кажа:

Калі чалавек аформіў падпіску, ён можа быць упэўнены, што газэту
атрымае
“Вось гэта адзін з аргумэнтаў. Трэба падпісвацца на “Народную волю”, каб заўсёды быць упэўненым, што будзеш ведаць сапраўдную інфармацыю, неангажаваную інфармацыю і актуальную інфармацыю. Што тычыцца пошты і падпіскі, калі чалавек аформіў падпіску, ён можа быць упэўнены, што газэту атрымае. А што да шапікаў, то яны замаўляюць столькі, колькі хочуць. І таму ўсе ведаюць, што, да прыкладу, у Менску, у дзень выхаду газэты ў абед у бальшыні шапікаў яе няма. Але ў той жа час “Белсаюздрук” не павялічвае накладу, які ён бярэ на продаж. Гэта дзяржаўная структура, і яна, як я разумею, кіруецца нейкімі іншымі аргумэнтамі, а не эканамічнай выгадай. Таму падпіска – гэта найбольш надзейны спосаб атрымоўваць газэту”.

Кошт падпіскі на “Народную волю” для прыватных асобаў – 9500 рублёў на месяц, на 3 месяцы – 28500 рублёў, на паўгоду – 57 тысяч. Для юрыдычных асобаў крыху даражэй – 22 тысячы на месяц.

Шэф-рэдактар “Нашай нівы” Андрэй Скурко таксама раіць падпісацца на газэту і прыводзіць наступныя аргумэнты:

У “Нашай ніве”, у “Народнай волі” можна пачуць голас незалежнага грамадзтва
“Чаму варта падпісвацца на незалежную прэсу? Таму што незалежныя газэты друкуюць тыя матэрыялы і ўздымаюць тыя праблемы, якія не гучаць у дзяржаўнай прэсе і якія не асьвятляюцца афіцыйным тэлебачаньнем. Таму што ў незалежнай прэсе, у прыватнасьці ў “Нашай ніве”, у “Народнай волі”, можна пачуць голас незалежнага грамадзтва, голас той часткі грамадзтва, якая арыентаваная на эўрапейскія каштоўнасьці”.

8 тысяч каштуе падпіска на 1 месяц на “Нашу ніву”.

Сталы чытач “Народнай волі” і “Нашай нівы”, лекар-нэўроляг з Магілёва Васіль Аўраменка выказаў пажаданьне ўсё ж такі рэдакцыям падумаць пра PR-кампанію. Ягоны аргумэнт – моладзь, асабліва ў рэгіёнах, часьцяком ня ведае пра зьяўленьне недзяржаўных выданьняў:

“На мой погляд, перш чым пайсьці ў шапікі, зноў вярнуцца, так бы мовіць, у шырокае кола, трэба было б прэзэнтаваць, нагадаць шырокаму колу грамадзкасьці пра сябе. Трэба было б зладзіць нейкія PR-акцыі, прамацыйныя акцыі – варта было б пра гэта рэдакцыям падумаць”.

Падпісны індэкс “Народнай волі” ў каталёгу “Белпошты” – 63222, а “Нашай нівы” – 63125.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG