Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сёньня выканаўчы камітэт СНД у Менску праводзіць “круглы стол” па праблеме назіраньня за парлямэнцкімі і прэзыдэнцкімі выбарамі з удзелам прадстаўнікоў АБСЭ.

Адметнасьць гэтай дыскусіі ў тым, што ў ёй будуць удзельнічаць і прадстаўнікі Бюро дэмакратычных інстытутаў і правоў чалавека АБСЭ. На фоне таго, што Эўразьвяз заахвочвае Беларусь працягваць дыялёг зь Бюро наконт рэфармаваньня выбарчага заканадаўства, гэтая імпрэза выглядае надзвычай актуальнай.

Сярод удзельнікаў сёньняшняй дыскусіі і сакратар Цэнтарвыбаркаму Беларусі Мікалай Лазавік. Ён лічыць, што назіральнікам такія сустрэчы патрэбныя:

Практыка правядзеньня назіраньня за выбарамі ў краінах СНД – гэта практыка, якая ўжо
склалася
“Практыка правядзеньня назіраньня за выбарамі ў краінах СНД – гэта практыка, якая ўжо склалася. Яна патрабуе і абагульненьня, і, магчыма, нейкага карэктаваньня. Практычна ва ўсіх краінах Садружнасьці, дзе праходзяць прэзыдэнцкія і парлямэнцкія выбары, дзейнічаюць місіі назіральнікаў. Яны, дарэчы, ацэньваюць ня толькі саму працэдуру правядзеньня выбараў, але і заканадаўства, згодна зь якім тыя адбываюцца. Таму і ня лішнім будзе сустрэцца арганізатарам выбараў, выказаць свае меркаваньні і намеціць пляны да далейшага супрацоўніцтва і паляпшэньня працы місіяў назіральнікаў”.

Сярод тэмаў, якія сёньня будуць абмяркоўваць, – міжнародныя выбарчыя стандарты, узаемадзеяньні зь іншымі міжнароднымі арганізацыямі, арганізацыя маніторынгу ды іншыя.

Каардынатар кампаніі “За свабодныя і справядлівыя выбары” Віктар Карняенка сам быў міжнародным назіральнікам на выбарах у Швэцыі, Вугоршчыне, Польшчы. Ён станоўча ставіцца да правядзеньня “круглага стала”:

“Калі ёсьць дыскусія, гэта заўсёды добра. Але ўсё залежыць не ад таго, ці ёсьць дыскусія альбо яе няма. Галоўнае – ёсьць ці няма волі да зьменаў”.

Аднак пакуль, адзначае Віктар Карняенка, кіраўніцтва краінаў СНД клапоціцца не пра тое, каб наблізіцца да міжнародных выбарчых стандартаў. Іх турбуе, як дамагчыся прызнаньня выбараў назіральнікамі Бюро дэмакратычных інстытутаў і правоў чалавека АБСЭ. А калі гэта не атрымліваецца, адразу пачынаецца гаворка пра падвойныя падыходы, канстатуе спадар Карняенка:

выбарчыя стандарты ў краінах СНД параўнальна са стандартамі краінаў Эўропы
пагаршаюцца
“А ў гэты час тэндэнцыя такая – выбарчыя стандарты ў краінах СНД параўнальна са стандартамі краінаў Эўропы пагаршаюцца. Хоць Расею возьмем, хоць Азэрбайджан, дзе нядаўна абіралі прэзыдэнта. Ёсьць рэальныя пагаршэньні.

Усё, канечне, можна зьмяніць. Але толькі пры наяўнасьці волі да гэтага. Аднак краіны СНД, вядучыя краіны – найперш Расея такой волі не дэманструюць”.

У круглым стале будуць удзельнічаць спэцыяльны прадстаўнік дзейнага старшыні АБСЭ Кіма Кільюнэн і экспэрт Бюро дэмакратычных інстытутаў і правоў чалавека АБСЭ Вадзім Ждановіч.

У панядзелак прэсавы сакратар Міністэрства замежных спраў Беларусі Андрэй Папоў заявіў, што афіцыйны Менск прыняў да ведама рэкамэндацыі Бюро дэмакратычных інстытутаў і правоў чалавека з выніковай справаздачы пра назіраньне за парлямэнцкімі выбарамі ў Беларусі. Ён таксама дадаў, што ёсьць даручэньне Аляксандра Лукашэнкі “прапрацаваць ва ўзаемадзеяньні зь Бюро рэкамэндацыі дадзенай структуры”. Раней Бюро прызнала, што парлямэнцкія выбары ў Беларусі не адпавядалі міжнародным стандартам АБСЭ.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG