Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

“Кінафармат 4х4” — па-за фарматам “Кінавідэапракату”


Папулярныя ў асяродку кінаманаў сэансы “элітнага кіно” у рамках “Кінафармату 4х4” на гэтым тыдні пройдуць у апошні раз.


Альтэрнатыўныя паказы камэрцыйнаму галівудзкаму кіно былі запачаткаваныя ў 2002 годзе і гледачы пасьпелі паглядзець больш за тры сотні ўзораў “фільмаў не для ўсіх”. “Кінафармат 4х4” знаёміў гледачоў як з працамі сусьветна вядомых рэжысэраў, так і з мала вядомымі некамэрцыйнымі стужкамі. Чым тлумачыцца адмова ад пасьпяховага праекту?

Апошні паказ фарматнай “чацьвёркі”, альтэрнатыўнай масаваму кіно, адбудзецца 18—21 сьнежня ў менскіх кінатэатрах “Аўрора”, “Перамога”, “Мір” і “Цэнтральны”. Гледачам прапануюць ірляндзкую мэлядраму “Аднойчы”, канадзкую камэдыю “Стагодзьдзе вар’яцтва” і два трылеры — амэрыканскі “У даліне Эла” і ганконскі “Шалёны сьледчы”.

Чым за шэсьць гадоў існаваньня прыйшоўся не даспадобы ўхвалены найперш гледачамі фармат кінапаказу? Тлумачыць супрацоўніца прадпрыемства “Кінавідэапракат” Натальля Патапенка:

“Гэтага праекту ня будзе, але будуць іншыя праекты, таксама цікавыя. Калі мы заяўлялі яго ў 2002 годзе, канцэпцыя была такая: чатыры фільмы ў чатырох кінатэатрах цягам чатырох дзён. Але паступова рамкі зьмясьціліся. Мы ўжо не зьмяшчаліся ў чатыры дні, фільмы працягвалі працаваць і ў часе мы выходзілі за гэтыя рамкі. Яны заставаліся ня толькі ў гэтых кінатэатрах, але праходзілі ў іншыя, значыць, зноў не захоўвалі рамкі прасторавыя. Пачалі зьяўляцца новыя праекты, у якіх таксама паказвалі фэстывальнае кіно, арт-хаўз: „Канаманія“ у Доме кіно, „Абсалютнае кіно“ у кінатэатры „Перамога“ (вельмі добра сябе заявіў праект), „Кіна-арт па-беларуску“: было некалькі праграмаў — гэта невядомыя фільмы маладых беларускіх кінэматаграфістаў і студэнтаў нашай акадэміі. І таму частка гледачоў адышла туды”.

Кінакрытык Ала Бабкова: “Кінафармат 4х4” быў падзеяй для сапраўдных аматараў добрага кіно”.
Кінафармат 4х4” быў падзеяй для сапраўдных аматараў добрага кіно


Паводле спадарыні Бабковай, трэба шукаць ня столькі падставы да зьмены фармату, колькі камэрцыйную выгоду, якая сьціпла застаецца па-за дужкамі:

“Падзея была значная, бо гэта нейкі кінакультурны агеньчык, які дазваляў глядзець арт-хаўз. Хоць ён і не заўсёды там быў, але можна было бачыць тыя фільмы, якія даволі часта ня мелі камэрцыйнага патэнцыялу. Але былі творамі мастацтва. Ну, напэўна, усё больш горшай становіцца сытуацыя”.

Карэспандэнт: “Кінавідэапракат” матывуе рашэньне перадусім тым, што зьявіліся новыя фарматы…“

Бабкова: “Так, праекты ёсьць. „Канаманія“ ужо другі год ідзе. Гэта з такога ж шэрагу, культурныя фэномэны. І гэта праца была вельмі важнай. Але, відаць, яны ўсё ж ня могуць працягваць праект „Кінафармат 4х4“. І гэта страты культурныя. Хоць, напэўна, камэрцыйная частка дыктуе фінансавы інтарэс пытаньня”.

Дырэктар Музэю гісторыю беларускага кіно Ігар Аўдзееў згадвае, што размовы спыніць “Кінафармат 4х4” хадзілі яшчэ раней. Таму спадзяецца, што, магчыма, да радыкальнага кроку справа яшчэ і ня дойдзе. Але мяркуе, што незадаволеных такім крокам будзе нямала:

“Гэта інфармацыя даўно мае месца, але ня ведаю — будзе, ня будзе, пакуль не зразумела. Гэта трэба ў „Кінавідэапракат“ тэлефанаваць, яны вырашаюць. Я ж у той канторы не працую, а канчатковае рашэньне прымае структура, якая гэтым займаецца. Размовы такія былі, так. І кіраўнік „Кінавідэапракату“ Коктыш публічна у прэсе заяўляў. І была такая фармулёўка — „хутчэй за ўсё“. Але што тут казаць на гэты конт? І так усё зразумела. Камэнтары тут асаблівыя не патрэбныя, бо ўсё зразумела і так”.

Прадстаўніца “Кінавідэапракату” Натальля Патапенка кажа, што ад наступнага году на кінарынку будуць культывавацца менавіта новыя праекты кшталту “Канаманіі” і “Абсалютнага кіно”, але паралельна спэцыялісты будуць думаць — якім чынам задаволіць спажыўцоў “разумнага кіно”.
XS
SM
MD
LG