Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чаравік, кінуты ў Буша, азваўся рэхам у арабскім сьвеце


Пратэсты супраць арышту Заідзі

Пратэсты супраць арышту Заідзі

Дагэтуль малавядомы ірацкі журналіст Мунтадар Заідзі вокамгненна стаў у арабскім сьвеце адной з самых вядомых постацяў пасьля таго, як у нядзелю на прэсавай канфэрэнцыі ў Багдадзе кінуў свае чаравікі ў прэзыдэнта Буша і назваў яго “сабакам”. Прэзыдэнт ЗША здолеў спрытна ўхіліцца ад іх, а журналісту цяпер пагражае некалькі гадоў турмы.


Патрапіць у некага чаравікам, як гэта спрабаваў зрабіць журналіст Заідзі, азначае ў арабскім сьвеце зрабіць чалавеку найвялікшую ганьбу: гэта азначае паставіць яго яшчэ ніжэй, чым падносак. Успомнім, калі ў Багдадзе была зрынутая статуя Садама Хусэйна, натоўп іракцаў закідаў яе чаравікамі.

Цяперашні ірацкі ўрад асудзіў учынак журналіста, аднак на яго бок сталі дэманстранты на вуліцах, а таксама многія калегі. Так, Рада арабскіх журналістаў яго акцыю ўхваліла, а тэлевізійны канал "Аль-Багдадзія", дзе Заідзі працуе, запатрабаваў яго вызваленьня. Тэлебачаньне выступіла з заявай, у якой гаворыцца, што перасьлед Заідзі азначаў бы вяртаньне да часоў дыктатарскага рэжыму. У панядзелак фота Заідзі было выстаўленае на экран у часе трансляцыяў каналу "Аль-Багдадзія". Тое самае зрабіла і сырыйскае дзяржаўнае тэлебачаньне.


Міжнародны друк сёньня паведамляе пра дзясяткі акцыяў падтрымкі, які адбыліся ў ірацкіх гарадах Садр-сіці, Самара, Наджаф, а таксама ў Сырыі, Лібане. Карэспандэнт "Herald Tribune" цытуе доктара з Самары, які кажа, што “хаця ўчынак Заідзі і не адпавядаў цывілізаваным манерам, аднак выказвае пачуцьці іракцаў, якія супраць прысутнасьці амэрыканцаў”. Аднак на курдзкіх тэрыторыях учынак журналіста не віталі так адназначна і горача. Так, інжынэр з гораду Суляйманія кажа, што ўчынак журналіста грае на руку нацыянальнаму экстрэмізму і што падобнага ж эфэкту журналіст мог дасягнуць, ня кідаючы чаравікам, а задаўшы Джорджу Бушу рэзкае непрыемнае пытаньне. Газэта нагадвае, што ў арабскім сьвеце пашана да госьця таксама зьяўляецца тысячагадовай традыцыяй.

Дзе менавіта трыццацігадовы Заідзі цяпер утрымліваецца, не ўдакладняецца. Абвінавачаньне яму пакуль што ня выстаўленае. Паводле некаторых крыніцаў, сьледчыя цікавяцца і тым, ці стаў яго ўчынак спантанным актам або быў некім сплянаваны і аплачаны.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG