Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Эфір 15 сьнежня.


15 сьнежня ў Менску адбыўся марш прадпрымальнікаў. Яны правялі дазволеную дэманстрацыю ад Акадэміі навук да парку Дружбы народаў каля плошчы Бангалор, дзе адбыўся мітынг. Арганізатарамі акцыі сталі сябры аб’яднаньня прадпрымальнікаў “Пэрспэктыва”. Прыйшло каля тысячы чалавек. Яны прынялі рэзалюцыю з патрабаваньнем адмена мытнага ўказу № 285, зьвярнуліся да ўладаў.

Госьць “Начной Свабоды” – удзельнік акцыі Алег Шабетнік, індывідуальны прадпрымальнік з Рэчыцы. Алег займаецца гандлем кандытарскімі вырабамі на Славянскім рынку Рэчыцы.

Валер Каліноўскі: Алег, вы задаволеныя тым, як прайшоў марш?

Алег Шабетнік: Не задаволены. Людзі, якія зьбіраліся ехаць на мітынг, пачулі інфармацыю ад Андрэя Тура, што працягваецца дзеяньне 285 указу яшчэ на год. І людзі падумалі, што нешта будзе і сэнсу браць удзел у маршы няма.

Каліноўскі
: Намесьнік міністра эканомікі Андрэй Тур заявіў, што яго ня так зразумелі, маюцца розныя варыянты разьвіцьця падзеяў, ня толькі адмена указу...

Шабетнік: Людзей ўвялі ў зман, яны чулі па радыё, у бягучым радку па ОНТ... Многія купіліся на гэтае абяцаньне.

Каліноўскі: А ёсьць сэнс праводзіць яшчэ адну акцыю 12 студзеня?

Шабетнік:
Думаю, што так. Калі не будзе падоўжаны ўказ, то людзі будуць вымушаныя выйсьці на вуліцы. Пакуль людзі яшчэ могуць нешта зарабіць... Мы хадзілі ў Рэчыцкі выканкам і прасілі, каб нам патлумачылі нашы правы, што мы будзе рабіць пасьля Новага году. Мы правялі “круглы стол” з чыноўнікамі, прадстаўнікамі мытні, падатковай. У выніку мы пачулі, напрыклад ад мытнага камітэту, што тыя ўмовы, якія яны нам прапаноўваюць, ніводзін прадпрымальнік іх ня можа выканаць. А падатковая прапанавала наступнае: сёньня вы можаце закупіць шмат тавару і яшчэ некалькі месяцаў гандляваць ім у будучым годзе. Людзей гэта абнадзеіла, што яны могуць пратрымацца яшчэ некалькі месяцаў. Калі сытуацыя ня зьменіцца, 12 студзеня будзе нашэсьце прадпрымальнікаў на сталіцу.

Каліноўскі: Чаму арганізатары зьвярнуліся да палітыкаў не выходзіць са сваімі сьцягамі і не палітызаваць вашую акцыю?

Шабетнік: Гэта асобная памылка спадара Шумчанкі, нельга было так рабіць, паколькі эканоміка і палітыка ўзаемазьвязаныя. Так, палітыкі не прыйшлі, не падтрымалі тых прадпрымальнікаў, якая зьяўляюцца сябрамі палітычных партый.

Калі сытуацыя ня зьменіцца, 12 студзеня будзе нашэсьце прадпрымальнікаў на сталіцу
Каліноўскі
: Вось рэакцыя на вашую акацыю аднаго зь наведнікаў нашага сайту: “Вы ніхто без грамадзтва і бяз тых жа палітыкаў. Вы думаеце, што вырашыце праблему, выйшаўшы ў аддаленае месца і пагаварыўшы там. Не сьмяшыце самі сябе!” Пагаджаецеся?

Шабетнік: Так.

Алегу Шабетніку 42 гады, ён жанаты, мае 3 дзяцей, 10 год гандлюе кандытарскімі вырабамі на рынку “Славянскі” гораду Рэчыцы. Мае 4-х прадаўцоў. У 2002-м годзе арганізоўваў прадпрымальніцкі мітынг ў Рэчыцы. Адзін з заяўнікаў мітынгу прадпрымальнікаў 10 студзеня 2007 году, за што атрымаў 5 сутак арышту і 700 тысяч рублёў штрафу. Быў асуджаны да арышту яшчэ некалькі разоў, у тым ліку падчас прэзыдэнцкай кампаніі 2006-га году. Сацыял-дэмакрат, сябра “Грамады”.

Каліноўскі:
Алег, што будзе з вашым уласным бізнэсам пасьля 1- га студзеня. Вас таксама закранае ўказ, які скасоўвае адзіны падатак і ўводзіць для ІП мытнае і іншае афармленьне тавараў, груба кажучы, з Чаркізаўскага рынку?

Шабетнік: Паводле заканадаўства мы ўжо працуем з накладнымі дакумэнтамі. Ня будзе рэчавага рынку, ня будзе і харчовага, тут усё ўзаемазьвязана. Рынак у Рэчыцы, як супэрмаркет у Менску, прыйшоў і купіў усё, што патрэбна. Для нас гэта будзе вялікая праблема. Гэты ўказ істотна закране тых, хто возіць адзеньне. Прадпрымальнік прайграў, прайграе і дзяржава. І цэны растуць. Нікому ад гэтага ня лепей, ані мне, ані дзяржаве, ані спажыўцу.

Каліноўскі: Як можна ацаніць маштабы стратаў ад гэтага ўказу ў цэлым па Беларусі, колькі будзе страчана працоўных месцаў?

прадпрымальнік прайграў, прайграе і дзяржава. І цэны растуць. Нікому ад гэтага ня лепей, ані мне, ані дзяржаве, ані спажыўцу
Шабетнік:
Хоць улады кажуць, што крызысу няма, але ён крочыць па краіне. Гэта адчулі і на заводах, там на працу нікога ня возьмуць. А паводле новага заканадаўства, якое набудзе моц з новага году, многія людзі ня змогуць знайсьці іншую працу. Калі выплацяць усе мытныя плацяжы, то цана тавару павялічыцца ўтрая, і яны ня змогуць яго прадаць.

Каліноўскі: А можа зможаце прызвычаіцца да новых правілаў, як прызвычаіліся да ўказу, які дазваляе прымаць на працу толькі родзічаў?

Шабетнік: Не ўсе прызвычаіліся. Для гандлю ня вялікія страты нанёс указ, паколькі многія зарэгістравалі сваіх наёмных працаўнікоў як прадпрымальнікаў і працуюць ужо зь імі. выпісваюць ім накладныя. Пацярпела найбольш сфэра паслугаў, маленькія вытворчасьці. Хто займаўся рамонтам машынаў, тэлевізараў, лядоўняў, ён жа не нойме жонку, каб яна круціла гайкі ў гаражы...

Каліноўскі: Такім чынам кола магчымасьцяў звужаецца, і людзі будуць працаваць у горшых умовах.

Шабетнік: Ужо не прызвычаяцца, прызвычайвацца ня будзе да чаго, таму што мытнікі дакладна сказалі, што ўсё будзе жорстка адсочвацца, пільна правярацца. Сытуацыя сур'ёзная. мытня будзе ўсё вельмі жорстка кантраляваць.


Каліноўскі:
Некаторыя вашыя калегі, якія гандлююць, напрыклад, бытавой тэхнікай, электронікай, ці будаўнічымі матэрыяламі, фактычна ўжо працуюць паводле тых правілаў, супраць якіх вы выступаеце. Вось што сказаў нашаму радыё адзін з прадпрымальнікаў з Горадні, які гандлюе будматэрыяламі і сантэхнікай (ён не падтрымаў акцыю прадпрымальнікаў): “Калі ў нас былі праблемы па будаўнічым матэрыялам, нас ніхто не падтрымліваў. Чаму я цяпер павінен транты падтрымліваць. Не”. Згодны вы зь ім? Улады ўсё ж падзяляюць вас на асобныя катэгорыі і дыктуюць свае ўмовы...

Шабетнік: Ёсьць такая прымаўка – падзяляй і ўладар. Сёньня падзялілі адных, заўтра іншых. Для прадпрымальнікаў нічога ня робіцца, апроч дрэнных умоваў, у якіх яны павінны працаваць. Каб урад стварыў нейкія закупачныя базы ў Менску, як гэта робіцца ў Маскве, стварыла фірмы, якія будуць гэта рабіць... А так, не ствараючы нічога, выгнаць людзей на вуліцу – гэта няправільна.

Каліноўскі: Гэтае меркаваньне сьведчыць, што ў вашым асяродку няма еднасьці.

Шабетнік:
Я думаю, што так, мы спрабуем дамагчыся аб'яднаньня. Нас заўсёды разьядноўвае то адна, то другая структура, то трэцяя. Калі б ў нас было адзінства, мы многага б дамагліся і жылі б ўжо у іншай краіне.

Даць сёньня працоўныя месцы -- без праблем для прадпрымальнікаў. Толькі дайце закон аб малым бізнэсе, дайце ўмовы, па якіх мы зможам працаваць, і ў нашай краіне шмат чаго зьменіцца
У нас людзей замбіруюць, што гэта дрэнна -- купіў за даляр, а прадаў за два ці за тры. Справа ў тым, што ў свой час прадпрымальнікі дамагліся таго, каб наша эканоміка не павалілася. Напачатку 1990-х ратавалі ад голаду і холаду і вазілі тавары з іншых рэгіёнаў і зрабілі, каб нашая краіна стаяла не на каленях а на нагах. Дамагліся тады. Зараз гэта непатрэбна. Нас выціскаюць усімі сіламі. Трэба не забываць пра тое, што гэта працоўныя месцы і самазанятасьць насельніцтва. Куды падзецца людзям, калі нічога іншага ім не прапануюць.

Каліноўскі: Цяпер эканамічны крызіс, усё больш паведамленьняў пра няпоўны працоўны тыдзень на заводах, пра тое, што людзі страчваюць працу. На вашую думку, пры больш спрыяльным стаўленьні да прадпрымальніцкага руху, гэты сэктар эканомікі мог бы даць працу людзям, якія губляюць магчымасьць зарабляць грошы ў рэальным сэктары эканомікі?

Шабетнік: Калі б нам дазволілі мець наёмных асобаў, то я думаю, што частка людзей, якія ня могуць працаваць на прадпрыемствах, працавалі б з прадпрымальнікамі. Не абавязкова ў гандлі. Індывідуальны прадпрымальнік -- гэта ня толькі гандляр на рынку. Ёсьць вытворчасьць, ёсьць паслугі, ёсьць дробны рамонт аўтамабіляў, цырульні. Даць сёньня працоўныя месцы -- без праблем для прадпрымальнікаў. Толькі дайце закон аб малым бізнэсе, дайце ўмовы, па якіх мы зможам працаваць, і ў нашай краіне шмат чаго зьменіцца.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG