Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сёньня Аляксандар Лукашэнка наведаў Беразіно Менскай вобласьці і зрабіў шэраг заяваў адносна становішча і пэрспэктываў Беларусі ва ўмовах сусьветнага крызісу.

Паводле ягоных словаў, агульная для ўсяго сьвету навала небясьпечная для Беларусі найперш тым, што скарачаецца экспарт беларускай прадукцыі за мяжу. Таму галоўная задача цяпер — прадаць вырабленыя тавары ўсюды, дзе толькі можна, і любым коштам. Лукашэнка таксама запэўніў: нягледзячы на складанасьць становішча, кіраўніцтва краіны “цалкам кіруе сытуацыяй”.

Прыезд Аляксандра Лукашэнкі ў Беразіно быў прымеркаваны да заканчэньня газыфікацыі ўсіх 118 раёнаў Беларусі. Але калі раней падчас аналягічных урачыстых “пускаў газу” кіраўнік Беларусі маляваў “газыфікаваным” жыхарам прыгожыя пэрспэктывы, то сёньня акцэнт рабіўся на іншым — каб дасягнуць рэжыму найбольшай эканоміі. Лукашэнка прызнаўся: перамовы з Масквой кожны год ідуць нялёгка, і ня выключана, што сёлета сытуацыя будзе такой жа:

“Газ і сёньня ня танны, а заўтра ўвогуле невядома, колькі ён будзе паводле цэнаў. Таму трэба ставіць самае сучаснае абсталяваньне, самае. Каб ашчадна выкарыстоўваць гэты прыродны газ у мэтах зьніжэньня энэргаёмістасьці вытворчасьці”.

Між тым беларускі бок лічыць: калі нафта за некалькі месяцаў патаньнела ўтрая, было б абсурдам пагаджацца на ўдвая вышэйшы кошт прыроднага газу. А значыць, таргавацца варта за кожную капейку.

Пасьля газавай цырымоніі Аляксандар Лукашэнка наведаў шэраг аб’ектаў рэгіёну. Ён цікавіўся, як на месцах супрацьстаяць эканамічнаму крызісу. У гутарцы з гараджанамі, Лукашэнка
Лукашэнка: ня толькі наступны, а нават 2010 год будзе няпростым.
адзначыў: ня толькі наступны, а нават 2010 год будзе няпростым для Беларусі. Але разам з тым суцешыў: з крызісу моцныя выйдуць яшчэ мацнейшымі. А “слабыя прадпрыемствы мы падтрымаем”, — запэўніў кіраўнік Беларусі.

Аляксандар Лукашэнка падкрэсьліў, што ў зьвязку з эканамічным крызісам кошты на нафтапрадукты, мэталы, калійныя ўгнаеньні рэзка зьнізіліся. А гэта якраз асноўныя крыніцы, якія стабільна прыносілі прыбытак у беларускі бюджэт. Такая ж сытуацыя ў галіне машынабудаваньня: беларускія вялікагрузныя аўтамабілі, трактары, сельгас- і спэцтэхніка чакаюць лепшых часоў на заводзкіх пляцоўках. Прыток жывых грошай у скарб мінімальны.

Эканаміст, старшыня Асацыяцыі беларускіх банкаў Фэлікс Чарняўскі згодны, што перад Беларусьсю востра паўстала задача пошуку новых рынкаў збыту прадукцыі. “Зацыкленасьць” на Расеі ўжо саслужыла дрэнную службу — расейскі гандлёвы кірунак вось ужо два месяцы як спаралізаваны:

“Павінна ўвогуле быць выпрацаваная канцэпцыя абароны эканомікі ад каналаў пранікненьня сусьветнага фінансавага крызісу ў нашу краіну. Бо натуральна, што мы ня можам застацца ўбаку ад усяго гэтага. Праблема рынкаў сапраўды для нас вельмі важная. Найперш, неабходна знаходзіць новыя рынкі дзеля магчымасьці рэалізацыі прадукцыі. Па-другое, глядзець, каб імпарт быў дастаткова ўзважаны, бо ў нас бягучае сальда плацёжнага балянсу адмоўнае. А каб аплачваць адмоўнае сальда, — пад гэта трэба атрымліваць крэдыты, тым часам як ліквіднасьць на міжнародных рынках зьменшылася. Прычынай — усё той жа крызіс, які прыводзіць да зьмяншэньня крэдытаваньня і зьмяншэньня грашовай масы. То бок грошы ў сьвеце як быццам растварыліся, яны зьніклі папросту”.

У часе паездкі ў Беразіно Аляксандар Лукашэнка запатрабаваў ад свайго ўрадавага атачэньня не дапусьціць масавага скарачэньня працоўных, што ўжо стала рэальнасьцю як для краінаў Эўразьвязу, так і для суседняй Расеі. Ён зазначыў: шчасьце беларусаў, што ня кінуліся ў прыватызацыю, а то “было б, як у Расеі”. Аднак, цьвердзяць аналітыкі, насамрэч штучнае ўтрыманьне людзей на стратных вытворчасьцях азначае адно: і без таго невысокія заробкі будуць дзяліцца на вялікую колькасьць людзей, усё часьцей будуць практыкавацца адпачынкі коштам саміх рабочых, а прадпрыемствы пачнуць задыхацца ад недахопу абаротных сродкаў — прадаць вырабленую прадукцыю ў краіны, ахопленыя крызісам, будзе па-ранейшаму праблематычна.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG