Лінкі ўнівэрсальнага доступу

20 гадоў таму я ўпершыню апынулася на Захадзе. У горадзе, якога цяпер няма – Заходнім Бэрліне. Паводле савецкай тэрміналёгіі, ён нават зваўся ня горадам, а “палітычнай адзінкай” са своеасаблівым статусам....


У якасьці галоўнай улады тут была трохбаковая – амэрыканска-брытанска-французская камэндатура. Абкружаны з усіх бакоў ГДР-аўскім мурам, па якім можна было вывучаць ненарматыўную нямецкую лексыку на адрас камунізму, Заходні Бэрлін нагадваў выспу. У часе палітычных катаклізмаў халоднай вайны яго гэтак жа штарміла, сьведчылі жыхары астатняй часткі Заходняй Нямеччыны...

Прыкладна праз год я зноў наведала Заходні Бэрлін. Гэта здарылася хутка 9 лістапада 1989, калі пала сьцяна. Заходні Бэрлін як горад-выспа практычна перастаў існаваць.

Гэтак у Бэрліне сьвяткавалі 60-ую гадавіну прыняцьця Ўсясьветнай дэклярацыі правоў чалавека 10 сьнежня

І вось паездка праз 20 гадоў. Мая ўдзячнасьць Менскаму адукацыйнаму цэнтру, офісу АБСЭ ў Менску і амбасадзе Нідэрляндаў у Варшаве –арганізатарам праекту “Журналісцкае дасьледаваньне ў краінах Эўразьвязу” і асабіста Эдыт Шпільхаген, бэрлінцы і экспэрту ў галіне мэдыяў.

BBD і новае пакаленьне беларускіх лекараў

...Cёньня я запрошаная на паседжаньне BBD – сумеснага нямецка-беларускага праекту.Расшыфроўваецца гэтая абрэвіятура даволі дзіўна: Berliner Buerger Danken (Грамадзяне Бэрліну дзякуюць). Паседжаньне адбываецца ў адным з офісных будынкаў на былой заходнебэрлінскай тэрыторыі побач са знакамітым бульварам Курфюрстэндам, ці Кудам. Правобразам гэтага бульвару, які доўгі час быў любімым месцам прамэнаду бэрлінцаў, былі парыскія Элізэйскія палі...

На Кудаме можна нечакана ўбачыць каго заўгодна. 20 гадоў таму на гэтым бульвары мне давялося сустрэць тагачаснага бундэсканцлера Гельмута Коля з жонкай і нават крыху паразмаўляць зь імі. Коль аказаўся нечакана даступным. Ён спытаўся, адкуль я, што раблю ў Бэрліне, пажадаў прыемных дзён у Бэрліне і на разьвітаньне моцна паціснуў руку...Гэта было ў лістападзе 1988. За нашай мілай размовай зь лідэрам ФРГ назіраў тагачасны кіраўнік Беларускага радыё. Падумалася, што больш ніколі ня ўбачу замежжа і, зразумела, новых заходнебэрлінскіх сяброў – будучых стваральнікаў дабрачыннай арганізацыі па падтрымцы беларускай аховы здароўя. Выйшла інакш.

Адзін з заснавальнікаў праекту Рольф Шэфэр, кіраўнік папулярнага на той час Inforadio –101 на Кудаме (гэты чалавек нядаўна сышоў ад нас) разам з шэрагам знакамітых прадпрымальнікаў і мэдычных сьвяцілаў Заходняга Бэрліну напісалі ўдзячны ліст савецкаму генсеку Гарбачову і прапанавалі сваю фінансавую дапамогу мэдычным установам Беларусі. Сваю арганізацыю заходнія бэрлінцы напачатку назвалі Berliner Buerger Danken Gоrbatschov (Грамадзяне Бэрліну дзякуюць Гарбачову). Калі ня стала ні Саюзу, ні генэральнага сакратара, назву арганізацыі скарацілі на адно апошняе слова. Расказваюць, што на тагачасным паседжаньні арганізацыі хтосьці прапанаваў замяніць імя Гарбачоў на Шушкевіч. Аднак прапанову чамусьці не падтрымалі.

У рамках Berliner Buerger Danken ў нямецкіх клініках пабывалі дзесяткі беларускіх кардыёлягаў, нэўрапатолягаў, пэдыятраў, хірургаў...Дзякуючы, у тым ліку, і гэтаму праекту, у Беларусі зьявілася новае пакаленьне лекараў, якое валодае ня толькі сучаснымі мэдычнымі тэхналёгіямі, але і замежнымі мовамі, пасьпяхова прадстаўляе Беларусь на навуковых міжнародных кангрэсах. Усе стажыроўкі, уключна з курсамі замежнай мовы, фінансаваліся і фінансуюцца за кошт прыватных ахвяраваньняў немцаў.

“Апошнім часам сродкі на праект шукаць усё складаней, – кажа кіраўнік арганізацыі Утц Фёрдэрройтэр, – аднак дзякуючы праграме падтрымкі Менскага адукацыйнага цэнтру пры судзеяньні Міністэрства эканомікі ФРГ праект удаецца працягваць”.

Нямецкія піўнухі і Бірман


Разам з д-рам Фёрдэрройтэрам і ягонай жонкай Брыгітай ідзем вячэраць у нямецкую Lokale – сумесь рэстарацыі, кавярні, віньніцы і піўнухі. (Дарэчы, у традыцыях немцаў, асабліва выхадцаў з поўдня, піць ня толькі піва, але і віно). Мае сябры называюць гэты шынок “У Розі”, хаця сапраўдная назва ў яго іншая. 20 гадоў таму Розі была і ўладальніцай, і шэф-поварам рэстарацыі.



Як і ў іншых Lokale, у гэтай рэстарацыі за келіхам піва, бакалам віна зьбіралася свая звыклая публіка. Наведнікаў вабіць хатняя нямецкая кухня, параўнальна танныя кошты і вялікія порцыі. Сёньня ў падобных рэстарацыях можна павячэраць дзесьці за 10 эўра. 20 гадоў таму, калі Заходні Бэрлін быў для турыстаў самым танным горадам у Заходняй Эўропе, цэны былі значна ніжэйшыя.




...Мае сябры пілі піва (Bier), а потым хтосьці сказаў “Biermann”... Потым гэта слова паўтарылі іншыя. Я падумала, што размова ідзе пра аматара піва. Насамрэч, у піўнуху зайшоў вядомы ўсходненямецкі дысыдэнт Вольф Бірман. На той момант ён быў пазбаўлены грамадзянства ГДР, жыў у Гамбургу. Даваў канцэрты па ўсёй Нямеччыне. Быў папулярны прыкладна гэтак жа, што ў СССР Высоцкі. Тэксты Бірмана былі настолькі вострыя, што многія немцы гаварылі: “калі ёсьць такія людзі у ГДР, то сама ГДР хутка лясьнецца”. Па сутнасьці так і здарылася. Праз год пала Бэрлінская сьцяна.

калі ёсьць такія людзі у ГДР, то сама ГДР хутка лясьнецца”. Па сутнасьці так і здарылася. Праз год пала Бэрлінская сьцяна
Сёньня 70-гадовы Бірман зьяўляецца ганаровым жыхаром Бэрліну. Гэтае званьне ён атрымаў некалькі гадоў таму “за развал таталітарнай сыстэмы”. У часе сёлетняга лістападаўскага канцэрту ў Бэрліне, які быў прысьвечаны ахвярам Галакосту і сабраў шмат гледачоў, Бірман згадаў сваякоў – гамбурскіх габрэяў. Ён расказаў, што яго сям’я на пачатку 1940-х была дэпартаваная ў менскае гета.У Менску загінуў амаль увесь род, акрамя самога Вольфа і ягонай маці.

Сёньня песьні Бірмана ўжо ня маюць той папулярнасьці, што раней. Не чуваць іх і ў Розі. Дарэчы, у гэтай рэстарацыі цяпер новы гаспадар, іншыя густы ды іншая публіка.

Працяг будзе...

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG