Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Дойная карова для беларускага эканамічнага цуду”


Слухачы “Свабоды” выказваюць свой прагноз, колькі будзе каштаваць для Беларусі тысяча кубамэтраў газу пасьля Новага году. Адгукаюцца на перамовы МВФ і ўраду Беларусі пра стабілізацыйны крэдыт у два мільярды даляраў ЗША.


Кошт адной тысячы кубамэтраў газу для Беларусі ў наступным годзе, магчыма, наблізіцца да 240 даляраў. Афіцыйны Менск спадзяецца, што купляць расейскі газ удасца не даражэй як па 160 даляраў за тысячу кубоў. Пра гэта заявіў намесьнік міністра эканомікі Беларусі Ўладзімер Адашкевіч.

Васіль: “Цана на газ для Беларусі будзе 140—160 даляраў. Пуцін казаў, што яны будуць будаваць саюзную дзяржаву так далёка, як яму гэта дазволяць магчымасьці і сілы. Пуцін словы на вецер ня кідае, і наўрад ці ён будзе павышаць цэны для Беларусі”.

15 сьнежня ў Менску аднавіла працу місія Міжнароднага валютнага фонду. Урад Беларусі вядзе з прадстаўнікамі гэтай міжнароднай арганізацыі перамовы, каб атрымаць 2 мільярды даляраў стабілізацыйнага крэдыту.

Слухачы “Свабоды” адгукаюцца на перамовы з МВФ:

Cпадарыня: “Фінансавую палітыку МВФ вызначаюць не выпускнікі Горацкай сельскагаспадарчай акадэміі. І іх фундатары паклапоцяцца пра тое, каб Захад не ператварыўся ў чарговую дойную карову для беларускага эканамічнага цуду. Усім грамадзянам краіны прыйдзецца заціснуць паясы і заплаціць за сваю хвалёную пакорнасьць, талерантнасьць, якая так падабаецца беларускай уладзе”.

Аляксандар Лапіцкі: “Ганьба Міжнароднаму валютнаму фонду, які намераны выдаць крэдыты рэжыму Лукашэнкі для прадаўжэньня яго ўлады. Ніводнага даляра нельга даваць у падтрымку гэтага рэжыму”.

На пачатку сьнежня вайсковыя пэнсіянэры, а таксама пэнсіянэры-міліцыянты недалічыліся па некалькі соцень тысяч рублёў у пэнсіях, якія атрымалі за апошні месяц. Прадстаўнікі міністэрстваў унутраных спраў і абароны прызналі, што пэнсіі сталі меншымі.

На хвалях “Свабоды” слухачы працягваюць спрачацца, ці варта было зьмяншаць пэнсіі адстаўнікам.

Ільля Копыл: “Паслухаў перадачу “Званкі на Свабоду” — нядзельны выпуск. Прыйшоў да высновы: як мала чалавеку трэба, каб адчуць сябе шчасьлівым. Пазбавілі людзей у пагонах прыбаўкі да пэнсіі — і ўжо ў многіх, у тым ліку ў слухачоў “Свабоды”, вялікая радасьць. Так ім і трэба, гэтым дармаедам у пагонах, раздаюцца званкі. Шаноўныя слухачы “Свабоды”, ад таго, што пазбавілі надбаўкі мяне, маёра Ільлю Копыла, які дваццаць гадоў праслужыў у ракетных войсках стратэгічнага прызначэньня ў забалочанай тайзе Вяцкай губэрні, зь іх дванаццаць гадоў прадзяжурыў у шахце, адабраную ў мяне надбаўку вам не аддадуць. Яна пойдзе на іншыя мэты. Дарэчы, чаму вы ўсе зацыкліліся на ваенных? Нават сярэднія чыноўнікі райвыканкамаў маюць значна большую пэнсію, чым пэнсіянэры Міністэрства абароны. Шаноўныя, змагайцеся за сваю пэнсію, а ня супраць пэнсіі суседа. Яднайцеся!”

Днямі журналіст тэлеканалу “Аль-Багдадзія” Мунтазэр аль-Зайдзі на прэсавай канфэрэнцыі кінуў чаравікам у Джорджа Буша. Прэзыдэнт ЗША пасьпеў адхінуцца. Журналіста затрымалі. Цяпер яму пагражае да двух гадоў пазбаўленьня волі і штраф.

Cпадар: “Пры Садаму іракцы сядзелі, як мышы пад венікам. І на вуліцу баяліся выйсьці, ня ўціснуўшы галаву ў плечы. А зараз ходзяць натоўпамі і кідаюцца зброяй пралетарыяту — чаравікамі. Гэта няўдзячнасьць. Я ўпэўнены, што большасьць міліцыянтаў і чыноўнікаў у Іраку — іракцы. Калі народ не задаволены, няхай разьбіраецца са сваімі чыноўнікамі пры дапамозе дадзеных амэрыканцамі дэмакратычных мэханізмаў, якія іракцам, відаць па ўсім, спадабаліся”.

Шаноўныя слухачы!
Нагадаем: тэлефон “Свабоды” ў Менску — 266-39-52, працуе 24 гадзіны на суткі.
Нумар мабільнай сувязі для СМС-паведамленьняў: 375.293.912.224.
Тэлефануйце і пішыце! Дзяліцеся навінамі, выказвайце сваё стаўленьне да падзеяў у Беларусі і ў сьвеце.
Мы таксама чакаем водгукаў на працу Радыё Свабода.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG