Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ул.Арлоў: Прарыў на фронце перакладной літаратуры


Уладзімер Арлоў

Уладзімер Арлоў

Сёньня – пра лепшыя, на погляд спадара Арлова, кнігі перакладной літаратуры. А напрыканцы тыдня прагучыць перадача на тэму замовы нашага грамадзкага рэдактара – “Цуд на каляды”.


Грамадзкі рэдактар гэтага тыдня – вядомы беларускі пісьменьнік, гісторык Уладзімер Арлоў. Ён яшчэ праходзіць рэабілітацыю пасьля складанай апэрацыі на сэрцы, аднак пагадзіўся цягам тыдня падсумаваць у ранішніх этэрах выніку году ў літаратуры, мастацтве.

– Адметнасьцю прамінулага году стаў сапраўдны прарыў на фронце перакладной літаратуры. Прычым гаворка ідзе як пра пераклады зь беларускай мовы, так і на яе.

У Польшчы завяршыўся выпуск трохтомнай анталёгіі беларускай паэзіі. У гэтым велізарная заслуга належыць аднаму з выбітных сучасных перакладчыкаў гэтай краіны Адаму Паморскаму.

Польскамоўны чытач атрымаў таксама новыя тамы ў сэрыі “Бібліятэка беларуска”, якая выходзіць ва Ўроцлаве. Гэта кнігі Валянціна Акудовіча, Альгерда Бахарэвіча і Ігара Бабкова.

У Швэцыі ў перакладзе Зьмітра Плакса выйшаў зборнік прозы Барыса Пятровіча. Дадам, што ўвага да гэтага пісьменьніка цалкам заканамерная: выдадзены сёлета па-беларуску важкі том ягоных твораў, на маю думку, прэтэндуе на тое, каб стаць у нас кнігай года.

У ЗША выдадзеныя вершы Вальжыны Морт.

А ў Менску нядаўна адбылася прэзэнтацыя анталёгіі сучаснай беларускай паэзіі на літоўскай мове “Сьвятло ў вокнах.

Гэты сьпіс перакладаў зь беларускай далёка ня поўны.

Ну а цяпер – колькі словаў пра пераклады на беларускую.

Амаль тысячу старонак налічвае ўкладзеная Міхасём Скоблам анталёгія паэзіі сьвету “Галасы з-за небакраю”. Па-беларуску ў ёй загучалі творы 658 аўтараў, якія пісалі ці працягваюць пісаць на 57 мовах.

У выдавецтве Логвінава выйшаў двухтомнік выдатнага польскага пісьменьніка дваццатага стагодзьдзя Зьбігнева Гэрбэрта.
Над гэтымі кнігамі працаваў шэраг перакладчыкаў, але асабліва я б хацеў адзначыць працу Марыны Казлоўскай, Марыны Шоды, Марыі Мартысевіч і Андрэя Хадановіча.

Дзякуючы намаганьням нашага вядомага багеміста Сяргея Сматрычэнкі сэрыя “Чэская калекцыя” ў 2008 папоўнілася па-свойму ўнікальнай кнігаю “Анёл”, пад вокладкай якой сабраныя творы трох прадстаўнікоў выбітнага пісьменьніцкага роду Топалаў – Ёзэфа, Філіпа ды Яхіма.

А ў сэрыі “Бібліятэка Бацькаўшчыны”, якую, набіраючы абароты, выдае Згуртаваньне беларусаў сьвету, зьявіўся пераклад на беларускую адзінага ангельскамоўнага раману пісьменьніка-эмігранта Кастуся Акулы “Заўтра ёсьць учора”.

Не засталіся пакрыўджанымі і беларускамоўныя дзеткі. Найперш тут згадваюцца “Піпі Доўгаяпанчоха” Астрыд Ліндгрэн (пераклаў Зьміцер Плакс) і кніжка пра вядомага ўсім нам ў расейскім варыянце Віні-Пуха. У нашай кніжцы (пераклад Віталя Воранава) галоўнага героя завуць па-свойску – Віня-Пых.

Цяпер жа я зь велізарнай асалодай чытаю кніжку “Чалавек, які скраў Сьцяну плачу”. Яна складзеная зь пятнаццаці ізраільскіх апавяданьняў, надзвычай удала пераствораных па-беларуску Паўлам Касьцюкевічам.




XS
SM
MD
LG