Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Уладзімер Арлоў: “Перада мною на стале цэлая бібліятэка…”


Уладзімер Арлоў

Уладзімер Арлоў

Грамадзкі рэдактар гэтага тыдня — вядомы беларускі пісьменьнік, гісторык Уладзімер Арлоў. Ён яшчэ праходзіць рэабілітацыю пасьля складанай апэрацыі на сэрцы, аднак пагадзіўся цягам тыдня падсумаваць у ранішніх этэрах выніку году ў літаратуры, палітыцы, эканоміцы. Сёньня — пра лепшыя, на погляд спадара Арлова, кнігі, выдадзеныя сёлета незалежнымі выдаўцамі Беларусі. А напрыканцы тыдня прагучыць перадача на тэму замовы нашага грамадзкага рэдактара — “Цуд на каляды”.

Найперш хачу прывітаць слухачоў і наведвальнікаў сайту Радыё Свабода і шчыра, сардэчна падзякаваць усім, хто падтрымаў мяне пасьля апэрацыі на сэрцы. Паверце, гэта было ня менш важна за лекаваньне, бо сытуацыя складвалася так, што мы з вамі маглі ўжо больш ніколі не сустрэцца на гэтым сьвеце…

Яшчэ раз дзякую мэдыкам. Ірыне Уэльскай, якая паставіла дыягназ, давезла мяне на “хуткай” літаральна да апэрацыйнай і прыстунічала на апэрацыі. Хірургу-кардыёлягу Алегу Паланэцкаму, які непасрэдна працаваў з маім сэрцам. Кардыёлягу Тацяне Белавус, пад крылом якой я знаходзіўся пасьля апэрацыі.

А цяпер — пра літаратуру, набыткі й тэндэнцыі ужо амаль прамінулага году.

Калі глядзіш так званыя нацыянальныя тэлеканалы, можа скласьціся ўражаньне, што ў нашай літаратуры амаль нічога не адбываецца. Бо на тэлебачаньні ўжо даўно ліквідаваныя рэдакцыі літаратурна-драматычнагна вяшчаньня. І ў гэтым сэнсе, апрача чытачоў, найбольш церпяць многія пісьменьнікі, якія ўваходзяць ў непраўладны Саюз, бо праца ня проста не рэклямуецца, а практычна наўмысна замоўчваецца ва ўсіх афіцыйных СМІ.

Аднак штогод пад іхнымі пёрамі нараджаюцца творы, вартыя ўвагі ня толькі беларускага чытача. Як асобныя кнігі, так і цэлыя сэрыі. Мне здаецца, цяпер мы можам гаварыць пра сапраўдны незалежны выдавецкі бум. І прыйдзе час, калі колькасныя паказчыкі дадуць новую якасьць у стаўленьні грамадзства да нацыянальных каштоўнасьцяў.

Два апошнія месяцы я па тэхнічных, так бы мовіць, прычынах быў выключаны з актыўнага літаратурнага жыцьця, таму даруйце, калі не згадаю чагосьці істотнага.

Проста перада мной на пісьмовым стале ляжаць зараз кнігі, блізкія мне па духу, стылю, свьетаўспрыманьню. Вось цэлы стосік сэрыі “Кнігарня Нашай Нівы”. Тут “Шлях дробнай сволачы” Евы Вежнавец і “Цмокі лятуць на нераст” Марыі Мартысевіч, “Дзень бубна” Франца Сіўко і “Малая падарожная кніжка” па Горадзе Сонца” Артура Клінава.

Літаральна толькі што зьявілася кніга Паўла Севярынца “Люблю Беларусь”. Пасьля “Зямлі пад белымі крыламі” Ўладзімера Караткевіча я ня ведаю іншай кнігі пра нашую Бацькаўшчыну, якая была б напісаная з такой любоўю, пранікнёнасьцю і верай.

Яшчэ адзін сьвежасьпечаны і вельмі смачны “блін” “нашаніўскае кухні” — дэбютны зборнік прозы Паўла Касьцюкевіча “Душпастырскія спатканьні для дачнікаў”.

У той самай сэрыі не магу не згадаць дзьве цудоўныя паэтычныя кнігі. Гэта “Дзевяностыя forever” Сяргея Прылуцкага і “Бэрлібры” Андрэя Хадановіча. Апошняя дарагая мне яшчэ і таму, што меў дачыненьне да нараджэньня яе назвы.

Працягваў сваю выдавецкую дзейнасьць і часопіс “Дзеяслоў”, у бібліятэчцы якога я б адзначыў выдадзеныя сёлета паэтычныя кнігі Галіны Дубянецкай “Анадыямэна” і Тацяны Сапач “Няхай не пакіне нас, Восень”.

Выдавецтва Ігара Логвінава выдала кнігу лірыкі Валянціны Аксак, а “Про Хрысто” — вершы Ірыны Жарнасек “Шукаю Цябе”.

А напрыканцы размовы пра беларускія сэрыйныя выданьні хачу нагадаць, што ў “Бібліятэцы Свабоды” ў 2008-м пабачылі сьвет кнігі Івонкі Сурвілы “Дарога” і Пётры Садоўскага “Мой шыбалет”. Назоў мэмуараў спадара Садоўскага крыху эпатажны і, магчыма, нават зьлёгку скандальны, але яны, бясспрэчна, упрыгожылі унікальны выдавецкі праект Свабоды.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG