Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

“Інакш майму бізнэсу прыйдзе канец”


Яўген прыйшоў на акцыю прадпрымальнікаў, але выглядаў вельмі заклапочана і спачатку трымаўся воддаль. Прычыну патлумачыў проста: страціў свой бізнэс. З-за чаго?

“На жаль, эканамічныя ўмовы не дазволілі працаваць гэтак, каб працягваць імпарт тавараў з Расеі на законных падставах. Фармальна я яшчэ прадпрымальнік, але калі нічога радыкальна ня зьменіцца, то праз два тыдні — усё”.

Магчымасьцяў хутка пераарыентавацца на Эўропу для беларускіх прадпрымальнікаў, якія працуюць на рынках, Яўген пакуль ня бачыць. На думку Яўгена, каб пазьбегнуць беспрацоўя сярод прадпрымальнікаў, ураду трэба тэрмінова вярнуць ранейшыя ўмовы закупу тавараў у Расеі. Калі калёна рушыла, Яўген узяў сьцяжок з надпісам “Пэрспэктыва” і далучыўся да акцыі.

Падыходжу да жанчын з такімі самымі сьцяжкамі. “Дзеля чаго вы выйшлі на акцыю?”

Прадпрымальніца Ганна: “Мы за тое, каб у нас была праца, была ўпэўненасьць у будучыні і ў нашых правах як прадпрымальнікаў”.

Карэспандэнт: “Год таму вы ўдзельнічалі ў падобнай акцыі? Які быў вынік і на што цяпер спадзеяцеся?”

“Так, удзельнічала. Год нам далі адтэрміноўку, а зараз зноў тыя ж праблемы. Таму мы працягваем барацьбу”.

Прадпрымальніца Ала Сакалова: “Стабільнасьці хочам. Каб ня мучылі кожны год новымі зьменамі ў законах. Каб хаця б пакінулі нам магчымасьць увозіць тавары па НДС — мы ж усё сумленна аплачваем. Пакуль працую на рынку ў Ждановічах, але паводле новых правілаў працаваць не змагу. Дробныя прадпрымальнікі не выжывуць”.

Як менчукі ставіліся да акцыі прадпрымальнікаў?

Каля Акадэміі навук некаторым мінакам даводзілася зь цяжкасьцямі прабірацца праз натоўп, які бліжэй да пачатку акцыі ўсё гусьцеў. Аднак ад мінакоў я не пачуў ніводнага нараканьня.

Маладая спадарыня: “Так, я іх падтрымліваю. У мяне ёсьць знаёмыя, якія займаюцца індывідуальным прадпрымальніцтвам, і ім зараз вельмі цяжка. Таму я за іх”.

Студэнткі БДУ: “Я супроць зносу кіёскаў, супроць навацый, якія зараз ідуць. Я супроць гэтага і супроць крызісу”.

“Мяркую, гэтак не павінна быць, што прадпрымальнікам дазволілі наймаць у працаўнікі толькі сваякоў. Таму яны слушна робяць, што пратэстуюць”.

Пэнсіянэр: “Слушна, слушна робяць, што бароняць свае правы. Малайцы”.

Спадарыня: “Ведаеце, я мала купляю тавары на рынку. Іх тавар зараз прапаў, а ім трэба карміць свае сем’і. Мне іх шкада, і іх акцыю я падтрымліваю”.
XS
SM
MD
LG