Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Экстрэмізму ў “Свабодзе” не знайшлі


Газэта "Свабода"
Газэта "Свабода"

Распачатыя ў Горадні справы аб прызнаньні экстрэмісцкімі інфармацыйных матэрыялаў, знойдзеных у апазыцыйных актывістаў, пакінутыя пакуль што без разгляду.


Такім жа рашэньнем скончыўся ў Івейскім раённым судзе паўторны разбор заявы з абласной управы КДБ адносна арыштаванага нумару газэты “Свабода” з публікацыямі пра вайну ў Паўднёвай Асэтыі.

Менскі адвакат Павал Сапелка прадстаўляў у Івейскім раённым судзе інтарэсы менчука Дзяніса Мазура, у якога сканфіскавалі пяць тысяч асобнікаў “Свабоды”. Ён вёз газэту са сталіцы ў Горадню. Спачатку суд у Іўі прызнаў некаторыя публікацыі “Свабоды” экстрэмісцкімі. Калегія абласнога суду ў Горадні гэтае рашэньне адмяніла, накіраваўшы справу на новы разгляд назад у Іўе. Якім канкрэтна было цяперашняе рашэньне? Адвакат Павал Сапелка кажа:

Павал Сапелка
“Заяву пакінулі без разгляду таму, што яна была падпісана асобай, якая ня мела дакладных паўнамоцтваў, каб яе падпісаць. Заява была пададзена ад імя начальніка ўпраўленьня КДБ, а падпісана намесьнікам. Вось гэта й была падстава для таго, каб пакінуць заяву без разгляду”.

Заява адносна публікацый у газэце “Свабода” паступіла ў Івейскі раённы суд з Гарадзенскай абласной управы КДБ.

Ці можна лічыць апошняе рашэньне івейскага суду наконт газэты “Свабода” канчатковым?

Сапелка: “Па-першае, гэта цалкам законнае рашэньне, суд ня мог прыняць іншага. Па-другое, яно пакідае дваістае ўражаньне, бо яно не паставіла кропку ў спрэчцы. Фармальна, вядома, на сёньняшні дзень у гэтым выпуску газэты “Свабода” не зьмяшчаецца ніякіх экстрэмісцкіх матэрыялаў. Гэта ўжо плюс. Але, уласна кажучы, пасьля ліквідацыі недахопаў заявы яна можа быць пададзена зноў — гэта мінус”.

Як вядома, у Кастрычніцкі раённы суд Горадні раней паступілі заявы з абласнога КДБ адносна дзевяці асобаў, жыхароў розных гарадоў. У адных былі сканфіскаваныя газэты, у іншых кнігі, кампакт-дыскі. Гэтыя матэрыялы прапаноўвалася прызнаць экстрэмісцкімі. Аднак пакуль што заявы былі пакінутыя без разгляду. Дарэчы, сярод гэтых дзевяці асобаў — гарадзенец Уладзімір Ларын, у якога на мяжы забралі кніжку “Выпадковы прэзыдэнт”. Спадар Ларын нядаўна папрасіў палітычнага прытулку ў Галяндыі.

Андрэй Бастунец
Пракамэнтаваць сытуацыю з разглядам спраў аб прызнаньні інфармацыйных матэрыялаў экстрэмісцкімі я папрасіў юрыста, намесьніка старшыні БАЖу Андрэя Бастунца:

“На мой погляд, і ў выпадку са “Свабодай”, і ў выпадках з астатнімі інфармацыйнымі матэрыяламі, якія разглядаліся ў Горадні, сытуацыя застаецца ўсё ж такі “падвешанай”. З працэсуальнага пункту гледжаньня, на мой погляд, суды паступілі цяпер дакладна. Бо на самой справе былі шматлікія працэсуальныя пытаньні і парушэньні з боку органаў КДБ, якія зьвярталіся ў суды пры афармленьні гэтых заяваў аб прызнаньні матэрыялаў экстрэмісцкімі. Але магчымасьці зьвярнуцца ізноў з падобнымі заявамі застаецца як у выпадку са “Свабодай”, так і ў выпадках з астатнімі інфармацыйнымі матэрыяламі”.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG