Лінкі ўнівэрсальнага доступу

"Катынь” прывезьлі ў Менск


Сёньня ў Менску, у кінатэатры “Цэнтральны” амбасада Польшчы ў Беларусі і Польскі інстытут прадстаўляюць фільм Анджэя Вайды “Катынь”. Гэты фільм “Катынь” называюць адным з найбольш біяграфічных фільмаў польскага рэжысэра. Бацька Анджэя Вайды быў сярод расстраляных у Катыні.


На вялікім экране ў Беларусі гэты фільм дэманструецца ўпершыню. Дасьледчык катынскай трагедыі, гісторык Ігар Кузьняцоў кажа:

“Адназначна можна сьцьвярджаць, што 90% інфармацыі адпавядае рэчаіснасьці і працэнтаў 10, магчыма, нейкіх мастацкіх элемэнтаў. Анджэй Вайда ствараў гэты фільм, па-першае, у памяць пра свайго бацьку, пра ўсіх, хто загінуў у Катыні. Ён грунтуецца на дзёньніках польскага афіцэра. Дзьве паралельныя лініі праводзяцца — нямецкая і савецкая акупацыя. Сама фабула надзвычай цікавая, разьвязка сюжэту ў канцы. Я перакананы, што гэты фільм павінен кожны паглядзець”.

На загад Палітбюро, падпісаны 5 сакавіка 1940 году, супрацоўнікі НКВД расстралялі ў Катыні 22 тысячы палонных вайскоўцаў. Доўгія гады савецкая прапаганда пераконвала, што катынскае злачынства ўчынілі гітлераўцы. Толькі ў 1990 годзе Масква прызнала катынскія забойствы.

Кінакрытык Андрэй Расінскі раіць паглядзець гэты фільм усім беларусам:

“Гэта выдатная стужка Анджэя Вайды, элегія па загінулых у Катыні, фільм — помнік, фільм — плач, фільм — гісторыя пра чалавечую годнасьць, фільм пра чалавечую памяць. Безумоўна, фільм трэба глядзець. Зробленая на найвышэйшым мастацкім узроўні, гэтая карціна — пра нашу агульную гісторыю”.

У Катыні загінулі ня толькі палякі, але й тысячы беларусаў, якія служылі ў польскім войску, перакананыя гісторыкі. Кандыдат гістарычных навук Ігар Кузьняцоў кажа:

“Сярод расстраляных у Катыні, паводле маіх падлікаў, да 50% — гэта этнічныя беларусы, ураджэнцы Заходняй Беларусі. Менавіта ў Катыні была расстраляная асноўная маса тых, хто быў дэпартаваны на тэрыторыю Беларусі. Таму мы можам сьцьвярджаць, што гэта ня проста польскі фільм пра палякаў. Гэта фільм і пра беларусаў, і пра палякаў, якія загінулі ў выніку апэрацыі НКВД у красавіку-траўні 1940 году”.

У верасьні 2007 году прэзыдэнт Польшчы Лех Качыньскі адмыслова прыяжджаў у Катынь, каб наведаць мэмарыял і ўшанаваць памяць ахвяраў. Кіраўнікі Беларусі дагэтуль не наведвалі мэмарыяльны комплекс у Катыні, які месьціцца зусім блізка ад беларускай мяжы.

Выдатны полькі рэжысэр Анджэй Вайда — ляўрэат прэміі “Оскар”, найвышэйшых узнагародаў Канскага, Бэрлінскага, Гдыньскага кінафэстываляў. У фільме “Катынь” здымаюцца зоркі польскага кіно, а таксама расейскі актор Сяргей Гармаш, які выканаў ролю афіцэра НКВД. Фільм вылучаны на прэмію “Оскар”. Стужка атрымала ўжо “Алмазны квіток” (узнагарода таварыства “Польскае кіно”), “Арла” (узнагарода за найлепшы польскі фільм), прыз глядацкіх сымпатыяў на Міжнародным кінафэстывалі ў Вашынгтоне, “Бурштынавых ільвоў” (за найлепшую рэжысуру).
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG